АВЕ́КАЎ (Іван Аўдзеевіч) (19.5.1919, ст. Асінаўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Харкаўскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў-назіральнікаў (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Цэнтр. франтах. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, капітан. Зрабіў 178 баявых вылетаў, збіў асабіста 15 самалётаў праціўніка, разам з вядзёным — 6, адзін самалёт тараніў, 23 знішчыў на аэрадромах. Загінуў у паветр. баі.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЕРШМІТ ((Messerschmitt) Вілі) (26.6.1898, г. Франкфург-на-Майне, Германія — 15.9.1978),

нямецкі авіяканструктар і прамысловец. Стварыў шэраг самалётаў, верталётаў, планёраў рознага прызначэння. Найб. вядомыя: Ме-109 — асн. знішчальнік ВПС Германіі ў 1935—45 (гл. іл. да арт. Авіяцыя), Ме-110 — самалёт шматмэтавага прызначэння, Ме-262 — адзін з першых рэактыўных знішчальнікаў. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Іспанію; у 1959 вярнуўся ў ФРГ, аднавіў вытв-сць самалётаў і стаў саўладальнікам канцэрна «Месершміт—Бёлькаў—Блом».

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́ШКІН (Цімафей Цярэнцьевіч) (15.4.1919, в. Марчанкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. —8.1.1954),

Герой Сав. Саюза (1954). Скончыў Ульянаўскую авіятэхн. школу (1938). Удзельнік сав.-фінл. 1939—40 і Вял. Айч. войнаў. Пасля вайны ў грамадз. паветр. флоце, ст. тэхнік-лейтэнант. 8.1.1954 у час рэйсу Талін—Ленінград у сутычцы з двума бандытамі, што спрабавалі захапіць самалёт, абяззброіў аднаго і смяротна паранены другім, якога абясшкодзілі інш. члены экіпажа. У Мінску каля аэрапорта-1 помнік Р.

Ц.Ц.Рамашкін.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́ІНГ»,

агульная назва самалётаў авіяц. карпарацыі ЗША «Боінг». Сярод іх шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт B-747 (выпускаецца з 1983). Мае 4 турбарэактыўныя двухконтурныя рухавікі з цягай па 244 кН кожны. Перавозіць да 660 пасажыраў. Крэйсерская скорасць да 940 км/гадз, узлётная маса каля 380 т, далёкасць палёту без дазапраўкі да 13,5 тыс. км. B-747 «Джумба Джэт» — на 386 пасажыраў, узлётная маса каля 400 т, далёкасць палёту каля 13 тыс. км. Самалёты «Боінг» вызначаюцца надзейнасцю і эканамічнасцю.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРО́БУС,

шырокафюзеляжны самалёт для перавозкі вял. колькасці пасажыраў на далёкія адлегласці. Адрозніваецца высокім узроўнем камфорту, а таксама магчымасцю спрошчаных аперацый з багажом (напр., пасажыр можа здаваць багаж або ўзяць яго з сабой і паставіць у спец. адведзеным месцы). Выкарыстанне аэробусаў павялічвае аб’ём пасаж. перавозак (напр., Іл-86 да 350 пасажыраў) пры змяншэнні колькасці рэйсаў і павышэнні бяспекі паветр. руху. Найб. вядомыя на міжнар. лініях аэробусы вытв-сці ЗША, зах.-герм. фірмаў («Боінг», А-310 і інш.).

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Аляксей Васілевіч) (25.2.1913, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 6.6.1976),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Днепрапятроўскі чыг. тэхнікум (1932), Севастопальскую ваенна-авіяц. школу (1934). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, зрабіў 57 баявых вылетаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Штурман звяна авіяэскадрыллі далёкай разведкі ст. лейтэнант К. зрабіў 247 баявых вылетаў, збіў 14 самалётаў праціўніка. 3.3.1944 яго самалёт быў збіты. Пасля ампутацыі ног К. працаваў інструктарам авіяц. вучылішча, з 1947 загадчык арганізаванай ім дзіцячай б-кі на радзіме.

А.В.Казлоў.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБЕ́ЛЬ (ад грэч. karabos судна),

1) К. марскі — у шырокім сэнсе тое ж, што і судна. У эпоху ветразевага флоту — буйное баявое 3-мачтавае судна з прамымі ветразямі і моцным артыл. узбраеннем (гл. Ветразевае судна). Цяпер К. наз. ваен. судны ўсіх класаў (гл. Карабель ваенны).

2) К. паветраны — буйны шматмесны авіяц. або паветраплавальны апарат (самалёт, верталёт, дырыжабль).

3) К. касмічны — пілотны лятальны апарат для палётаў людзей у космас або беспілотны (транспартны) для дастаўкі грузаў на арбітальную станцыю (гл. Касмічны карабель).

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕФЕ́ЎР ((Lefebvre) Марсель) (17.3.1918, г. Туркуэн, Францыя — 5.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945).

Засл. лётчык Францыі. З 1938 у арміі. З 1941 у радах «Змагарнай Францыі», з 28.11.1942 у складзе авіяэскадрыллі «Нармандыя» (пазней авіяполк «Нармандыя—Нёман»), Удзельнік Віцебска-Аршанскай, Усх.-Прускай, Кёнігсбергскай аперацый. Лётчык-інструктар, камандзір эскадрыллі ст. лейтэнант Л. зрабіў 105 баявых вылетаў, правёў 30 паветр. баёў, збіў 11 самалётаў праціўніка. У баі самалёт Л. загарэўся, але ён давёў яго да свайго аэрадрома, памёр ад апёкаў.

т. 9, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Іван Барысавіч) (15.1.1922, в. Арэхаўка Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 1.2.1990),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1941). Тамбоўскае авіявучылішча (1943), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 3-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі: лётчык-штурмавік зрабіў 179 баявых вылетаў, удзельнічаў у 17 паветр. баях, збіў самалёт, знішчыў 12 танкаў, 7 бронетранспарцёраў, 37 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі праціўніка. Да 1965 у Сав. Арміі.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІН (Васіль Піліпавіч) (31.12.1917, в. Кунтараўка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.7.1984),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі аэраклуб (1938), Чугуеўскую авіяшколу (1941). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 на Паўд., Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі. Зрабіў 340 баявых вылетаў, правёў 177 паветр. баёў, збіў 19 варожых самалётаў. З ліп. 1943 прыкрываў у паветр. баях самалёт тройчы Героя Сав. Саюза І.М.Кажадуба. Да 1957 у Сав. Арміі.

В.П.Мухін.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)