БАКТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ КУЛЬТУ́РА,
сукупнасць бактэрый, якія размнажаюцца ў вадкім ці шчыльным пажыўным асяроддзі, гл. Культура мікраарганізмаў.
т. 2, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,
сукупнасць вымярэнняў па вызначэнні доз выпрамянення. Праводзяцца з выкарыстаннем дазіметрычных прылад. Гл. Дазіметрыя.
т. 13, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАБІЁНТЫ [ад аэра... + біёнт(ы)],
сукупнасць арганізмаў, якія ўвесь час жывуць і размнажаюцца на паверхні сушы ва ўмовах атм. асяроддзя.
т. 2, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць мерыдыянаў і паралелей на тэарэтычна разлічанай паверхні зямнога эліпсоіда, шара ці на глобусе.
т. 5, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗО́ЛІСТАЕ ЦЕ́ЛА сукупнасць нервовых валокнаў, участак белага рэчыва галаўнога мозга плацэнтарных млекакормячых і чалавека. Размешчана ў глыбіні падоўжнай шчыліны паміж паўшар’ямі галаўнога мозга. Даўж. 7—9 см. Уяўляе сабой сукупнасць папярочна размешчаных камісуральных нерв. валокнаў (колькасцю 200—350 млн.), якія злучаюць сіметрычныя, рознаіменныя звіліны ці зоны новай кары абодвух паўшар’яў. Ажыццяўляе абмен нерв. імпульсацыяй паміж паўшар’ямі, што забяспечвае іх каардынаваную дзейнасць; з’яўляецца важнай сістэмай перапрацоўкі інфармацыі пры абучэнні.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦЭНО́З (ад бія... + цэноз),
прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч. біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.
Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл. Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.
І.К.Лапацін.
т. 3, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСФЕ́РА (ад аэра... + сфера),
сукупнасць наземнай атмасферы, глебавага і падглебавага паветра (падземнай трапасферы); адна з абалонак Зямлі.
т. 2, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ ў біялогіі,
сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўяўляюць сабой вызначанае экалагічнае адзінства (напр., фітапланктон якога-н. возера, глебавыя жывёлы ўчастка лесу). Часам вызначаецца як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма, і трактуецца як сінонім тэрміна біяцэноз. Вылучаюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). З. — сістэма вызначанага ўзроўню арганізацыі жывой матэрыі. Элементы З. — папуляцыі розных відаў, а само З. з’яўляецца элементам экасістэмы (біягеацэнозу).
т. 7, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць мытна-прававыя адносіны. Асн. крыніцы М.п. Рэспублікі Беларусь — Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб мытным тарыфе» 1993 з наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі, а таксама нормы цывільнага і адм. заканадаўства. Як навука М.п. ўяўляе сабой сукупнасць ведаў пра мытна-прававыя адносіны, разнастайнасці мытных рэжымаў, мытна-прававую адказнасць і г.д. М.п. таксама разглядаюць як вучэбную дысцыпліну — спец. курс, што выкладаецца студэнтам юрыд. і некаторых эканам. ВНУ.
т. 11, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́Я (ад антрапа... + грэч. gē Зямля),
сукупнасць экасістэм, якія ствараюцца ў выніку творчай або разбуральнай дзейнасці чалавека. Гл. таксама Наасфера.
т. 1, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)