УЛЬЯ́НАЎ Міхаіл Аляксандравіч (н. 20.11.1927, с. Бергамак Мурамцаўскага р-на Омскай вобл., Расія),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1950). З 1950 у Маскоўскім т-ры імя Я.Вахтангава (з 1987 маст. кіраўнік). Валодае шырокім дыяпазонам творчых магчымасцей, магутным тэмпераментам, багатай палітрай артыстычных сродкаў: ад псіхал. заглыбленасці да гратэску. Сярод роляў: Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Сяргей («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Горлаў («Фронт» А.Карнейчука), маршал Жукаў («Паўстаронкі аператыўнай зводкі» паводле К.Сіманава), Сцяпан Разін («Сцяпан Разін» паводле В.Шукшына; пастаноўка У. з Г.Чарняхоўскім), Сталін («Урокі майстра» Д.Паўнела), Антоній, Рычард III («Антоній і Клеапатра», «Рычард III» У.Шэкспіра), Цэзар («Сакавіцкія іды» Т.Уайлдэра), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына), Савелій Туберозаў («Сабаране» паводле М.Ляскова), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Цыганаў («Варвары» М.Горкага), Брыгела («Прынцэса Турандот» К.Гоцы) і інш. Паставіў спектаклі: «Сітуацыя» В.Розава (1973), «Скупшчык дзяцей» Дж.Херсі (1986). Здымаецца ў кіно: «Старшыня», «Браты Карамазавы», «Апошнія ўцёкі», «Прыватнае жыццё» (прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, 1983), «Тэма», «Без сведкаў», «Варашылаўскі стралок», шматсерыйны «Вызваленне» і інш., а таксама на тэлебачанні (тэлесерыял «Самазванцы»), Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія Расіі 1975. Дзярж. прэмія СССР 1983.
т. 16, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)