Е́ЛЬСКІ РАЁН,

на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Каралінскі р-н, перайменаваны (1931) у Ельскі (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 23,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 51,7%. Сярэдняя шчыльнасць 17,3 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ельск, 70 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Багуціцкі, Валаўскі, Засінцаўскі, Качышчанскі, Млыноцкі, Рамязоўскі, Роза-Люксембургскі, Скараднянскі, Старавысокаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Поўнасцю адселена 5 нас. пунктаў (1996), у зоне з правам адсялення знаходзяцца 46 нас. пунктаў, дзе пражывае 18,8 тыс. чал.

Тэр. раёна пераважна ў межах Мазырскага Палесся, цэнтр. і паўд.-ўсх. ч. ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня пласкахвалістая. 75% тэр. раёна на выш. 130—140 м, 25% — 140—160 м. Найвыш. пункт 177,8 м на Пд раёна (урочышча Ямны). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, нафтавыя праяўленні, мінер. крыніца. У Е.р. ў 1952 упершыню на Беларусі атрымана са свідравіны нафта (18 т). Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. У паўд. ч. раёна працякае р. Славечна з прытокамі Чэрцень, Батыўля, Ясенец, Жалонь, на ПнУ — Мытва з прытокам Млынок. Меліярац. каналы: Белякоўскі, Воўне, Высокі, Высока-Махнавіцкі, Валаўскі, Зашыр’еўскі і інш. 10 вадасх., найб. Кочышча, Бабруйкаўскае, Княжабор’еўскае. Пераважаюць глебы (79,3%) дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 53% тэрыторыі. Найб. лясістасць на ПдЗ, лясы хваёвыя і бярозавыя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць 16,9% тэр., усе асушаны. Найб. балотныя масівы: Гала, Перасечанае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 45,4 тыс. га, з іх асушаных 27,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 6 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэблевая ф-ка), буд. (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.) і харч. прам-сці. Леспрамгас. Лясгас.

Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Калінкавічы—Оўруч (Украіна), нафтаправод «Дружба». Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Нароўля і г.п. Лельчыцы. У раёне 13 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пачатковыя, 2 муз. школы, школа-інтэрнат, міжшкольны вытв.-вучэбны камбінат, 18 дашкольных устаноў, 38 клубаў і дамоў культуры, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — царква (18 ст.) у г. Ельск. Выдаецца газ. «Народны голас».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,

на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 21,5 тыс. чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п. Вялікая Бераставіца, р.п. Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб. р. Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс. га, з іх асушана 7,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сць буд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в. Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в. Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 20,7 тыс. чал. (1995), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 12,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ветка, 88 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Вяліканямкоўскі, Данілавіцкі, Маланямкоўскі, Неглюбскі, Прыснянскі, Радужскі, Свяцілавіцкі, Стаўбунскі, Хальчанскі, Шарсцінскі, Яноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), адселена 16 700 жыхароў з 53 населеных пунктаў.

