БУЛЬБЯ́НІКІ,
1) бліны з бульбы, тое, што дранікі.
2) Традыцыйная бел. страва з тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак. Іх запякаюць са смятанай ці тоўчаным ільняным семем у лёгкім духу печы. Бульбянікі пашыраны па ўсёй Беларусі.
т. 3, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУЗЯ́НКА,
бел. традыцыйная страва. Наз. таксама гарбузовай кашай. Ачышчаны гарбуз крышаць, дабаўляюць крупы (часцей прасяныя) і вараць. Згатаваную гарбузянку таўкуць, часам ставяць у лёгкі дух, заліваюць параным малаком, дадаюць соль, цукар, масла. Пашырана на ўсёй Беларусі.
т. 5, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЦІ́РКА,
у беларусаў рэдкая страва з мукі. Жытнюю, пшанічную або грэцкую муку крута замешваюць або пераціраюць з яйцом (часам з крухмалам) і вараць на вадзе або малацэ. З., прыгатаваную на вадзе, заскварваюць, запраўляюць алеем, забельваюць малаком.
т. 7, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫКІ,
бел. памінальная страва. Пяклі з прэснага мучнога цеста ў форме галушкі (звычайна тры). Кожны, хто прысутнічаў на памінках, адломліваў па кавалачку (адсюль праклён: «Каб па табе гарачыкі напяклі»). Елі з сытою, цёртым макам. Вядома на Усх. Палессі.
т. 5, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАТУ́ША,
бел. страва з мукі. Кіпяцілі малако, у яго патрошку сыпалі муку, перамешваючы калатоўкай, і варылі. Часам муку замочвалі вадой або замешвалі густа. Калі К. варылі на вадзе, яе запраўлялі алеем або заскварвалі. Была пашырана па ўсёй Беларусі.
т. 7, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЁН (франц. bouillon),
чысты, нічым не запраўлены мясны адвар. У беларусаў булён (крышаны) — традыц. рэдкая страва, якую вараць з крышанай бульбы і морквы, заскварваюць салам з цыбуляй, кавалачкамі сялянскай каўбасы, летам прыпраўляюць пер’ем цыбулі, кропам. Часам булён не заскварваюць, а забельваюць.
т. 3, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРШЧ,
традыцыйная бел. рэдкая кіслая страва; вядомая і інш. слав. народам. Вараць з квашаных буракоў, квашанай капусты, са шчаўя, з лебяды, грыбоў (Зах. Палессе), баршчэўніку. Боршч гатуюць з мясам, заскварваюць салам, затаўкаюць здорам, забельваюць смятанай. Салодкі боршч з буракоў кісляць сыроваткай, квасам, воцатам.
т. 3, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПНІК,
у беларусаў рэдкая страва з ячных або прасяных круп (крупеня). Забельваюць малаком або вараць з мясам, бульбай. Часам вараць на сыроватцы, са свіной крыві і круп. К. таксама называлі хмельны мядовы напітак або гарэлку, перавараную з мёдам, журавінамі і духмянымі прыправамі.
т. 8, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ННЕ,
традыцыйная бел. страва, дадатак да бліноў. Гатуецца як верашчака, са скварак з тукам (часам забельваецца смятанай), а таксама з льнянога ці канаплянага семя; з яец, раскалочаных з мукой і малаком ці вадой, з размятага тварагу з малаком ці смятанай. Вядома ўсюды.
т. 10, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́КШЫНА,
1) самаробная макарона. Пшанічнае, радзей жытняе цеста, часта з крухмалам, тонка раскочваюць, рэжуць на палосы, падсушваюць і вараць як рэдкую малочную страву ці адцэджваюць і заліваюць тлушчам, салам. Робяць Л. таксама з крухмалу: пякуць наліснікі, потым рэжуць іх і вараць.
2) Страва з Л.
т. 9, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)