РО́БЕРТС ((Roberts) Рычард) (1943, Вялікабрытанія),

амерыканскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. З 1963 у ЗША. Адкрыў (1977, адначасова і незалежна ад Ф.​Шарпа) перарывістую структуру гена. Нобелеўская прэмія 1993 (разам з Шарпам).

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІН (Kean),

англійскія акцёры, бацька і сын. Эдмунд (17.3.1787, Лондан — 15.5.1833), прадстаўнік англ. сцэн. рамантызму. З 1799 вандроўны акцёр, выступаў у правінцыяльных т-рах. У 1814 дэбютаваў на лонданскай сцэне ў т-ры «Друры-Лейн». Лепшы трагічны акцёр Англіі: Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Атэла, Гамлет, Макбет, Рычард III, Рычард II (усе аднайм. п’есы Шэкспіра). Яму быў уласцівы яркі сцэн. тэмперамент, экспрэсіўнасць, псіхал. паглыбленасць. Чарлз Джон (18.1.1811, г. Уотэрфард, Ірландыя — 22.1.1868). Сын Эдмунда. Вучыўся ў Ітане. Дэбютаваў у 1827 у т-ры «Друры-Лейн». У 1850—59 узначальваў т-р «Прынсес». Паставіў 20 спектакляў па п’есах Шэкспіра, у некат. іграў сам. Адзін з першых увёў у практыку працяглы паказ адной п’есы. У 1863—67 гастраліраваў у Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, ЗША.

Літ.:

Минц Н. Эдмунд Кин. М., 1957.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРБЕДЖ ((Burbage) Рычард) (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),

англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.​Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙО́РКІ (Yorks),

дынастыя англ. герцагаў У 14—15 ст. і каралёў у 1461—85, галіна Плантагенетаў. Паходзіла ад герцага Йоркскага Эдмунда — 5-га сына Эдуарда Ш. У 1460 правы на прастол прад’явіў унук Эдмунда Рычард (1411—60, загінуў у бітве пры Уэйкфілдзе). Першым каралём з дынастыі Й. быў сын Рычарда Эдуард IV (1442—83), які правіў у 1461—83 з перапынкам у кастр. 1470 — крас. 1471. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны ён скінуў Генрыха VI Ланкастэра. Сын Эдуарда IV Эдуард V (1470—83) правіў у крас.—жн. 1483, скінуты з прастола і забіты ў Таўэры паводле загаду герцага Глостэра. Апошнім каралём з дынастыі Й. быў герцаг Глостэр Рычард III (1452—85), брат Эдуарда IV, ён загадаў забіць сваіх пляменнікаў Эдуарда V і Рычарда Йоркскага, абвясціў сябе каралём (правіў у 1483—85); загінуў 22.8.1485 у бітве пры Босварце). Пасля яго смерці англ. каралямі сталі Цюдары.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КСТЭР ((Baxter) Рычард) (12.11.1615, Роўтан, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 8.12.1691),

англійскі пурытанскі прапаведнік і багаслоў. У час. Англ. рэвалюцыі 17 ст. выступаў на баку парламента, служыў капеланам аднаго з палкоў індэпендэнтаў. Пазней спрыяў вяртанню на трон Сцюартаў. Развіваў вучэнне кальвінізму, заснаваў яго разнавіднасць — бакстэрызм, які вызначаўся менш строгай трактоўкай догмату аб прадвызначэнні. Аўтар каля 200 багаслоўскіх твораў.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТАН ((Barton) Дэрэк Харальд Рычард) (8.9.1918, Грэйвзенд, графства Кент, Вялікабрытанія),

англійскі хімік; заснавальнік метаду канфармацыйнага аналізу. Скончыў Імперскі каледж навукі і тэхнікі Лонданскага ун-та (1940). З 1957 праф. Лонданскага ун-та. З 1978 дырэктар Ін-та хіміі прыродных злучэнняў у Жыф-сюр-Івеце (Францыя). Навук. даследаванні па хіміі прыродных злучэнняў (стэроіды, тэрпеноіды, ферменты), фотахіміі і біясінтэзе. Нобелеўская прэмія 1969.

