КО́ГАН (Леанід Барысавіч) (14.11.1924, г. Днепрапятроўск, Украіна — 17.12.1982),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы акад. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1948, клас А.​Ямпольскага), з 1952 выкладаў у ёй (з 1963 праф.). З 1944 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступаў як саліст і ансамбліст. Рэпертуар уключаў скрыпічную музыку розных стыляў, эпох і народаў, ад манум. твораў, што вымагаюць глыбіні інтэрпрэтатарскай канцэпцыі і шырыні муз. мыслення, да мініяцюр, заснаваных на філіграннай апрацоўцы дэталей. Яго выкананне вылучалася рамант. узнёсласцю, эмацыянальнай насычанасцю, моцным тэмпераментам. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе скрыпачоў імя каралевы Лізаветы (Брусель, 1951). Ленінская прэмія 1965.

Літ.:

Григорьев В. Л.​Коган. М., 1975;

Л.​Коган: Воспоминания. Письма. Статьи. Интервью. М., 1987.

Л.Б.Коган.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎДАКІ́МАЎ (Яраслаў Аляксандравіч) (н. 22.11.1946, в. Карысць Карэцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980), нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1981). Творчую дзейнасць пачаў у 1975 як саліст Бел. філармоніі, з 1977 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1980—90 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодае моцным гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру, тонкай музыкальнасцю. Мае вял. канцэртны рэпертуар, значнае месца ў якім займаюць песні бел. кампазітараў Я.​Глебава, В.​Іванова, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага і інш., бел., рус. і ўкр. нар. песні, а таксама творы духоўнай музыкі. Дыпламант усесаюзнага конкурсу «З песняй па жыцці» (1979).

Г.​М.​Загародні.

Я.Еўдакімаў.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГА́ЙСКІ (Анатоль Сяргеевіч) (27.8.1946, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1982),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Сярдобава). З 1972 саліст канцэртна-эстр. аркестра Дзяржтэлерадыё Беларусі, з 1974 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вызначалася шчырасцю, цеплынёй. Рэпертуар уключаў творы класічнай і сучаснай музыкі. Прапагандаваў нац. музыку, аддаваў перавагу творам грамадз.-патрыят. накіраванасці, у т. л. песням У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Ю.​Семянякі, І.​Лучанка, Л.​Захлеўнага, В.​Іванова, У.​Будніка. Сярод найб. значных работ: партыі Кузьміча (тэлеварыянт оперы «У пушчах Палесся» Багатырова), Міканора (радыёопера «Барвовы золак» К.​Цесакова), Кастуся Каліноўскага (радыёварыянт аднайм. оперы Дз.​Лукаса).

А.​Я.​Ракава.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ШНІКАЎ (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 27.1.1948, Рыга),

артыст балета. Засл. арт. Расіі (1973). Скончыў Ленінградскае маст. вучылішча (1967). З 1967 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.​М.​Кірава. З 1974 у ЗША. Супрацоўнічае з «Амерыканскім тэатрам балета» (у 1980—89 маст. дырэктар і саліст), «Нью-Йоркскім гарадскім балетам», танцаваў у трупах А.​Эйлі, П.​Тэйлара, Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі, «Балеце XX стагоддзя», Марсельскім балеце і інш. З 1992 узначальвае трупу «Танцавальны праект «Белы дуб» (Фларыда, ЗША). Сярод партый: Адам («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Шчаўкунок («Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага) і інш. Здымаецца ў тэле- і кінафільмах. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў балета (Варна, 1966; Масква, 1969) і прэміі імя В.​Ніжынскага (Парыж, 1969).

М.М.Барышнікаў.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ, Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм. ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.​Шміта і К.​Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.​Вержбіловіч, Г.Віган, А.​Глен, В.​Гутар.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ (Мікалай Пятровіч) (28.1.1901, С.-Пецярбург —9.5.1945),

расійскі выканаўца на балалайцы, дырыжор. Засл. арт. Расіі (1940). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1911—13). З 8 гадоў выступаў як саліст, удзельнічаў у канцэртах Велікарускага аркестра. У 1928—39 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1940 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. рус. нар. аркестра (з 1946 яго імя). Яго выкананне вызначалася артыстызмам, дасканалай тэхнікай і філігранным майстэрствам. Павялічыў выразныя і тэхн. магчымасці балалайкі, узбагаціў канцэртны рэпертуар, зрабіў пералажэнні для яе шматлікіх класічных твораў і нар. песень. Першы выканаўца многіх канцэртных твораў для балалайкі (шэраг з іх прысвечаны яму). Увёў у склад аркестра старадаўнія нар. інструменты (ражкі, дудкі, жалейкі, кугіклы), баян і арк. гармонік. 1-я прэмія на Усесаюзным аглядзе муз. выканаўцаў на нар. інструментах (1939).

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (15.10.1897, в. Вял. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.3.1967),

бел. спявак (барытон), муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў БДУ (1925), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1920—24 артыст БДТ. У 1928—41 і 1944—48 саліст, у 1948—53 адказны рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё. У 1933—35 і 1942—44 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыст лірыка-драм. плана, выконваў гал. партыі ў операх рус. і замежных класікаў: Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) і інш. Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЕНКА (Якаў Паўлавіч) (н. 28.3.1959, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (клас хар. дырыжыравання, 1984), Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (клас вакалу, 1992). З 1984 артыст ансамбля нар. музыкі «Свята», саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1990 — Нац. тэлерадыёкампаніі і ансамбля нар. музыкі «Бяседа» (1992—97), з 1993 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае голасам прыгожага барытанальнага тэмбру. Яго выкананне вылучаецца яскравай сцэнічнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары эстр. песні бел. кампазітараў, шэраг уласных песенных твораў на словы бел. паэтаў, у т. л. «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш.

Г.​М.​Загародні.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Георгій Раманавіч) (н. 28.8.1925, г. Іванава, Расія),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1948 у Іванаўскім т-ры муз. камедыі. З 1952 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1963 2-і балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі; у 1967—75 саліст балета Бел. філармоніі. Выконваў пераважна партыі характарнага плана: Хмель («Палымяныя сэрцы» В.​Залатарова), Мацей і бацька Анежкі («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.​Вагнера), Блазан і Кот у ботах («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага) і інш. Танец М. вызначаўся пластычнай выразнасцю і артыстызмам. Паставіў шэраг эстр. харэаграфічных нумароў, у т. л. «Паўлінка», «Лявоніха», «Перапёлачка»; танцы да драм. спектакляў, у т. л. «Эдзіт Піяф» В.​Легентава ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́ЦІКАЎ (Юрый Іосіфавіч) (н. 28.2.1932, г. Янакіева Данецкай вобл., Украіна),

украінскі эстрадны спявак. Нар. арт. Украіны (1973), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Харкаўскае муз. вучылішча (1959). З 1964 саліст Варашылаўградскай, з 1974 — Крымскай філармоній. Лаўрэат міжнар. конкурсу эстраднай песні «Залаты Арфей» (1969, Балгарыя). Прэмія Ленінскага камсамола 1983.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)