КНЯ́ЖАЦКІЯ З’Е́ЗДЫ ў Кіеўскай Русі,
нарады князёў з дынастыі Рурыкавічаў, на якіх вырашаліся важныя паліт., ваен. і рэліг. пытанні. З летапісных крыніц найб. вядомыя: Вышгарадскі К.з. 1072 (разглядаў пытанні аб перанясенні мошчаў св. Барыса і Глеба ў новую царкву, прыняцці «Праўды Яраславічаў» — новай рэдакцыі «Рускай праўды»), Любецкі з’езд 1097, Віцічаўскі К.з. 1100 (пра заключэнне міру паміж князямі Святаполкам Ізяславічам, Уладзімірам Манамахам, Алегам Святаславічам і інш. і саюз супраць полаўцаў), Долабскі К.з. 1103 (пра арганізацыю паходу супраць полаўцаў).
т. 8, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,
бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.
т. 13, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,
часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМАГА́Р (Алесь) (сапр. Яцэвіч Аляксандр Хведаравіч; 1.10.1903, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1995),
бел. пісьменнік. Брат Янкі Золака. Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Мінску (1930). У гады фаш. акупацыі працаваў у рэдакцыі «Беларускай газэты», быў настаўнікам, інспектарам нар. школ. З 1944 у эміграцыі, жыў у Аўстрыі, Францыі, з 1956 у ЗША. Аўтар паэт. зб. «Да згоды» (1962), кніг артыкулаў «Вызвольныя шляхі» (1965) і апавяданняў «Лесавікі» (1973), рамана «Случчына ў агні» (1986). Творы З. адметныя сплавам мастацкасці і публіцыстычнасці.
С.Б.Сачанка.
т. 7, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ПАРТЫЗА́НСКАЙ СЛА́ВЫ Створаны ў 1971 ва ўрочышчы Хаваншчына (за 3 км на Пд ад в Корачын) Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., дзе ў 1943—44 у Вял. Айч. вайну базіраваліся Брэсцкія падп. абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, штаб Брэсцкага партыз. злучэння, рэдакцыя і друкарня падп. газ. «Зара»; філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. 960 адзінак асн. фонду (1999). Уключае 4 драўляныя домікі, 2 зямлянкі, калодзеж, «Лясную школу». У доміках экспанаты пра дзейнасць падп. абкомаў, штаба партыз. злучэння, барацьбу моладзі супраць ням. фашыстаў, работу рэдакцыі газеты, партыз. шпіталя і інш.
т. 11, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.
С.В.Говін.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,
газета, неафіцыйны орган т.зв. арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», створанай рэдактарам газеты Я.Міткевічам. Выдавалася з 22.4 да 2.8.1922 у Гродне на бел. мове. Выходзіла неперыядычна. Арыентавалася на чытачоў-сялян. Праводзіла лінію згодніцтва з уладамі Польшчы, агітавала за супрацоўніцтва з тагачасным паліт. рэжымам. Выступала з нападкамі на «беларускіх дзеячаў», увогуле інтэлігенцыю, якая, на думку рэдакцыі, імкнецца да ўлады, страціла сувязь з вёскай. Выказвалася за адкрыццё бел. прыватных школ, чытальняў, курсаў бел. мовы для дарослых і інш. Інфармавала пра падзеі ў Зах. Беларусі і за мяжой. Існавала за кошт ахвяраванняў. Перастала выходзіць з-за недахопу сродкаў.
А.М.Пяткевіч.
т. 2, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́ЧАНКА (Васіль Васілевіч) (н. 7.1.1925, в. Будзішча Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1957). Працаваў у рэдакцыі магілёўскай раённай газеты, у 1959—87 дырэктар, нам. дырэктара Рэчкаўскай сярэдняй школы Магілёўскага р-на. Літ. дзейнасць пачаў у 1953. Аўтар кніг вершаў для дзяцей «Сонейка ўзышло» (1961), «Сандалікі-скакалікі» (1994), «Загадкі ў калядкі» (1997), «Крылаты будзільнік» (1998). У зб-ках «Споведзь збалелай душы», «Я родам з Будзішча» (абодва 1994), «Вярхом на ўрагане» (1996), «Боль», «Толькі з табою» (абодва 1998) раскрыў багацце, шматграннасць і непаўторнасць свету дзіцячых захапленняў. Пі ша байкі, гумарэскі.
В.У.Смольская.
т. 8, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НРАД (Мікалай Іосіфавіч) (13.3.1891, Рыга — 30.9.1970),
савецкі ўсходазнавец, заснавальнік сав. школы японазнаўства. Акад. АН СССР (1958), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі ун-т і Практычную ўсх. акадэмію (1912). У 1913—50 выкладаў у ВНУ Кіева, Арла, Ленінграда, Масквы, пазней працаваў у Ін-це ўсходазнаўства АН СССР. Асн. працы па літ.-знаўстве, мовазнаўстве, гісторыі і гісторыі культуры Кітая, Карэі, Японіі; перакладчык пісьмовых помнікаў гэтых краін на рус. мову. Даў аналіз заканамернасцей развіцця сусв. л-ры, агульных і своеасаблівых рыс гіст. развіцця краін Азіі і Еўропы. Быў членам гал. рэдакцыі «Сусветнай гісторыі» (т. 1—10, 1955—65), аўтар многіх яе раздзелаў.
т. 8, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕДИЦИ́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
што тыднёвая галіновая газета. Выходзіць з вер. 1991 у Мінску на рус. мове (асобныя публікацыі — на бел. мове). Заснавальнікі: Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, БРК прафсаюза работнікаў аховы здароўя і калектыў рэдакцыі. Асвятляе тэарэт. і практычныя пытанні аховы здароўя, мед. навукі, дзейнасці лячэбна-прафілактычных, н.-д. і навуч. устаноў. Змяшчае матэрыялы пра стан, шляхі і перспектывы мед. абслугоўвання насельніцтва, пра дасягненні айч. і замежнай мед. навукі, тэарэт. і практычныя рэкамендацыі для захавання і паляпшэння здароўя чалавека. Мае рубрыкі «Доктар тлумачыць, папярэджвае, рэкамендуе», «У дапамогу доктару-практыку», «Вы прасілі расказаць», «Дапамажы сабе сам» і інш.
т. 10, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)