КУ́РДЗІН (Дзмітрый Іванавіч) (13.10.1899, в. Дзмітрычукі Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 12.12.1937),

бел. пісьменнік. Скончыў Саратаўскі вет. ін-т (1925). Працаваў ваен. вет. урачом у Мінску і Віцебску, выкладаў у Віцебскім вет. ін-це. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны ў Віцебску. Рэабілітаваны ў 1957. Пісаў на рус. мове. Дэбютаваў у 1925 вершамі. Аўтар п’ес «Міжбур’е» (паст. БДТ-1 1929), «Контратака» (паст. 1932), «Чалавек вырашае» (паст. БДТ-2 1934), «Азеляненне цэха» (фрагменты апубл. 1935), «Алюр. Тры крыжы», якія вылучаюцца пераканальнымі характарамі, каларытнымі вобразамі, паказам тыповых з’яў тагачаснага жыцця.

Літ.:

Соболевский А.В. Белорусская драматургия в театрах народов СССР. Мн., 1972. С. 46—58;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Даніла Аляксандравіч) (13.1.1895, г. Расказава Тамбоўскай вобл., Расія — 23.12.1976),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі, фізіятэрапіі і курарталогіі. Акад. АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-р мед. н. (1936), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыў Саратаўскі ун-т (1919). З 1926 у БДУ, у 1931—41 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Адначасова ў 1929—41 і 1946—48 дырэктар Бел. НДІ фізіятэрапіі і неўралогіі, у 1947—73 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. У 1950—76 заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па ранняй функцыян. дыягностыцы, тонкай семіётыцы і патагенет. тэрапіі нерв. захворванняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Основы патогенетической терапии заболеваний нервной системы. Мн., 1964;

Общая терапия и профилактика заболеваний нервной системы. Мн., 1967;

Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973.

Д.А.Маркаў.

т. 10, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫ́С-МЕ́ЛІКАЎ (Міхаіл Тарыэлавіч) (1.1.1826, Тбілісі —24.12.1888),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1875), граф (1878), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1880). Вучыўся ў Лазараўскім ін-це ўсх. моў у Маскве, школе гвардз. кав. падпрапаршчыкаў у Пецярбургу. Спачатку 4 гады служыў у Гродзенскім гусарскім палку. З 1847 удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (ваен. аперацый супраць Шаміля), фактычны кіраўнік ваен. дзеянняў на Закаўказскім тэатры Крымскай вайны 1853—56. З 1861 ваен. нач. Паўд. Дагестана, граданачальнік Дэрбента, у 1863—75 нач. Церскай вобл. З 1876 і ў рус.-тур. вайну 1877—78 камандаваў асобным Каўк. корпусам. У 1879 часовы астраханскі, саратаўскі, самарскі і харкаўскі ген.-губернатар. Пасля замаху С.М.Халтурына на цара Аляксандра II (лют. 1880) прызначаны старшынёй Вярхоўнай распарадчай камісіі, стаў фактычна дыктатарам, са жн. міністр унутр. спраў і шэф жандараў. У 1881 у пісьмовых дакладах Аляксандру II прапанаваў правесці шэраг рэформ (стварэнне законадарадчай прадстаўнічай установы на аснове земскай сістэмы і ўрада, які адказвае перад імператарам і праводзіць ва ўсіх мін-вах і ведамствах адзіную палітыку: пераадоленне сял. малазямелля, пашырэнне правоў і паўнамоцтваў земскіх арг-цый, вызваленне друку ад часткі цэнзурных забарон), пасля забойства цара пайшоў у адстаўку і выехаў за мяжу. Аўтар артыкулаў, у т. л. «Запіскі, складзенай з апавяданняў і сведчанняў Хаджы-Мурата» (1881).

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 369—394;

Данилов Д.Д. Лорис-Меликов: карьера «парадоксального диктатора» // Вопр. истории. 1998. № 11/12.

У.Я.Калаткоў.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)