ВІ́ЛЕНСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ, Віленская Святадухаўская друкарня. Існавала ў 16—18 ст. у Вільні пры манастыры Святога Духа. З’яўлялася выдавецкім прадпрыемствам правасл. царквы ВКЛ. Выдавецкая дзейнасць дазволена прывілеямі Жыгімонта III Вазы ад 1589 і 1592 на друкаванне розных кніг «па грэцку, славянску, руску і польску». Першае вядомае выданне выйшла ў 1595. У 1610 друкарня закрыта. Брацтва ажыццяўляла сваю выдавецкую дзейнасць у Еўінскай друкарні. Дзейнасць Віленскай брацкай друкарні аднавілася ў 1615 і працягвалася да 1749, калі пажар знішчыў манастыр Святога Духа. Выдавала тэксты Святога пісання, школьныя падручнікі, богаслужэбныя кнігі, палемічную л-ру. У 1589—1610 выдадзены творы М.​Сматрыцкага, С. і Л.​Зізаніяў. Для аздобы кніг выкарыстоўваліся арнаментальныя гравюры і застаўкі, рамкі з расліннымі і геам. матывамі, геральдычныя гравюры (гербы Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш.). У польскамоўных выданнях пераважаюць гатычныя ініцыялы.

М.​В.​Нікалаеў, М.​І.​Ткачэнка.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́Л,

1) у манархічнай дзяржаве назва трона — сімвала ўлады манарха.

2) У праваслаўным храме стол з мошчамі, накрыты пакрывалам — гал. прыналежнасць алтара. На П. знаходзіцца антымііс (хустка з выявай палажэння ў труну Ісуса Хрыста), прастольнае Евангелле, даразахавальніца, напрастольны крыж. Прастольнае свята — дзень святога, у гонар якога пабудавана царква.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАСТА́СЬ (ад грэч. hipostasis твар, сутнасць),

тэрмін стараж.-грэч. філасофіі, субстанцыя, сутнасць. Уведзены Пасідоніем у 1 ст. да н.э. У хрысціянстве, пачынаючы з патрыстыкі, тэрмін І. вызначае кожную з трох асоб Тройцы (Бога-айца, Бога-сына, Бога-Духа святога) і іх адзінства (лічыцца недасягальным чалавечаму розуму і не паддаецца рацыянальнаму тлумачэнню, з’яўляецца аб’ектам веры).

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎТС, Боўтс (Bouts) Дзірк (Ц’еры; каля 1415, г. Харлем, Нідэрланды — 6.5.1475), нідэрландскі жывапісец. Выкарыстоўваючы традыцыі Рагіра ван дэр Вейдэна і Я. ван Эйка, імкнуўся да пераканаўчасці і трапнасці дэталяў, вытанчанасці і маляўнічай дэкаратыўнасці жывапісу (алтар «Таямнічасць прычасця», 1464—67, абраз «Пакуты Святога Эразма...», 1466, дыптых «Правасуддзе Атона III», 1475, карціна «Пекла» і інш.).

Дз.Баўтс. Пекла. 15 ст.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЦА ((Pozzo) Андрэа) (30.11.1642, г. Трэнта, Італія — 31.8.1709),

італьянскі жывапісец і архітэктар, майстар манум. жывапісу барока. Вучыўся ў Мітэлі і Калоны ў Парме і Бібіены ў Балонні. Зазнаў уплыў П. Веранезе і П.​П.​Рубенса. З 1677 працаваў у Турыне, Модэне, Рыме, Таскане, з 1703 у Вене. Стварыў віртуозна-эфектныя ілюзіяністычныя размалёўкі царк. і свецкіх інтэр’ераў, дзе знікае мяжа паміж рэальнай і жывапіснай архітэктурай, сценамі і скляпеннямі, сапраўдным і намаляваным ляпным дэкорам. Сярод работ: размалёўкі цэркваў Сан-Франчэска ў Мандаві (1676—77), Сан-Барталамеа ў Модэне (1679—80), Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме (1685—94), «Алтар святога Ігнація» ў іль Джэзу (1695—99). У ліку апошніх размалёвак — імператарскі тэатр (не захавалася), «Апафеоз Геркулеса» на плафоне Залы Геркулеса ў летнім палацы Ліхтэнштэйн (1704—08), «Успенне Марыі» ва універсітэцкай царкве (1709) у Вене. Аўтар трактата «Перспектыва жывапісцаў і архітэктараў» (1693—1700).

