ЛАНДВО́ЙТ, лантвойт,
лентвойт (стараж.-верхненям. lentvoget),
службовая асоба ў гарадах ВКЛ, якія мелі магдэбургскае права, намеснік войта. Выконваў даручэнні войта, у час адсутнасці войта — яго абавязкі. Прызначаўся войтам або ўладальнікам горада, у 16—17 ст. мяшчанства некат. гарадоў (Магілёў, Пінск, Брэст) дамаглося права выбіраць Л.
т. 9, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМА́Т (франц. diplomate),
службовая асоба ўстановы органаў знешніх зносін дзяржавы або дыпламатычнага прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой. У адпаведнасці са сваім статусам прымае непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні функцый у галіне афіц. кантактаў з замежнымі дзяржавамі, мае дыпламатычны ранг або клас дыпламатычны і, як правіла, карыстаецца дыпламат. імунітэтам.
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́СТАЎ,
1) у Расійскай дзяржаве 15—17 ст. службовая асоба, якую пасылалі для выкліку каго-н. на велікакняжацкі (з 1547 царскі) суд. 2) 3 1782 паліцэйская пасада, у гарадах участковы (кіраваў «часцю» — паліцэйскай установай адпаведнай часткі горада) або гар. П., у сельскай мясцовасці з 1837 — станавы прыстаў.
т. 13, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭР (франц. maire, англ. mayor ад лац. major большы, старшы),
вышэйшая службовая асоба ў муніцыпалітэтах ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і шэрагу інш. дзяржаў. У Расіі пасады М. ўведзены з 1991 у Маскве, Санкт-Пецярбургу і інш. гарадах. Выбіраецца муніцыпалітэтам, непасрэдна насельніцтвам, у некаторых краінах назначаецца або зацвярджаецца цэнтр. урадам.
т. 11, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ГЕР (ад ням. Jäger паляўнічы),
службовая асоба ў паляўнічых гаспадарках ці заказніках; спецыяліст-паляўнічы, які абслугоўвае паляўнічых-аматараў. За Е. замацавана акрэсленая тэр. (егерскі ўчастак), дзе ён ажыццяўляе ахову ўгоддзяў, звяроў і птушак, прымае ўдзел у арганізацыі паляванняў, правядзенні біятэхн. мерапрыемстваў і работ па ўліку паляўнічых жывёл; кантралюе выкананне правіл прыродакарыстання і законаў аб паляванні.
т. 6, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮ́ШЫ,
службовая пасада ў ВКЛ і Польшчы. У Польшчы вядомы з 11 ст., у ВКЛ — з 15 ст. Павінен быў наглядаць за велікакняжацкімі табунамі і стайнямі, хоць фактычна гэтыя абавязкі выконваў падканюшы. У 16 ст. пры вял. князю называўся К. дворны, у паветах — К. земскі. З 17 ст. пасада вялікага К. (К. ВКЛ) — дыгнітарская, г. зн. прыдворная.
т. 8, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРА́НДУМ (лац. memorandum літар. тое, пра што трэба помніць),
1) дыпламатычны дакумент, у якім падрабязна выкладаецца фактычны бок міжнар. пытання, даецца аналіз тых або інш. палажэнняў, прыводзіцца абгрунтаванне пазіцыі дзяржавы.
2) У гандлі — пісьмо з напамінкам пра што-н.
3) Дакладная запіска, службовая даведка па якім-н. пытанні.
4) Пералічэнне ў полісах небяспек, страхаванне ад якіх не праводзіцца.
т. 10, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЭ́САР (лац. assessor),
службовая або судовая пасада (засядацель, прысудак лаўнік). У Стараж. Рыме асэсарам называлі засядацеля. Пазней у некаторых краінах Еўропы асэсарамі былі асобы, якія займалі суд. і адм. пасады. У ВКЛ і Польшчы з сярэдзіны 15 да 18 ст. Асэсары з’яўляліся засядацелямі земскага, вечавога, асэсарскага і інш. судоў. Асэсарскі суд, напрыклад, разглядаў апеляцыі мясц. судоў. Асэсар займаўся і справамі адм. кіравання.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ,
службовая асоба ў Польшчы (з 13 ст.) і ВКЛ (з 16 ст.). У час войнаў, калі шляхта з паспалітым рушэннем пакідала маёнткі, наглядаў за парадкам у павеце і апекаваў тых, хто застаўся ў маёнтках. У Польшчы войскія былі гродскія і земскія, у ВКЛ толькі земскія (адзін на павет), якія падпарадкоўваліся старосту павятовага горада. Пасада войскага ў ВКЛ была дыгнітарскай (прыдворнай).
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́РЫУС (ад лац. notarius пісар, сакратар),
службовая асоба, якая ажыццяўляе натарыяльныя дзеянні (гл. Натарыят). На Беларусі існуюць Н. прыватныя і дзяржаўныя. У адпаведнасці з заканадаўствам на пасаду Н. назначаюцца грамадзяне краіны, якія маюць вышэйшую юрыд. адукацыю і прайшлі адпаведную стажыроўку ў дзярж. натарыяльнай канторы або ў Н., які займаецца прыватнай практыкай, вытрымалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі ліцэнзію на права натарыяльнай дзейнасці.
І.С.Шахрай.
т. 11, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)