КАМІ́СІЯ ПА ПРАЦО́ЎНЫХ СПРЭ́ЧКАХ,

у бел. працоўным праве абавязковы пярвічны орган па разглядзе прац. спрэчак. Ствараецца на прадпрыемствах і ва ўстановах з роўнай колькасці прадстаўнікоў прафсаюза і наймальніка тэрмінам на 1 год. Разглядае спрэчкі работнікаў, звязаныя з выкарыстаннем заканадаўства аб працы, калектыўных дагавораў, пагадненняў і інш. лакальных нарматыўных актаў, прац. дагавораў, у т. л. аб устаноўленых расцэнках, нормах працы і ўмовах іх выканання; пераводзе на інш. работу і перамяшчэнні; аплаце працы; праве на атрыманне і памеры прэмій і ўзнагароджанняў, што належаць работніку ў адпаведнасці з існуючай у наймальніка сістэмай аплаты працы; выплаце кампенсацый і прадастаўленні гарантый; вяртанні грашовых сум, утрыманых з зарплаты работніка; прадастаўленні водпускаў; выдачы спецадзення, сродкаў індывід. засцярогі, лячэбна-прафілакт. харчавання. Камісія прымае рашэнне па згодзе паміж прадстаўнікамі наймальніка і прафсаюза. Парадак разгляду спрэчак камісіяй і рэалізацыя яе рашэнняў рэгламентуюцца заканадаўствам.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЛЕ́ВІЧ (Міхаіл Вікенцьевіч) (н. 29.9.1932, пас. Глінішчы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Сярод жывапісных твораў: «Вечар» (1968), «Спі маленькі» (1971), «Беларусачка», «У памяці жывых» (абодва 1975), «Вясковая вуліца», «Які прыгожы гэты свет» (абодва 1977), «Антось і Ганна», «Фізік-тэарэтык» (абодва 1978), «У святочны вечар» (1979), «Восень» (1980), «Веснавая краса», «Збіраюць яблыкі» (абодва 1981), «Беларуская калыханка» (1982), «Дзяўчына і ружы», «Мір», «Журавіны» (усе 1983), «Свята», «Спрадвечнае», «Успаміны», «Светлы сум» (усе 1985), «Гонар беларускай навукі», трыпціх «Красуйся і ў шчасці жыві» (1987), «Маладая сям’я» (1988), «Сімфонія вясны» (1989), «Пра час і пра сябе», «Элегія» (абодва 1992), «Філасофія прыроды» (1999), «У садзе» (2000). Выканаў шэраг графічных партрэтаў. Творы адметныя самабытнасцю маст. мовы, маляўнічай дэкаратыўнасцю, чысцінёй колераў, выразнай контурнай лініяй.

М.Рагалевіч. Фізік-тэарэтык. 1978.

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),

удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус. паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.​Р.​Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.​Сакальскім, стаў папулярнай песняй.

Тв.:

Поэт-революционер И.​И.​Гольц-Миллер /Сост. Б.​Козьмин, Г.​Лелевич. М., 1930.

Літ.:

Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;

Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў, І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАВЕ́Ц-БА́РТЛАВА (Валянціна Пятроўна) (н. 24.8.1951, в. Янкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1978—86 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. З 1988 выкладае ў Бел. АМ (з 1991 заг. кафедры). Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца выкарыстаннем традыцый бел. нар. ткацтва і арнаментыкі, імкненнем перадаць праз разнастайнасць фактуры і каларыту, эксперыменты з матэрыяламі прыгажосць роднай зямлі, сувязь мінуўшчыны з сучаснасцю: «Жнівень» (1977), «Адчуванне» (1978), «Гаспадар пушчы» (1980), «Імгненне паэта» (1981), «Песні Купалля» (1982), «Раўбічы» і «Асеннія рытмы» (абодва 1983), «Канаплянкі» (1984), «Адраджэнне» (1987), дыпціх «Набат» і прасторавая кампазіцыя «Успаміны» (абодва 1988), «Поле экалогіі» (1989), «Парасткі» (1990), «Ралля» (1993), «Белыя кветкі ў чырвонай вазе» і «Сум» (абодва 1995), «Крумкачы» (1996) і інш. Аўтар манум. габелена «Белавежская пушча» (1990) для рэабілітацыйнага цэнтра Мін-ва аховы здароўя Беларусі, серыі «Вытокі» (1998—99, з Л.​Бартлавым) для адм. корпуса БДУ, сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Песняры», «Харошкі» і інш.

