АПЛО́МБ (франц. aplomb літар. раўнавага) у харэаграфіі, упэўненая, свабодная манера выканання; уменне захоўваць у раўнавазе ўсе часткі цела. Тэрмін «апломб» ідзе ад прыёмаў віртуознай тэхнікі танца 18 ст. — «рабіць апломб» значыла заставацца ў раўнавазе на паўпальцах некалькі тактаў; у 1-й трэці 19 ст. — устойлівасць на кончыках пальцаў.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАСТАЗІ́Я (ад іза... + грэч. stasis стан, становішча), ізастатычная раўнавага,

становішча верхніх гарызонтаў Зямлі (зямной кары, літасферы), якое праяўляецца ва ўраўнаважанні ўнутры астэнасферы на глыб. 100—150 км (глыбіня кампенсацыі) ціску вышэйляжачых гарызонтаў. Істотная ч. ізастатычнай кампенсацыі забяспечваецца зменамі магутнасці зямной кары, варыяцыямі шчыльнасці падкоравага слоя і зменамі таўшчыні літасферы. Значна ўплывае на амплітуду тэктанічных рухаў.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ЖНЫ ПРАЦЭ́С, квазістатычны працэс,

працэс пераходу тэрмадынамічнай сістэмы з аднаго стану ў другі, пры якім сістэма праходзіць праз неперарыўны шэраг раўнаважных станаў (гл. Раўнавага тэрмадынамічная); адно з асн. паняццяў тэрмадынамікі раўнаважных працэсаў. Тэарэтычна Р.п. адбываецца бясконца павольна. Рэальны працэс набліжана лічыцца Р.п., калі адметныя змены параметраў сістэмы адбываюцца за прамежкі часу, якія значна перавышаюць час рэлаксацыі.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад дэ... + кампенсацыя),

парушэнне дзейнасці органа, сістэмы органаў і арганізма ў цэлым з прычыны знясілення ці зрыву яго прыстасавальных механізмаў. Шкодныя ўздзеянні выклікаюць значныя змены ў арганізме і парушаюць раўнавагу паміж арганізмам і навакольным асяроддзем, што існуе пастаянна. Праз некат. час арганізм прыстасоўваецца да новых умоў існавання (напр., гіпертрафіруецца мышца сэрца пры яго пароках) і раўнавага аднаўляецца — настае кампенсацыя.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКО́ВІЧ Дзмітрый Анатолевіч (н. 7.4.1965, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. АМ (1993). Праз адметную сістэму знакаў стварае вобразнае канструяванне карцін унутр. жыцця чалавека. Канкрэтную ідэю ўвасабляе ў старанна прадуманых, часам спрошчаных і выразных вобразах, якія пазбаўлены адназначнасці і дазваляюць асэнсаваць узнятыя праблемы ў розных планах. Сярод твораў: «Падарожжа», «Эскімо», «Калекцыя», «Раўнавага», «Кішэня», «Гульня», «Сустрэча», «Кампазіцыя» (усе 1990-я г.).

Дз.Зяньковіч. Кампазіцыя. 1997.

т. 7, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́ДНЫ ПАКА́ЗЧЫК (pH),

велічыня, якая характарызуе канцэнтрацыю (актыўнасць) іонаў вадароду ў растворах. Лікава роўны адмоўнаму дзесятковаму лагарыфму канцэнтрацыі [H​+] (актыўнасці) вадародных іонаў H​+, якая выражана ў молях на літр (моль/л): pH=-lg[H​+]. Водныя растворы маюць pH ад 1 да 14: у нейтральных pH=7, у кіслых pH < 7, у шчолачных pH > 7. Пастаянства вадароднага паказчыку падтрымліваецца буфернымі растворамі. Вызначаюць pH з дапамогай кіслотна-асноўных індыкатараў, больш дакладна — патэнцыяметрычна (гл. Патэнцыяметрыя). Гл. таксама Кіслотна-шчолачная раўнавага.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫЯ СІСТЭ́МЫ,

тэрмадынамічныя сістэмы, якія абменьваюцца рэчывам (энергіяй і імпульсам) з навакольным асяроддзем. Да адкрытых сістэм адносяцца хім. і біял. сістэмы (у т. л. і жывыя арганізмы), у якіх бесперапынна працякаюць хім. рэакцыі за кошт паступлення вонкавых рэчываў, а прадукты рэакцый выдаляюцца. У адрозненне ад замкнутых (ізаляваных) сістэм у адкрытых сістэмах немагчыма раўнавага тэрмадынамічная, аднак яны могуць знаходзіцца ў стацыянарных станах, якія характарызуюцца пастаянствам скарасцей хім. рэакцый, пераносу рэчыва і энергіі, а таксама мінім. прыростам энтрапіі.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЧА́Г,

цвёрдае цела, здольнае паварочвацца вакол фіксаванай восі пад дзеяннем сіл, перпендыкулярных да восі вярчэння. Адзін з найпрасцейшых механізмаў (разам з колам і вінтом). Вядомы з глыбокай старажытнасці. Тэорыя раўнавагі Р. пад дзеяннем сіл цяжару распрацавана Архімедам. Пры дзеянні некалькіх сіл раўнавага Р. дасягаецца пры ўмове, што сума момантаў гэтых сіл раўняецца нулю (гл. Момант сілы). Шырока выкарыстоўваецца ў якасці элемента канструкцый механізмаў і машын.

Рычаг «дошка-арэлі»: 1 — груз; 2 — пункт апоры; 3 — прыкладзеная сіла.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННЫ АБМЕ́Н,

абарачальны працэс стэхіяметрычнага абмену іонамі паміж іанітам і растворам электраліту.

Прынята разглядаць І.а. як гетэрагенную абменную хім. рэакцыю, якая характарызуецца канцэнтрацыйнай канстантай раўнавагі (гл. Раўнавага хімічная). Працэс І.а. мае дыфузійны характар. Каэф. дыфузіі іонаў у іанітах (10​−6 см²/с) памяншаецца з павелічэннем зарадаў іонаў і ступені сшытасці іанітаў. Выкарыстоўваюць у цеплавой і атамнай энергетыцы для атрымання абяссоленай вады, у гідраметалургіі пры перапрацоўцы бедных руд каляровых, рэдкіх і высакародных металаў, у аналітычнай хіміі (іонаабменная храматаграфія). Гл. таксама Іонаабменныя смолы.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАТУ́Н Сымон Ціханавіч (10.5.1937,в. Кавака Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 3.4.1970),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1959). Працаваў журналістам. Друкаваўся з 1956. Аўтар зб-каў вершаў «Раўнавага» (1968), «Радаслоўнае дрэва» (1970), паэмы «Барвянае ляда» (1970), прысвечанай памяці ахвяр Хатыні. Рамантычная ўзнёсласць, шчырасць, задушэўнасць, аптыміст. роздум пра месца чалавека ў жыцці — асн. рысы паэзіі Блатуна. Гумарэскі, сатыр. мініяцюры склалі зб. «Калючая шаткаванка» (1971).

Тв.:

Чысціня: Лірыка;

Гумар;

Пераклады. Мн., 1979.

Літ.:

Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978. С. 146—148;

Макарэвіч В. Трывалае карэнне // Полымя. 1980. № 10.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)