О́ЛЕУМ (ад лац. oleum vitrioli купарваснае масла),
раствор трыаксіду серы SO3 у бязводнай сернай кіслаце.
Звычайна вырабляюць О., што мае па масе 18—20% SO3 (часам — да 60%). Цяжкая масляністая вадкасць, «дыміць» у вільготным паветры. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты. фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў і інш. Вельмі агрэсіўнае рэчыва: пашкоджвае слізістыя абалонкі і дыхальныя шляхі (ГДК аэразолю ў паветры рабочай зоны 1 мг/м³), выклікае апёкі скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТАН-РУЖ (Baton Rouge),
горад на Пд ЗША. Адм. ц. штата Луізіяна. Засн. ў 1719. 219,5 тыс.ж. (1990), з прыгарадамі 528 тыс.ж. Марскі і рачны порт у нізоўі р. Місісіпі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны цэнтр нафтаперапр. і нафтахім. прам-сці (вытв-сцьсінт. каўчуку, хімікатаў, мінер. угнаенняў і інш.). Вытв-сць гліназёму і алюмінію. У наваколлі — здабыча нафты, газу, серы. 2 ун-ты. Арх. помнікі 18 і 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МНЫ ПО́РАХ, чорны порах,
зярнёная механічная сумесь каліевай салетры (75%), драўнянага вугалю (15%) і серы (10% па масе). Лёгка загараецца і хутка згарае (цеплата згарання 32,3 МДж/кг) без доступу паветра з утварэннем газаў, здольных выконваць значную мех. работу. У Кітаі вядомы з 10—11 ст., у Еўропе — з 13 ст. Да сярэдзіны 19 ст. заставаўся адзіным брызантным выбуховым рэчывам. Выкарыстоўваюць пры здабычы штучнага каменю, для вырабу вогнеправоднага шнура. Гл. таксама Порах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДФА, мадфа,
адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі, выкарыстоўвалася арабамі ў 12—13 ст. Складалася з кароткага метал. ствала (трубкі) з дном, які прымацоўваўся да доўгага дрэўка (для зручнасці ўтрымання зброі ў руках). Страляла з сошкі круглым метал. снарадам (мех. сумесь салетры, серы і вугалю). Запальванне зарада адбывалася з дула або праз запальную адтуліну з дапамогай распаленага жал. прута ці тлеючага кнота. Паводле прынцыпу М. пазней зроблены першыя артыл. гарматы — бамбарды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТАІ́НЫ, цвітэр-іоны,
унутраныя солі хім. злучэнняў, якія маюць карбаксільную групу (-COOH) і чацвярцічны атам азоту ці трацічныя атамы кіслароду і серы, напр. (CH3)3N+CH2COO−; біпалярныя іоны арган. злучэнняў. Нейтральныя малекулы, у якіх процілеглыя эл. зарады прасторава раз’яднаны. Існуюць у прыродзе як форма амінакіслот у крышталях і водных растворах, як прамежкавыя рэчывы азоцістага абмену многіх раслін і жывёл. Сінт. бетаіны — паверхневаактыўныя рэчывы; выкарыстоўваюцца як эмульгатары палімерызацыі, дыспергатары, антыстатыкі, змочвальнікі ў папяровай, гарбарнай, тэкст. і металаапр. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТА (Alberta),
буйнейшы вугальны басейн на З Канады, у паўн.ч. Скалістых гор; невял. паўд.ч. басейна ў ЗША. Пл. больш за 250 тыс.км². Агульныя запасы больш як 228 млрд.т. 11 асн. вуглездабыўных раёнаў. Інтэнсіўна распрацоўваецца з 1960-х г. У зах.ч. басейна вуглі каксавальныя, антрацыты, ва ўсх.ч. — бурыя. Каксавальныя вуглі экспартуюцца ў Японію і інш. краіны, энергетычныя выкарыстоўваюцца на мясцовых эл. станцыях. На тэр. басейна таксама здабыча серы, прыроднага газу, нафты, бітумаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ БАКТЭ́РЫІ.
хлорабактэрыі, група фотасінтэзавальных бактэрый. 2 сям.: Chlorobiaceae — аднаклетачныя невял. нерухомыя бактэрыі ў выглядзе палачак, вібрыёнаў, некат. ўтвараюць ланцужкі клетак або сеткаватыя калоніі, і Chloroflexaceae — ніткаватыя арганізмы, здольныя да слізгання. З.б. ўваходзяць у састаў серабактэрый, маюць пігменты бактэрыяхларафілы і караціноіды, якія афарбоўваюць бактэрыі ў зялёны ці жаўтавата-карычневы колер. Грамадмоўныя, анаэробныя арганізмы, размнажаюцца дзяленнем. Фотасінтэз адбываецца без выдзялення малекулярнага кіслароду. Насяляюць прэсныя і салёныя вадаёмы, садзейнічаюць назапашванню ў іх рэчыва і ўдзельнічаюць у кругавароце серы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРПУРО́ВЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група фотасінтэзуючых бактэрый. З сям., больш за 50 відаў. Адрозніваюць пурпуровыя серныя і пурпуровыя нясерныя бактэрыі. Пашыраны ў прэсных і салёных вадаёмах.
Клеткі сферычныя, палачкападобныя і звілістыя, нерухомыя і рухомыя (маюць жгуцікі). Анаэробныя арганізмы (ёсць факультатыўныя анаэробы), грамадмоўныя. Размнажаюцца дзяленнем ці пачкаваннем. Маюць бактэрыяхларафіл, караціноіды. Фотасінтэз адбываецца без выдзялення кіслароду. Многія віды фіксуюць азот і выдзяляюць вадарод. Прымаюць удзел у біягеахім. цыклах серы, азоту і вугляроду. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізмаў фотасінтэзу. Гл. таксама Серабактэрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫПІГМЕ́НТ [ад лац. aurum (auri) золата + пігмент(ы)],
мінерал класа сульфідаў As2S3. Мае 60,9% мыш’яку і 39,1% серы.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе ліставатых, слупкаватых або валакністых масіўных агрэгатаў. Колер ад лімонна- і залаціста-жоўтага да аранжава-жоўтага. Паўпразрысты. Бляск тлусты да алмазнага. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Тыповы мінерал сярэдне- і нізкатэмпературных мыш’яковых і сурмяна-ртутных радовішчаў, а таксама ў адкладах гарачых мінер. крыніц. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і гарбарнай прам-сці, як мыш’яковая руда.