С.​У.​Пешын.

В.Маркавец-Бартлава. Поле экалогіі. 1989.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЛЕ́Р ((Baudelaire) Шарль) (17.4.1821, Парыж — 31.8.1867),

французскі паэт. Папярэднік франц. сімвалізму. Друкаваўся з 1840 (вершы, брашуры «Салон 1845 года», «Салон 1846 года»). Удзельнік Рэвалюцыі 1848, выдаваў дэмакр.-рэсп. газету «Le salut public» («Грамадскі ратунак»). Расчараваўшыся ў выніках рэвалюцыі, адышоў ад палітыкі, асудзіў «бунт» як грэх. Выпрацаваў новую канцэпцыю асобы, прычыны пакутаў «чалавечай душы» бачыў не толькі ў навакольным свеце, але і ў самім чалавеку. У кн. «Кветкі зла» (1857, дап. выд. 1861, 1869) трагічная карціна свету, ахопленага шаленствам разбурэння, анархія бунтарства, сум па гармоніі, пошукі ідэалу спалучаюцца з прызнаннем непераможнасці зла, эстэтызацыяй заганаў вял. горада. Аўтар зб. артыкулаў пра франц. мастацтва і л-ру «Рамантычнае мастацтва» (1868), трактата пра наркотыкі «Штучны рай» (1860), «Маленькіх паэм прозай» («Парыжскі сплін», 1869), артыкулаў пра творчасць Э.​По і перакладаў яго твораў. На бел. мову вершы Бадлера перакладалі Ю.​Гаўрук, У.​Жылка, З.​Колас, С.​Ліхадзіеўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Маленькія паэмы прозай // Далягляды. Мн., 1983;

Рус. пер. — Цветы Зла. Ростов н/Д, 1991.

Літ.:

Нольман М. Шарль Бодлер: Судьба. Эстетика. Стиль. М., 1979.

Ш.Бадлер.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫ (сапр. Ажгірэй) Анатоль Іўсцінавіч

(2.12.1902, ст. Пухавічы Мінскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Вучыўся ў БДУ. Літ. дзейнасць пачаў у 1921. У зб-ках вершаў «Камсамольская нота» (1924, з А.​Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1925), «Табе» (1927) услаўляў рэв. здзяйсненні. У паэт. стылістыцы Вольнага абстрактна-сімвалічная фразеалогія, штучныя неалагізмы. У некаторых ранніх вершах сум, летуценнасць. Прыгодніцкая аповесць «Два» (1924—25) прысвечана барацьбе супраць польск. акупантаў, аповесць «Антон Савіцкі» (1927) — грамадз. вайне. Штучнасць у падачы асобных фактаў і падзей, неглыбокае раскрыццё псіхалогіі герояў зніжалі маст. вартасці твораў. Аўтар паэмы «Кастусь Каліноўскі» (1925), незакончаных паэм «Сінія кветкі», «Лэя» (абедзве 1926). Адзін з аўтараў рамана «Ваўчаняты» (1925, з Александровічам і А.​Дударом). Пісаў гумарэскі і фельетоны (зб. «Суседзі», 1932, пад псеўд. Алёша), драматызаваныя агітжарты, п’есы (камедыя «Ратуй, божа!», 1932, з. Р.​Кобецам), сцэнарыі фільмаў («Атэль «Савой», «У агні народжаныя», 1930; «Сонечны паход», 1931, «Новая радзіма», 1935, і інш.). У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НС атмасферы і падысподняй паверхні,

рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджвання глебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА (Язэп) (сапр. Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел. дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.​Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.​Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.​Сасюры, Е.​Стулпана і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Глебка П. Паэзія барацьбы і перамогі. Мн., 1973;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Хведаровіч М. Незабыўнае. Мн., 1976;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985.

Л.​М.​Гарэлік.

Я.Пушча.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,

жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)