А.Поца. Фрэска «Апафеоз Святога Ігнація Лаёлы» ў царкве Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме. 1685—94.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАСПІ́НА (Malaspina),

перадгорны ледавік на паўд. узбярэжжы Аляскі, паміж зал. Якутат і Айсі-Бей. Пл. 2195 км². Даўж. 45 км, таўшчыня лёду да 610 м. Утвораны некалькімі ледавіковымі патокамі шыр. да 65 км, якія спускаюцца з гор Святога Ільі. Вобласцю жыўлення з’яўляецца ледавіковы бас. Сьюард, размешчаны на выш. 1500—2000 м. З 1930-х г. ледавік памяншаецца і адступае ад берага акіяна.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАТА́ШКІН (Валянцін Пятровіч) (н. 1.11.1940, г. Гомель),

бел. мастак, педагог. Брат Я.П.Пакаташкіна. Засл. настаўнік Беларусі (1980). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1974). З 1968 выкладчык нар. студыі выяўл. мастацтва Палаца піянераў г. Гомель, з 1997 нам. дырэктара Гомельскага маст. вучылішча. Творы адметныя стрыманасцю каларыту, лірызмам: «На поўначы далёкай» (1974), «Паўночная бухта» (1978), «Пасля вучэнняў», «Лазенькі дымяць» (абодва 1980), «Нарач», «Браслаўшчына», «Зямля Палеская» (усе 1986), «Новае Палессе» (1993), «Жыццё прадаўжаецца» (1996), «Ранняя вясна» (1997), «Музыка мора», «Царква святога Міхаіла ў Мазыры» (абодва 2000).

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНАЯ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ,

1) сукупнасць электрычных з’яў і працэсаў у атмасферы Зямлі (эл. поле атмасферы, іанізацыя паветра, эл. зарады воблакаў і ападкаў, эл. токі і разрады ў атмасферы і інш.). Каля зямной паверхні існуе стацыянарнае эл. поле; Зямля мае адмоўны зарад, атмасфера ў цэлым зараджана дадатна. У трапасферы ўсе воблакі і ападкі, пыл і інш. завіслыя часцінкі электрычна зараджаны. Атмасферная электрычнасць — прычына ўтварэння маланак, агнёў святога Эльма (свячэнне на вастрыях званіц, мачтаў і інш.), з ёй звязаны палярныя ззянні.

2) Раздзел фізікі атмасферы, які вывучае гэтыя з’явы.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСКГРАМАДЗЯНПРАЕ́КТ».

Засн. ў 1969 у Мінску на базе майстэрні праектнага ін-та «Белдзяржпраект» як ін-т комплекснага праектавання грамадзянскага буд-ва «Мінскграмадзянпраект». З 1995 адкрытае акц. т-ва «Інстытут «Мінскграмадзянпраект». Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка праектаў мікрараёнаў і жылых кварталаў; комплекснае праектаванне аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння; дызайн-канцэпцыі; інтэр’еры; аказанне інж.-кансалтынгавых паслуг; кансультацыі па стварэнні і ўкараненні сістэм якасці на базе міжнар. стандартаў серыі ISO—9000; натурныя ўзоры маст. вырабаў; інфарм. дзейнасць і інш.

А.​М.​Быкоўскі.

Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры. Рэканструкцыя.
«Мінск — горад-герой».

т. 10, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́НІ (Bellini),

сям’я італьянскіх жывапісцаў — заснавальнікаў мастацтва Адраджэння ў Венецыі (гл. Венецыянская школа жывапісу). Нарадзіліся ў Венецыі.

Жывапіс галавы сям’і Якапа (каля 1400—7.1.1470 ці 25.11.1471) пры мяккай лірычнасці вобразаў захаваў сувязь з гатычнымі традыцыямі («Мадонна з дзіцем», 1448). У яго малюнках (замалёўкі ант. помнікаў, арх. фантазіі) адлюстраваліся цікавасць да перспектывы, уплыў А.​Мантэньі і П.​Учэла. З імем Джэнтыле (каля 1429—23.2.1507), сынам Якопа, звязана зараджэнне венецыянскай жанрава-гіст. карціны («Працэсія на плошчы Сан-Марка», 1496, «Цуд святога крыжа», 1500). У сваіх партрэтах ён дакладна ўзнаўляў абрыс мадэлі. Джавані (каля 1430—29.11.1516), другі сын Якопа, — буйнейшы майстар венецыянскага кватрачэнта. Яго творчасць стала асновай мастацтва Высокага Адраджэння ў Венецыі. Настаўнік Тыцыяна і, верагодна, Джарджоне. Творы Джавані адметныя мяккай гармоніяй гучных, насычаных колераў і празрыстасцю святлоценявых градацый, яснай, спакойнай урачыстасцю і паэтычнасцю вобразаў («Мёртвы Хрыстос», 1470, «Мадонна з дрэўцамі», 1487, «Мадонна на троне ў акружэнні святых», 1505, «Баляванне Багоў», 1514, «Маладая жанчына за туалетам», 1515, і інш.). У яго творчасці побач з класічнай кампазіцыяй рэнесансавай алтарнай карціны сфарміраваўся поўны цікавасці да чалавечай асобы гуманістычны партрэт (партрэт дожа Леанарда Ларэдана, каля 1507).

Літ.:

Гращенков В.Н. Портреты Джованни Беллини // От эпохи Возрождения к двадцатому веку. М., 1963.

Джавані Беліні. Партрэт дожа Леанарда Ларэдана. Каля 1507.
Джэнтыле Беліні. Цуд святога крыжа. 1500.
Джавані Беліні. Маладая жанчына за туалетам. 1515.

т. 3, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)