ВЕРТЫКА́ЛЬНЫЯ ВУГЛЫ́,

пары вуглоў з агульнай вяршыняй, якія ўтвараюцца пры перасячэнні дзвюх прамых так, што стораны аднаго вугла з’яўляюцца працягам старон другога. Вертыкальныя вуглы роўныя паміж сабой.

Дзве пары вертыкальных вуглоў: (∠ 1, ∠ 2) і (∠ 3, ∠ 4).

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНІ́ЧНАЯ ПРАПО́РЦЫЯ,

прапорцыя, сярэднія члены якой аднолькавыя, апошні член уяўляе сабой рознасць паміж першым і сярэднім: a/b=b(a-b). Раскладанне ліку а на 2 складаемыя b і (a-b) наз. гарманічным дзяленнем або залатым сячэннем.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СТАР,

α-Блізнят, зорка 1,6 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 34 разы большая за сонечную, адлегласць ад Сонца 14 пк. Уяўляе сабой сістэму 4 зорак. Названы імем аднаго з двух братоў-блізнят у стараж.-грэч. міфалогіі.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КШМАНА,

герой стараж.-інд. эпасу «Рамаяна», сын цара Дашаратхі, зводны брат і адданы сябар Рамы, якога часам падмяняе сабой. Лічыцца, што ў Л. ўвасобілася восьмая доля боскай прыроды Вішну. Паводле аднаго з міфаў, ён памёр, ратуючы Раму.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, што адбываюцца толькі ў адным напрамку. Прыводзяць да поўнага ператварэння зыходных рэчываў у канчатковыя прадукты, якія не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Да Н.р. адносяцца, напр., рэакцыі гарэння, раскладання выбуховых рэчываў. Гл. таксама Абарачальныя рэакцыі.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯ́ДЫ (грэч. Hyades),

рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

у Цэнтральнай Афрыцы, у Камеруне, Габоне і Рэспубліцы Конга. Абмяжоўвае з З упадзіну Конга. Уяўляе сабой выступ фундамента Афрыканскай платформы. Выш. ад 700 да 1500—2000 м. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы, паркавыя саванны.

т. 12, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСО́МЫ (ад мікра... + сома),

дробныя гранулы (да 100 нм) субклетачнай фракцыі жывёльных і раслінных клетак. Фракцыя М. уяўляе сабой рыбасомы, абломкі мембран эндаплазматычнага рэтыкулума. У М. прысутнічаюць ферменты вугляводнага абмену, біясінтэзу ліпідаў і стэроідаў. Атрымліваюць пры дыферэнцыяльным цэнтрыфугаванні клетачных гомагенатаў.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЛІНГ (Darling),

горны хрыбет на ПдЗ Аўстраліі. Даўж. каля 300 км. Выш. да 582 м (г. Кук). Уяўляе сабой моцна расчлянёны эрозіяй край Зах.-Аўстрал. пласкагор’я, што стромка абрываецца да прыморскай нізіны. На вільготных зах. схілах эўкаліптавыя лясы, якія раўнінах пераходзяць у рэдкалессе.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХ ЦЕЛ ЗАДА́ЧА (у астраноміі),

задача нябеснай механікі пра рух 2 цел, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой пры дапамозе гравітацыйных сіл (гл. Сусветнага прыцягнення закон). Рашэнне Д.ц.з. паказвае, што целы (планеты) рухаюцца па адным з канічных сячэнняў (эліпс, парабала, гіпербала) паводле Кеплера законаў.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)