Д.Х.Р.Бартан.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),

Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БДЭН ((Cobden) Рычард) (3.6.1804, Данфард, каля г. Мідхерст, Вялікабрытанія — 2.4.1865),

палітычны дзеяч Вялікабрытаніі. Прыхільнік эканам. лібералізму, ідэолаг прамысл. буржуазіі. Фабрыкант. У 1838 разам з Дж.​Брайтам заснаваў Лігу супраць хлебных законаў і пачаў барацьбу з агр. пратэкцыянізмам, які выражаў інтарэсы зямельнай арыстакратыі. У 1841—57 і 1859—65 чл. палаты абшчын. З пазіцый пацыфізму выступаў за скарачэнне ўзбраенняў, міжнар. арбітраж, крытыкаваў знешнюю палітыку Г.​Дж.​Пальмерстана.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДС ((Richards) Рычард) (н. 24.8.1946, г. Кі-Уэст, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 3-га рангу. З 1980 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 8—13.8.1989 на КК «Калумбія» (як пілот), 6—10.10.1990 на КК «Дыскаверы», 25.6—9.7.1992 на КК «Калумбія» і 9—20.9.1994 на КК «Дыскаверы» (як камандзір). Правёў у космасе 34,2 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

Дз.Рычардс.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНСО́ВАЙ І БЕ́ЛАЙ РУ́ЖЫ ВАЙНА,

барацьба за трон ў Англіі ў 1455—85 паміж двума адгалінаваннямі каралеўскай дынастыі Плантагенетаў: Ланкастэрамі (у гербе пунсовая ружа) і Йоркамі (у гербе белая ружа). Йоркаў падтрымлівалі новадваранскія элементы, лонданскае купецтва і больш развітыя паўд.-ўсх. раёны краіны; апорай Ланкастэраў былі феад. групоўкі пераважна на Пн і З. Незадаволены засіллем ланкастэрцаў герцаг Рычард Йоркскі 21.5.1455 у бітве пры Сент-Олбансе разбіў іх войскі і стаў пратэктарам (правіцелем) пры псіхічнахворым Генрыху VI (гл. Генрых, англ. каралі). У 1459 Ланкастэры аднавілі сваю ўладу. У 1460 йаркісты на чале з графам Уорвікам увайшлі ў Лондан. Рычард Йоркскі заявіў свае правы на трон, аднак 30.12.1460 у бітве пры Уэйкфілдзе быў забіты. Яго сын Эдуард у бітве пры Тоўтане 29.4.1461 разграміў ланкастэрцаў і 28.6.1461 каранаваўся як Эдуард IV. Яго спробы праводзіць самастойную палітыку прывялі да сутыкнення з Уорвікам. У вер. 1470 войскі Уорвіка аднавілі на троне Генрыха VI. Эдуарда IV падтрымаў герцаг Бургундскі. 14.4.1471 у бітве пры Барнеце і 4.5.1471 у бітве пры Цьюксберы ланкастэрцы пацярпелі паражэнне, забіты Уорвік і сын Генрыха VI прынц Уэльскі Эдуард. 21.5.1471 у Таўэры забіты Генрых VI. Пасля смерці Эдуарда IV у 1483 трон перайшоў да яго 12-гадовага сына Эдуарда V. Аднак уладу захапіў яго дзядзька герцаг Глостэр, які 6.7.1483 каранаваўся як Рычард III. Эдуард V і яго брат герцаг Йоркскі былі забіты ў Таўэры. Ланкастэрцы і частка йаркістаў аб’ядналіся і выступілі супраць Рычарда III; 22.8.1485 у бітве каля Босварта ён загінуў. Гэта бітва завяршыла вайну, у якой загінула чвэрць насельніцтва Англіі. Трон перайшоў да далёкага родзіча Ланкастэраў Генрыха VII, які паклаў пачатак дынастыі Цюдараў.

Літ.:

Штокмар В.В. История Англии в средние века. Л., 1973;

Гриффитс Р.А., Томас Р. Становление династии Тюдоров: Пер. с англ. Ростов н/Д., 1997.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)