МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),
руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.Банерджы, даследавалі Дж.Маршал, Э.Макей, М.Уілер і Дж.Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1789—94,
орган парыжскага гар. самакіравання ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ліп. 1789 выбаршчыкі Парыжа ад 3-га саслоўя арганізавалі ў ратушы Пастаянны к-т (орган муніцыпальнай улады), які прыняў закон аб выбарах грамадзянамі П.к. (Парыж быў падзелены на 48 секцый). У час Устаноўчага сходу (ліп. 1789 — вер. 1791) у П.к. пераважалі прадстаўнікі канстытуцыйна-манархічнай буржуазіі фельяны, у час Заканадаўчага сходу (да звяржэння манархіі) — рэспубліканцы (жырандысты). У канцы ліп. 1792 у секцыях Парыжа пачаўся рух за звяржэнне караля. 10.8.1792 створана новая паўстанцкая П.к. (большасць складалі якабінцы), якая адыграла вядучую ролю ў звяржэнні манархіі, арганізацыі абароны Парыжа і Францыі ад замежнай інтэрвенцыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту П.к. ліквідавана, большасць яе членаў пакарана смерцю, Парыж падзелены на 12 не звязаных паміж сабою раённых муніцыпальных саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, інтэгратар,
вылічальная прылада для вызначэння інтэграла па дзвюх уваходных велічынях. Бывае аналагавае і лічбавае; мех. (гл.Планіметр), гідраўл., эл. і інш. Выкарыстоўваецца пры рашэнні матэм. задач, мадэліраванні фіз. працэсаў і інш. як самастойная прылада і як састаўная частка інтэрпалятараў, выліч. машын, сістэм аўтам. рэгулявання.
Уваходнымі пераменнымі І.п. бываюць мех. перамяшчэнне, ціск, эл. ток (ці напружанне), колькасць імпульсаў, т-ра і інш. У гідраўлічных І.п. (выкарыстоўваюцца пры вывучэнні неўсталяваных працэсаў цеплаперадачы, фільтрацыі, дыфузіі) даследаваныя пераменныя велічыні (у т. л. выходныя) адлюстроўваюцца ўзроўнямі вадкасці ў пасудзінах, злучаных паміж сабою трубкамі з зададзенымі гідраўл. супраціўленнямі. Асн. элементам электронных І.п. неперарыўнага дзеяння (аналагавых) з’яўляецца эл. кандэнсатар, напружанне на якім прапарцыянальнае інтэгралу ад сілы току праз яго. Такія І.п. ўваходзяць у склад аналагавых выліч. машын. Інфармацыя ў лічбавых І.п. выяўляецца ў выглядзе пэўнага ліку эл. імпульсаў, і інтэграванне выконваецца як падсумаванне гэтых імпульсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),
царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.Палестрына, А.Ласа, К.Мантэвердзі, І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, А.Вівальдзі, Дж.Б.Пергалезі, В.А.Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.Мендэльсон, К.Пендарэцкі, Р.Воан-Уільямс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НЬСКАЯ КУ́ЛЬНЯ, бараньскі кульны двор,
майстэрня па вырабе ядраў і куль для гармат і гакаўніц на тэр. Беларусі ў 16 — сярэдзіне 18 ст.Засн. ў 1597 кн. М.Радзівілам у с. Барань, верагодна, Барысаўскай вол. Аршанскага пав. Работнікаў майстэрні («кульнікаў») набіралі з мясц. сялян, надзялялі іх 1 валокай зямлі, за што яны павінны былі здабываць руду, вырабляць жалеза і вугаль, адліваць ядры і кулі. У кастр. 1598 працавала 14 «кульнікаў». Бараньская кульня пастаўляла кулі і ядры Копыскаму і Біржанскаму (у Літве) замкам. «Кульнікі» ўдзельнічалі ў рамонце і доглядзе ўмацаванняў Копыскага замка, давалі грошы «на выправу выбранцев», «жита на пушкаров замковых» і стацыю (падатак) на выпадак прыезду ў Копысь Радзівілаў. За год на патрэбы Біржанскага замка Бараньская кульня вырабляла 195 вялікіх і 325 меншых ядраў, для Копыскага — 390 меншых ядраў і 780 гакаўнічных куль. Каб зберагаць лясы ад спусташэння, яны павінны былі закопваць за сабою ўсе ямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,
графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».
Літ.:
Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд.Мн., 1972;
Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́Я (ад стараж.-яўр. памазаннік),
1) у іудаізме і хрысціянстве «божы пасланец», «выратавальнік», які павінен знішчыць зло і ўсталяваць «божае царства». Першапачаткова М. называўся цар, які пры ўступленні на трон памазваўся асвячоным алеем, у інш. выпадках — ідэальны дзярж. кіраўнік або святар. У час асіра-вавілонскага, персідскага, рымскага панавання над яўрэямі, калі няўдалыя спробы вызвалення пахіснулі веру ў магутнасць Яхве, у іудаізме склаўся класічны вобраз М. як збавіцеля, выратавальніка, які павінен узначаліць яўр. народ, вызваліць яго ад іншаземнага панавання і забяспечыць яму пануючае становішча сярод іншых народаў. У хрысціянстве ідэя М. ўвасобілася ў вобразе Ісуса Хрыста, які вёў радаслоўную ад цара Давіда і ахвяраваў сабою для выратавання ўсяго чалавецтва ад першароднага граху; уваскрослы Хрыстос павінен прыйсці на зямлю ў другі раз, каб канчаткова знішчыць зло і вырашыць лёс чалавецтва. Ідэя аб М. прысутнічае ў інш. рэлігіях свету (Вішну — у індуізме, Майтрэя — у будызме, Саош’янт — у зораастрызме і інш.); яна была характэрна для многіх сял. і нац.-вызв. рухаў. Многія сучасныя нетрадыц. культы ўвасабляюць ідэю М. ў вобразах заснавальнікаў гэтых вераванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФІЗІ́ЦТВА (ад мона + грэч. physis прырода, існасць),
хрысціянскае вучэнне, якое ўзнікла ў 5 ст. ў Візантыі як рэакцыя на арыянства і нестарыянства. Заснавальнік М. канстанцінопальскі архімандрыт Яўціхій (каля 378—454) сцвярджаў, што спачатку асобна існавалі 2 прыроды Хрыста — боская і чалавечая, аднак пасля спалучэння іх пры богаўвасабленні стала існаваць адна. Зыходзячы з гэтага, прыхільнікі М. лічылі, што на крыжы ахвяраваў сабою сам Бог, а не Богачалавек, таму гэтая ахвяра ў пэўнай ступені служыць толькі сімвалам. У 448 памесны патрыяршы сабор у Егіпце пазбавіў Яўціхія сана архімандрыта, але яго падтрымаў імператар Візантыі Феадосій II, які склікаў сабор епіскапаў у Эфесе (449), дзе Яўціхій быў апраўданы Пасля смерці Феадосія II Халкідонскі усяленскі сабор 451 прыняў дыяфізіцкую дактрыну (вучэнне аб дзвюх прыродах Хрыста) і асудзіў М. як ерась. Працяглая ўзбр. барацьба хрысціян-монафізітаў прывяла да аддзялення нехалкідонскіх цэркваў ад афіц.візант. царквы. Але на аснове М. былі заснаваны копцкая царква ў Егіпце і Эфіопіі, сірыйская (якавісцкая) царква, армянская апостальская царква, якія захоўваюць сваю дагматычную і царк. самастойнасць. Гл. таксама Монафеліты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,
дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.Опіц, які першы пачаў пісаць філас.грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.Г.Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.
Літ.:
Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.