марское млекакормячае атр. кітападобных. Жыве ў арктычных водах Грэнландыі, Паўн. Канады, Шпіцбергена і ПнУ Зямлі Франца-Іосіфа.
Даўж. да 6,1 м, маса 1—1,5 т. Афарбоўка светлая з мноствам чорных плямаў (дзіцяняты цёмныя). У самцоў (зрэдку ў самак) у левай верхняй сківіцы бівень (рог) даўж. да 3 м (адсюль назва), якім яны прабіваюць аддушыны ў ільдах. Корміцца галаваногімі малюскамі і рыбай. Рэдкі. Ахоўваецца, занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ШКА (Rubus chamaemorus),
кветкавая расліна сям. ружавых. Пашырана ў тундравай і таежнай зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі арктабарэальны рэліктавы від, трапляецца за межамі суцэльнага пашырэння пераважна ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей на вярховых балотах і ў забалочаных лясах. Занесена ў Чырв. кнігу.
Шматгадовая двухдомная травяністая расліна выш. 5—20 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Лісце ныркападобнае, маршчыністае, 5-лопасцевае. Кветкі буйныя, белыя, адзіночныя, аднаполыя. Плод — аранжавая шматкасцянка, ядомы. Лек., харч. і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАДУ́НКА (Xenus cinereus),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў лесатундры і лясной зоне Еўразіі. Жыве па берагах рэк і азёр, на вільготных лугах. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца пераважна ў бас.р. Прыпяць, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 27 см, маса 100 г. Апярэнне зверху шаравата-бурае з чорнымі палосамі, знізу белае. Дзюба тонкая, доўгая, выгнутая ўгору, буравата-чорная, каля асновы бледна-аранжавая. Ногі жаўтавата-ружовыя. Корміцца дробнымі беспазваночнымі. Гняздо на зямлі, нясе 4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РКІЯ ІРЛА́НДСКАЯ (Moerckia hibernica),
слаявінны юнгерманіевы пячоначны мох сям. палавічыніевых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі адзначана ў наваколлі г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл., занесена ў Чырв. кнігу як рэдкі барэальны еўрасібірска-амерыканскі від. Трапляецца на лясным подсціле ў вільготных цяністых лясах.
Слаявіна распасцёртая, зялёная або жаўтавата-зялёная з кучаравым краем. Сярэдняе рабро патоўшчанае, знізу мае рызоіды. Вонкавая абгортка спарагонія глыбокаразрэзаная, складаецца з лісцікаў, зрослых каля асновы. Каробачка на ножцы, авальная, чырв.-бурая, раскрываецца падоўжнымі створкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТЭРЫГІНА́НДРУМ (Pterigynandrum),
род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 3 віды. Пашыраны ў лясной паласе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі рэліктавы від П. ніткападобны (P. filiforme), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў разрэджаных хваёвых і мяшаных лясах на валунах, пнях, зрэдку на лугах.
Двухдомныя лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, зялёныя, жоўта-зялёныя, бураватыя, бліскучыя. Сцёблы паўзучыя ці ўзыходныя, вілавата- або кусціста-разгалінаваныя. Лісце чарапічнае, каротказавостранае. Каробачка на ножцы, прамастойная, цыліндрычная, жаўтавата-карычневая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГА́Ч РЫ́БНЫ, сава рыбная (Ketupa blakistoni, або К. zeylonensis),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашыраны ў Паўд.-Зах. і Усх. Азіі. Жыве ўздоўж рэк. Усюды рэдкі аселы від. Гнёзды ў дуплах, нішах скал, старых гнёздах.
Даўж. каля 70 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,1 кг. Апярэнне вохрыста-бурае з цёмнымі стракацінамі. Цэўка часткова апераная, пальцы голыя, з шыпікамі знізу і з бакоў. Корміцца пераважна рыбай (адсюль назва), земнаводнымі. Адкладвае 2—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 750 м, найб.шыр. 460 м, найб.глыб. 5,1 м. Пл. вадазбору каля 1 км².
Схілы катлавіны разараныя, на У і ПнУ пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. У цэнтры невял. востраў. Зарастае да глыб. 4 м; у флоры рэдкі для Беларусі від — наяда марская. На ПдЗ злучана ручаём з воз. Ясна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУЧА́ЙНІК (Tringa stagnatilis),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах, на балотах і па берагах вадаёмаў. На Беларусі рэдкі гняздоўны і пералётны від, трапляецца пераважна на Пд Гомельскай вобл.; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 23 см, маса да 85 г. Апярэнне спіны шаравата-бурае, брушка і надхвосце белае. На валляку і грудзях цёмныя стракаціны. Хвост з папярочнымі цёмнымі палосамі. Дзюба тонкая, чорная. Корміцца воднымі беспазваночнымі. Нясе 3—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́НКА (Clangula hyemalis),
вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў тундры і лесатундры Еўразіі і Амерыкі. Трымаецца чародамі. На Беларусі рэдкі пралётны від.
Даўж. да 60 см, маса да 0,9 кг. Афарбоўка стракатая, мяняецца па сезонах. Вакол вачэй белае кольца. 2 сярэднія пары рулявых пёраў утвараюць доўгі (да 20 см) востры хвост. Корміцца насякомымі, малюскамі, ракападобнымі, дробнай рыбай. Гняздуецца па берагах рэк і азёр. Нясе да 10 яец. Аб’ект палявання.
Маранка: 1 — летам; 2 — зімой (а — самка; б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАЯ ГАЛАВА́ [Acherontia (Manduca) atropos],
матыль сям. бражнікаў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі вельмі рэдкі, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на бульбяных палях, прысядзібных участках.
Даўж. да 6 см, размах крылаў да 13 см. На пярэдняспінцы жоўты малюнак, падобны да чэрапа чалавека (адсюль назва). Брушка масіўнае. Вусені даўж. да 15 см, кормяцца пераважна лісцем паслёнавых раслін. Матылі кормяцца сокам дрэў, зрэдку мёдам. Пры раздражненні матыль, вусень і кукалка здольныя выдаваць гукі («піск»).