БЕЛАМО́РСКА-БАЛТЫ́ЙСКІ КАНА́Л, Беламорканал,

злучае Белае м. (каля г. Беламорск) з Анежскім воз. (каля пас. Павянец, Расія). Даўж. 227 км, з якіх 37 км — штучны шлях. Мае 19 шлюзаў, 15 плацін, 49 дамбаў, 12 вадаспускаў. У склад канала ўваходзяць рэкі Выг і Павянчанка, азёры Выгвозера, Вадлвозера, Вузкае, Матквозера.

Пабудаваны вязнямі ГУЛАГа ў 1931—33. Да буд-ва было прыцягнута больш за 280 тыс. зняволеных. Гал. падрадчык — АДПУ, штаб будоўлі знаходзіўся ў Мядзведжагорску. Кіравалі буд-вам у розныя часы С.​Фірын, М.​Берман, Н.​Фрэнкель, Л.​Коган, Я.​Рапапорт, С.​Жук. Канал здадзены ў эксплуатацыю ва ўстаноўлены І.​В.​Сталіным 20-месячны тэрмін. Паводле некаторых падлікаў, на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала ад голаду, холаду і знясільваючай працы загінула каля 100 тыс. зняволеных, больш за 10 тыс. чал. расстраляны па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйных злачынствах». Пасля заканчэння буд-ва за ўдарную працу амаль 60 тыс. чал. быў скарочаны тэрмін зняволення. Аднак амністыя была абмежавана вял. колькасцю агаворак, таму атрымалі яе толькі 5 тыс. палітзняволеных, якім да сканчэння тэрміну заставалася некалькі месяцаў.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́ФЕРСАН (Jefferson) Томас (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),

дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.​Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.​Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.​Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).

Літ.:

Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;

Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.

Т.Джэферсан.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́МЕННЫ СПЕЎ, стаўповы спеў,

асноўны спеў стараж.-рус. манадыйнай музыкі (гл. Манодыя). Назва ад стараж.-рус. слова «знамя» — знак, нота ў безлінейным неўменным запісе музыкі (гл. Крукі). Падпарадкаваны агульным кананічным прынцыпам праваслаўнай царк. музыкі: папевачнаму развіццю (гл. Папеўка), радку як асн. вышыннаму ўзроўню формаўтварэння знаменнага песнапення, сістэме асмагласся. Выконваўся унісонным мужчынскім хорам. Мелодыка З.с. — строгая, суровая, стрыманая, падпарадкаваная вядучаму слоўнаму тэксту, вылучаецца плаўным паступовым меладычным рухам, дазволенасцю скачкоў на тэрцыю, кварту, квінту. Адзін з тыповых прынцыпаў арганізацыі знаменных напеваў — лінеарная перакампаноўка мелодыі (тэрмін Л.​Касцюкавец). Вылучаюць вял. З.с. (больш урачысты, распеты), лірызаваны і малы (скарочаны варыянт З.с.). Вядомы з рукапісаў канца 11 — пач. 12 ст. (Благавешчанскі кандакар). Гістарычна меў 3 перыяды развіцця: стараж.-рус. сапраўдамоўя, раздзельнамоўя і новага сапраўдамоўя. Існуюць грэч., балг., сербскі, кіеўскі З.с. На аснове стараж.-рус. развіўся кіеўска-літоўскі, на Беларусі — беларускі, супрасльскі З.с., а таксама лакальныя — магілёўскі, віцебскі, нясвіжскі, куцеінскі, слуцкі, мірскі, віленскі, жыровіцкі. Беларусы стварылі ў Расіі шэраг новых спеваў, у т. л. старасіманаўскі, вяцкі і інш. На аснове ўскладнення З.с. і яго натацыі склаліся дзямественны спеў, пуцявы і т.зв. «казанскае знамя» (16—17 ст.).

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ ЛЕ́ТАПІС, Увараўскі летапіс,

помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст., адзіны спіс 3-й, скарочанай рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Збярогся ў рукапісе 1-й чвэрці 16 ст. Як сведчаць запісы на палях, што датычаць князёў слуцкіх, бытаваў і, напэўна, узнік у Слуцку (адсюль назва). У адрозненне ад 2-й рэдакцыі Бел.-літ. летапісу 1446 (гл. Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), у якой спачатку змешчана летапісная кампіляцыя з рус. летапісаў, а ў канцы — мясцовыя гіст.-літ. творы, С.л. адкрываецца «Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх», завяршаецца агульнарус. летапісам. Апошні дадаткова скарочаны і змяшчае выбарачныя гіст. запісы пра падзеі 970—1240 (абрываецца на апісанні паходу Батыя на Кіеў і Галіцка-Валынскую Русь). Іншы парадак размяшчэння ў гэтым спісе «Пахвалы Вітаўту» і Смаленскай хронікі. Рукапіс дэфектны, без пачатку і канца, не хапае лістоў у сярэдзіне. Да 1917 зберагаўся ў б-цы графа А.​С.​Уварава (адсюль другая назва) у Маскве, цяпер — у Гіст. музеі ў Маскве. Асн. арыгінальная частка С.л. ўпершыню апубл. ў 1854 А.​М.​Паповым, у 1877 выдадзены ў Кёнігсбергу ў перакладзе на ням. мову. Поўнасцю змешчаны ў 17-м і 35-м т. «Поўнага збору рускіх летапісаў».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,

помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл. Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв. Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл. Красінскага летапіс) і пашыранай (гл. Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розных гіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял. кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр. гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус. літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́СКІ Георгій (у свеце Рыгор; 20.11.1717 1.12.1717, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.2.1795 24.2.1795),

украінскі і бел. царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743), у 1745—55 яе выкладчык, прафесар, рэктар. З 1755 епіскап магілёўскі (беларускі). Змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на Беларусі. У 1757 адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню, дзе перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Ф.​Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». Ініцыятар адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1765 дамогся ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага абяцання вярнуць праваслаўным іх правы, манастыры, храмы, але кароль не стрымаў слова. Звяртаўся за дапамогай да рас. імператрыц Лізаветы і Кацярыны П. Пасля трох замахаў на яго жыццё ў 1768 уцёк у Расію (Смаленск), дзе заставаўся магілёўскім епіскапам у выгнанні. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вярнуўся ў Магілёў. З 1793 архіепіскап, чл. Сінода. Садзейнічаў вяртанню уніятаў у праваслаўе. Збіраў дакументы па гісторыі правасл. царквы (карлеўскія граматы і інш.). Аўтар твораў: «Мемарыял аб крыўдах праваслаўным», «Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Трактат вечнай дружбы», «Збор павучальных слоў», духоўны дзённік «Думкі», драма «Уваскрэсенне мёртвых» і інш. На доме ў Магілёве, дзе ён жыў, мемар. дошка. Ў 1993 кананізаваны.

Тв.:

Собр. соч. Ч. 1—2. СПб., 1835.

Літ.:

Кашуба М.В. Георгий Конисский. М., 1979;

Грыгаровіч І.І. Беларуская іерархія. Мн., 1992.

В.​М.​Дышыневіч.

Георгій Каніскі.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКАГА НАВУЧА́ННЯ ШКО́ЛЫ, школы ФЗН,

ніжэйшыя прафесійныя навуч. ўстановы ў СССР. Створаны паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 2.10.1940 «Аб дзяржаўных працоўных рэзервах СССР» з мэтай падрыхтоўкі рабочых масавых прафесій вытв. спецыяльнасцей. Ствараліся на базе прамысл. прадпрыемстваў. Тэрмін навучання 6—10 месяцаў. Камплектаванне школ ФЗН разам з інш. навуч. ўстановамі сістэмы працоўных рэзерваў (рамеснымі і чыг. вучылішчамі) праводзілася на аснове дзярж. плана шляхам мабілізацыі; дазвалялася і добраахвотнае паступленне. Навучэнцы знаходзіліся на поўным дзярж. забеспячэнні, выпускнікі адпрацоўвалі не менш як 4 гады на прадпрыемстве і складалі агульнадзярж. рэзерв кваліфікаванай працоўнай сілы. Яны размяркоўваліся паводле асаблівага плана, забяспечвалі прыярытэтныя галіны нар. гаспадаркі. Усе рэзервы знаходзіліся ў распараджэнні СНК СССР і не маглі быць выкарыстаны наркаматамі і ведамствамі без дазволу ўрада. У першы прыём у навуч. ўстановы сістэмы прац. рэзерваў прызвана 21 тыс. чал. (з іх 16 160 вучылася на Беларусі, 4840 — на Данбасе) і 13 500 — для школ і вучылішчаў Ленінграда. У 1941 на Беларусі дзейнічала 96 школ ФЗН (18 тыс. вучняў). У Вял. Айч. вайну навуч. ўстановы сістэмы прац. рэзерваў эвакуіраваны разам з прадпрыемствамі, тэрмін вытв. навучання скарочаны да 4—5 месяцаў. У 1948—50 у школы ФЗН прынята 18 366 навучэнцаў. З 1949 яны пераведзены на 10-месячны тэрмін навучання, павялічана колькасць гадзін на агульнаадук. прадметы. У 1950-я г. навуч. ўстановы сістэмы прац. рэзерваў рэарганізаваны ў тэхн. вучылішчы з тэрмінам навучання ад 1 да 3 гадоў і буд. школы з 10-месячным навучаннем.

І.​М.​Раманава.

т. 16, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,

першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,

«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.

Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял. кн. ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.

Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».

Публ.:

У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.

Літ.:

История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)