Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗАНІ́Т (ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),
мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш. Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЦ (Harz),
горны масіў ў Германіі. Працягласць каля 90 км. Выш. да 1142 м (г. Брокен). Складзены з гранітаў, кварцытаў, сланцаў. У рэльефе — платопадобная вяршыня, стромкія схілы, моцна расчлянёныя прытокамі рэк Везер і Эльба. Радовішчы медзі, серабра, свінцу, цынку. Піхтавыя і шыракалістыя лясы, лугі. Перадгор’і ўзараныя. Прыродны парк. Рэзерваты Обергарц, Бодэталь. Кліматычныя курорты: Бланкенбург, Вернігеродэ, Гернродэ і інш. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНТЫ́Т (ад лац. argentum серабро),
сярэбраны бляск, мінерал класа сульфідаў, кубічная паліморфная мадыфікацыя Ag2S. Прымесі медзі, свінцу, жалеза і інш. Утварае масіўныя агрэгаты, плёнкі, пражылкі, украпанні. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 7,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчах сярэбраных рудаў. У прыродзе рэдкі, назва «аргентыт» часта выкарыстоўваецца да псеўдамарфозаў акантыту па аргентыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСМУЦІ́Н, вісмутавы бляск,
мінерал класа сульфідаў, сульфід вісмуту, Bi2S3. Прымесі свінцу, медзі, сурмы, селену. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, пласцінкі, зярністыя і прамяністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы да свінцова-шэрага. Бляск металічны. Цв. 3,5. Шчыльн. 6,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў высокатэмпературных гідратэрмальных жылах і ў гранітных пегматытах. Гал. мінерал вісмутавых руд. Радовішчы ў Балівіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎНТ-А́ЙЗА — ХІ́ЛТАН (Mount Isa, Hilton),
медна-поліметалічны гарнарудны раён у Аўстраліі (штат Квінсленд); адзін з буйнейшых у свеце. Паклады Маўнт-Айза распрацоўваюцца з 1931. Агульныя запасы медна-калчаданных руд 141,5 млн.т (медзі Cu 3—3,8%), серабра-свінцова-цынкавых руд 92,6 млн.т (цынку Zn 6,3—9,6%, свінцу Pb 5,5—7,7%, серабра Ag 62—180 г/т). Цэнтр — г. Маўнт-Айза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БВЕ (Kabwe),
горад у Замбіі. Адм. ц. Цэнтральнай правінцыі. Узнік у 1902 у сувязі з распрацоўкай рудніка, да 1967 наз. Брокен-Хіл. 348,6 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Здабыча і выплаўка свінцу, цынку, ванадыю. Прам-сць: харч., тэкст., буд. матэрыялаў, хімічная. Цэнтр с.-г. раёна (вытв-сць кукурузы і тытуню, жывёлагадоўля). У адным з руднікоў К. ў 1921 знойдзены чэрап выкапнёвага чалавека (палеаантрапа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКІ РУ́ДНЫ РАЁН,
свінцова-цынкавыя радовішчы ў Польшчы (Катавіцкае і Кракаўскае ваяводствы). Пл. каля 2 тыс.км². Радовішчы прымеркаваны да даламітаў сярэдняга трыясу. Жыла-, лінза-, пластападобныя рудныя целы залягаюць у 3 гарызонтах магутнасцю 1—3 м, ёсць таксама штока- і трубападобныя паклады магутнасцю да 40 м. Глыб. залягання 20—250 м. Запасы цынку і свінцу некалькі млн.т. Сярэдняя колькасць Pb 1,2—1,5%, Zn 5—6%; ёсць каштоўныя прымесі серабра, талію, медзі, мыш’яку, малібдэну, кадмію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧНІ́ЦА (польск. rusznica),
адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі ў краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы. У ВКЛ з’явілася ў 2-й пал. 14 ст.; прызначалася ў асн. для пяхоты. Складалася з гладкасценнага кованага жалезнага ствала, прымацаванага да драўлянай ложы. Зараджалася са ствала кулямі з жалеза або свінцу. Калібр 12,5—25 мм, маса да 8 кг, прыцэльная далёкасць стральбы да 150 м. У пач. 16 ст. заменена мушкетам (гл. таксама Самапал).