Большая ч. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся, паўн., паўд.-зах. і ўсх. часткі — на Чачорскай раўніне. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 120—150 м, найвыш. пункт 188,9 м (на ПдУ раёна, каля в. Старое Закружжа). Карысныя выкапні: торф, вапна, мел, гліны для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Сож з прытокамі Беседзь, Нёманка, Спонка, Ліпа. У поймах рэк шмат старыц. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 30,3% тэр. раёна. Найб. лясістасць на ПнЗ па левабярэжжы Сажа. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 10,3 тыс. га. Біял. заказнік Веткаўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 51 тыс. га, з іх асушана 16,6 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 5 калгасаў і 10 саўгасаў. Конезавод «Гомельскі». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), тэкст. (пража, пакрывалы, ручнікі), харч. (масла, крухмал) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Гомель—Ветка—Свяцілавічы—Чачэрск, Буда-Кашалёва—Ветка—Добруш. Суднаходства па Сажы і Беседзі. У раёне 11 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач. школ, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 15 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 21 б-ка, 4 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, пансіянат для ветэранаў Вял. Айч. вайны і працы. Помнік архітэктуры — сядзіба пач. 19 ст. ў в. Хальч. Вёска Неглюбка — цэнтр ткацкага рамяства. Выдаецца газ. «Голас Веткаўшчыны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРЫНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—60. Утвораны 17.7.1924 у складзе Полацкай акр. (да 26.7.1930). Пл. 913 км², нас. 34,9 тыс. чал. (1925). 821 нас. пункт. Цэнтр раёна — г.п. Ветрына. Падзяляўся на 12 сельсаветаў. 8.7.1931 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Полацкага р-на. 12.2.1935 адноўлены. Пл. новага раёна 1,1 тыс. км². З 21.6.1935 у складзе Полацкай акр., з 20.2.1938 — Віцебскай вобл., з 20.9.1944 — Полацкай вобл. 20.1.1960 скасаваны, яго тэр. перададзена ў склад Ушацкага і Полацкага р-наў.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАЧЫ́НСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1931). Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 34,1 тыс. чал. (2002), гарадскога 45%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км² Цэнтр — г. Талачын. Раён уключае г.п. Коханава. 271 сельскі нас. пункт, Коханаўскі пасялковы Савет, 10 сельсаветаў: Аболецкі, Азерацкі, Алёнавіцкі, Валосаўскі, Воўкавіцкі, Жукнеўскі, Плоскаўскі, Серкавіцкі, Слаўнаўскі, Талачынскі. На З раёна невял. плошчы забруджаны радыенуклідамі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Тэр. раёна знаходзіцца ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня спадзіста-хвалістая і градава-ўзгорыстая, 70% яе на выш. 200—240 м, ніжэй за 200 м каля 20%. Найвыш. пункт 255 м (каля в. Серкавіца). Глыбіня расчлянення рэльефу да 25—30 м/км². Карысныя выкапні: торф. пясок. пясчана-жвіровы матэрыял. гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -7.6 °C, ліп. 17.6 С Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 182 сут. Па тэр. раёна праходзіць водападзел паміж рэкамі басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Тут бяруць пачатак р. Друць з прытокамі: Бярозаўка, Хвашчоўка з Малінаўкай і Прудчанкай. Крывая з Іржэўкай; Бобр з Асакой; Абчуга; Пліса з Ільянкай; Абалянка; Еленка; на мяжы з Аршанскім р-нам працякае р. Адроў з прытокамі Дзярноўка і Сакалянка. Азёры: Касмачэўскае, Глыбокае. Сярэдняе. Вадасховішчы на рэках Друць. Рагачоўка. Сакалянка. Крывая. Пліса. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (59.8%), дзярнова-падзолістыя (24,7%). Пад лесам 30,2% тэрыторыі. Пераважаюць лясы яловыя. хваёвыя. бярозавыя; трапляюцца асінавыя, чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, ліпавыя, дубровы; 13% — штучныя насаджэнні. пераважна хваёвыя. Найб. масівы на З і ПдУ раёна Пад балотамі 2,1% тэр. раёна. Найб. балоты Усвіж-Бук, Слаўнае. У межах раёна мікразаказнікі: бат. Лаўрэнавічы (мядзведжая цыбуля) і ландшафтна-гідралагічны Скарпуцева. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Рацава» і «Юзафполле».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 85,4 тыс. га, з іх асушаных каля 20 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 17 калгасаў, 5 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак, 6 сялянска-калект. прадпрыемстваў, свінакомплекс «Нарцызава». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (віно, пладова-ягадныя напіткі, крухмал, макаронныя вырабы, масла, сыр, малочныя прадукты), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя і сталярныя вырабы, піламатэрыялы), машынабуд. (экскаватары, машыны для кормавытворчасці), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (торфабрыкеты), тэкстыльнай (баваўняныя тканіны), кааператыўнай (хлебабулачныя, каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі); лясгас (піламатэрыялы). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі з Талачына ў Сянно і Круглае; газаправоды Ямал (Расія) — Еўропа, Таржок (Расія) — Івацэвічы; прадуктаправод Унеча—Полацк. У раёне 13 сярэдніх, 11 базавых, 8 пачатковых, 2 спарт. школы, 2 школы мастацтваў, ПТВ, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, Дом рамёстваў, спарт.аздараўленчы лагер, 2 спарт. комплексы, 19 дашкольных устаноў, 36 клубаў, 35 б-к, 6 бальніц, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 19 фельч.-ак. пунктаў. Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей. Выдаецца газ. «Наша Талачыншчына».

