сістэма звязаных паміж сабою астронама-геадэзічных пунктаў, якія размешчаны адзін ад аднаго на адлегласці 70—100 км. Утворана з радоў і сетак трыянгуляцыі і паліганаметрыі. Служыць для вызначэння фігуры і памераў Зямлі, складання тапаграфічных картаў. Гл.Апорная геадэзічная сетка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАСПЛА́Ў,
сплаў лесу, транспартаванне лесаматэрыялаў воднымі шляхамі, заснаванае на плывучасці драўніны. Найб. танны (у некаторых раёнах адзіны) від транспартавання драўніны. Адрозніваюць Л. молевы (россыпам), плытавы і кашэльны.
Молевым сплавам транспартуецца не звязанае між сабою бярвенне. Пры плытавым сплаве лес злучаюць у пакеты-пукі (аб’ёмам да 70 м³), з якіх складваюць плыты і буксіруюць параходамі або сплаўляюць уніз па цячэнні. Самасплаўнымі плытамі кіруюць з дапамогай вёслаў, якараў, лотаў. Кашэльны сплаў — нязлучаныя лесаматэрыялы агароджваюць звязаным між сабою бярвеннем і транспартуюць суднамі (буксіроўшчыкамі). Для пропуску лесу праз плаціны, каналы, пад мастамі робяць лесапрапускныя збудаванні. Пры молевым і кашэльным Л. бярвенне тоне, засмечвае рэкі (такі Л. абмяжоўваецца). На Беларусі выкарыстоўвалі молевы Л. (да 1974) і плытавы (да 1998). Л. ажыццяўляўся па рэках: Зах. Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Дняпро, Гарынь. У 1980-я г. аб’ёмы Л. складалі каля 700 тыс.м³ за год. У канцы 1990-х г. аб’ёмы Л. значна скараціліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЗЕЛЬ (ад польск. węzeł вузел),
манаграма, пачатковыя літары тытула, імя і прозвішча адной або некалькіх асоб, якія звычайна пераплятаюцца паміж сабою і ўтвараюць своеасаблівы ўзор, малюнак. Мог быць упрыгожаны вянком, каронаю і інш. Вензель манархаў выкарыстоўваўся як геральдычны сімвал на грашовых знаках і інш. (напр., вензель вял. князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста — SA; Стафана Баторыя — SR; Яна II Казіміра Вазы — JKR). Выкарыстоўваецца і як фірменная марка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛАНЕ́ЛА, віланель (італьян. villanella ад лац. villanus сялянскі, вясковы),
лірычны верш цвёрдай страфічнай будовы. Бярэ вытокі ў сярэдневяковай італьян. і франц. песеннай паэзіі. Складаецца з шасці 3-радковых строф, сярэднія радкі якіх рыфмуюцца паміж сабою. Пачатковы і заключны радкі 1-й страфы, звязаныя кальцавой рыфмай, папераменна паўтараюцца ва ўсіх астатніх тэрцэтах. Завяршае віланелу радок 1-й страфы. У бел. паэзіі гэту страфічную форму выкарыстаў С.Панізнік у вершы «Дзень развітання».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕ́ДКІ,
традыцыйны звычай бел. радзіннай абраднасці — наведванне парадзіхі пасля родаў; лакальныя назвы водведы, адведзіны, провідкі, наведы. У адведкі ішлі звычайна замужнія жанчыны ў першыя 2—3 дні (на Палессі — у 2 тыдні і болей) пасля родаў, каб дапамагчы парадзісе і яе сям’і. Паводле звычаю ў адведкі неслі з сабою яешню, хлеб, кашу, сыр, мёд, на Палессі яшчэ боршч, аладкі, варэнікі і інш. Звычай захаваўся, але ў адведкі сталі хадзіць і мужчыны, і незамужнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРЭ́ЖА,
у беларусаў традыц. рыбалоўная снасць. Складаецца з 2 сеткавых мяшкоў (кулёў), нацягнутых на абручы і злучаных з аднаго боку паміж сабою сеткай, што перагароджвала шлях рыбе і накіроўвала яе ў конусападобныя горлы сеткі. Мяшкі скіраваны горламі адзін да аднаго; з аднаго боку яны адкрытыя, каб заходзіла рыба, з другога — зацягнуты матузом. Ставяць М. пераважна на азёрах, найчасцей па некалькі ў рад. Найб. пашырана на Паазер’і, дзе ў наш час з’яўляецца прыладай прамысл. лову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́БЛІ (франц. notables ад лац. notabilis значны),
члены сходаў, якія склікаліся франц. каралём у 14—18 ст. для абмеркавання дзярж. пытанняў, пераважна фін. і адміністрацыйных. У адрозненне ад дэпутатаў Генеральных штатаў не выбіраліся саслоўямі, а прызначаліся каралём з прадстаўнікоў вышэйшага дваранства, духавенства, гар. вярхоў. Сходы Н. склікаліся нерэгулярна, мелі дарадчы характар, падмянялі сабою сходы Ген. штатаў. У 1787 Н. адхілілі падатковыя праекты ўрада, якія парушалі правы прывілеяваных саслоўяў. Апошні іх сход скліканы ў 1788.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАН,
прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася ў старажытнасці для разбурэння крапасных сцен, высадкі на сцены крэпасці ўзбр. воінаў і пры абардажы караблёў. Упершыню ўжыты ў час Пунічных войнаў (3—2 ст. да н.э.). Крапасны воран меў форму масіўнага крука, які прыводзілі ў рух некалькі воінаў, або форму калодзежнага «жураўля» са скрыняй для воінаў. Абардажны воран уяўляў сабою перакідны мост (бервяно) з метал. крукам на канцы, які ўтыкаўся ў палубу або борт карабля. Выкарыстоўваўся ў эпоху вёславага і паруснага флоту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́Су тэрмадынаміцы,
працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл.Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІ́ТЫ, амонаідэі (Ammonoidea),
надатрад вымерлых малюскаў кл. галаваногіх. Былі пашыраны ў дэвонскім і мелавым перыядах, дасягнулі росквіту ў сярэдзіне мезазойскай эры. Вядома каля 1,5 тыс. родаў і 5 тыс. відаў. Рэшткі аманітаў трапляюцца ўсюды ў марскіх адкладах. На Беларусі найб. поўна фауна аманітаў прадстаўлена ў Прыпяцкім прагіне ў адкладах верхняюрскай сістэмы.
Ракавіны 1 см — 2 м у папярочніку. Падзяляліся перагародкамі на самастойныя камеры, у адной з якіх размяшчалася цела. Астатнія былі запоўнены газам і злучаліся паміж сабою тонкім вырастам мяккага цела (сіфонам), які служыў рэгулятарам газавага ціску ў камерах. На галаве шчупальцы. Маглі жыць у бурнай прыбярэжнай паласе. Драпежнікі. Маюць стратыграфічнае значэнне.