Г.​С.​Смалякоў, А.​Г.​Шныркевіч.

т. 15, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́Д,

жылы раён ва ўсх. частцы Мінска. Забудоўваецца з 1966. Арх. В.​Анікін, П.​Воўчак, Л.​Гафо, Г.​Горына, А.​Гуль, Я.​Дзятлаў, І.​Жураўлёў, І.​Папова, А.​Сап’янік, Г.​Сысоеў і інш. Абмежаваны Скарыны праспектам, вуліцамі Каліноўскага, Кедышкі, Славінскага, участкам Сляпянскага водна-паркавага паўкальца. Разлічаны на 17 тыс. жыхароў. Уключае 2 мікрараёны: Усход 1 і Усход 2. Арх.-планіровачная структура раёна абумоўлена яго размяшчэннем на ўездзе ў горад з У. Цэнтр ансамбля знаходзіцца ў мікрараёне У. 1, складаецца з 4 груп спараных 14—16-павярховых буйнапанэльных жылых дамоў, тарцы якіх упрыгожаны мазаічнымі пано «Мінск — горад-воін», «Мінск — горад-будаўнік», «Мінск — горад навукі», «Мінск — горад культуры» (маст. А.​Кішчанка). У спалучэнні з працяглымі 9-павярховымі жылымі дамамі з прыбудаванымі 2-павярховымі ўстановамі культ.-быт. прызначэння яны ствараюць пластычна развітую дынамічную структуру, запамінальны сілуэт усяго ансамбля. Вышынная дамінанта раёна — комплекс 16-, 18-, 20-павярховых жылых дамоў (арх. А.​Белаконь, Н.​Грачова, Сысоеў, Папова) па вул. Каліноўскага. У агульную арх.-прасторавую кампазіцыю мікрараёнаў арганічна ўваходзіць траса Сляпянскай воднай сістэмы. Яе развітая водная акваторыя з фантанам, набярэжнымі, шматступеньчатым каскадам, падпорнымі сценкамі з’яўляецца асн. кампазіцыйным акцэнтам прасторавай арганізацыі жылога раёна і гал. магістралі горада — праспекта Скарыны. У забудове раёна вылучаюцца будынак эксперым. сярэдняй школы № 137 з плавальным басейнам, які мае рассоўны дах (1978, арх. Э.​Гальдштэйн, А.​Сабалеўскі, А.​Лукомская, Я.​Дворак), гандл.-грамадскія цэнтры «Верас» і «Усход 1», комплекс спарт. т-ва «Працоўныя рэзервы».

А.​А.​Воінаў.

Жылы раён у Мінску Усход.

т. 16, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКІ РАЁН,

назва Дзяржынскага раёна Мінскай вобл. з 17.7.1924 да 15.3.1932, з 15.3 да 29.6.1932 наз. Койданаўскі нац. польскі раён.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКІ РАЁН Размешчаны на ПдЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 25,2 тыс. чал. (2001), гарадскога 36,5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Свіслач. Уключае г.п. Поразава, 151 сельскі нас. пункт, Поразаўскі пасялковы Савет, 6 сельсаветаў: Вердаміцкі, Дабравольскі, Навадворскі, Нязбодзіцкі, Свіслацкі, Ханявіцкі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыбугскай раўніны, на ПнУ — Ваўкавыскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пашыраны лагчыны сцёку ледавіковых вод і скразныя даліны. Цэнтр. ч. раёна — водападзел паміж басейнамі рэк Нёман і Нараў. Пераважаюць выш. 160—200 м (95%), найвыш. пункт 242 м (за 5 км на З ад г.п. Поразава). Глыбіня расчлянення рэльефу ў межах узвышша — 20 м/км². Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 585 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут. Найб. рэкі Нараў з Калонкай і Рудаўкай, Рось з Харужаўкай, Свіслач, Зальвянка. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (68,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,5%). Пад лесам 48,8% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пд раёна, на ПдЗ амаль палавіна ляснога масіву Белавежская пушча. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя; трапляюцца грабавыя, асінавыя, ясянёвыя і інш. Пад балотамі 6,2% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Зальвянка і Глыбокае балота. На тэр. раёна ч. нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік рэсп. значэння — Дзікае (часткова); заказнік мясц. значэння — біялагічны Поразаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Вердамічы» ў в. Вердамічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,5 тыс. га, з іх асушаных 12,5 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну-даўгунцу, бульбы. Прадпрыемствы кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя і макаронныя вырабы) і мэблевай (мэбля з лазы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Гайнаўка (Польшча) — Свіслач—Ваўкавыск, аўтадарогамі г. Свіслач звязаны з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых, 1 пач., 1 муз., 1 спарт., 2 маст. школы, спецшкола-інтэрнат, Цэнтр пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 24 дамы культуры і клубы, 37 б-к, 2 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Гарнастаевічы, царква (пабудавана ў 1792 як касцёл францысканцаў, з 1870 правасл. царква, захаваліся фрагменты мураванай агароджы і брама 18 ст.) у в. Грынявічы, царква Іаана Хрысціцеля (1840) у в. Дабраволя. Выдаецца «Свіслацкая газета».

Р.​Р.​Паўлавец, Т.​І.​Шмыга.

т. 14, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНІ́ЦА,

канструкцыйна-дэкаратыўны элемент афармлення аконнага праёма (гл. Акно). Узнікла ў стараж.-рус. архітэктуры ў выглядзе засавак (дошак на палазах), якімі зачынялі незашклёныя валаковыя вокны курных хат. У сял. буд-ве бытавала да канца 19 ст. З развіццём вял. акон, аздобленых ліштвамі, паявіліся аканіцы на «бегунах», або «пятках» (спец. шыпах, на якіх паварочваліся), з 16 ст. — на метал. завесах у замкавым, сядзібным і гар. жыллёвым буд-ве. У сучаснай нар. архітэктуры аканіцы аздабляюцца філёнгамі, дэкар. ўстаўкамі, разьбой.

Аканіцы жылога дома ў вёсцы Моцеўкі Міёрскага раёна Віцебскай вобл.
Аканіцы жылога дома ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ Валянцін Аляксандравіч (19.9.1907, г. Тула, Расія — 21.11.1975),

рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1970). Скончыў у Ленінградзе ін-т інжынераў прамысл. буд-ва (1931), выкладаў у ім (1931—39) і ў інж.-буд. ін-це (з 1941, праф. з 1959). У 1951—71 гал. архітэктар Ленінграда. Адзін з аўтараў праекта ген. плана развіцця горада на 1960—80, вялікай канцэртнай залы «Кастрычніцкая», эксперым. жылога раёна на Васільеўскім в-ве (абодва 1967). Кіраўнік праектаў планіроўкі і забудовы праспекта Стачак (1951—55), Камсамольскай пл. (1956), раёна Дачнае (з 1960) і інш. Ленінская прэмія 1978.

Літ.:

В.​А.​Каменский. Л., 1967.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)