НЕМАТАДО́ЗЫ,

гельмінтныя хваробы чалавека, жывёл і раслін, якія выклікаюцца нематодамі. У чалавека паразіты лакалізуюцца ў страўнікава-кішачным тракце, мышцах, органах дыхання, нырках, печані і інш. Заражэнне адбываецца пры заглынанні спелых яец ці лічынак нематодаў з вадой, прадуктамі харчавання і інш. На Беларусі пашыраны аскарыдоз і энтэрабіёз. Лячэнне тэрапеўтычнае. Да Н. жывёл адносяцца амідастамоз, метастрангілёз, мюлерыёз, трыхінелёз і інш. хваробы. Гл. таксама Гельмінтозы, Нематодныя хваробы раслін.

А.​А.​Астапаў.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУБЕ́НЬЧЫКАВЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Rhizobium),

род азотфіксавальных бактэрый, што ўтвараюць клубеньчыкі на каранях многіх бабовых раслін. Пры асіміляцыі К.б. малекулярнага азоту ён пераходзіць у засваяльную для раслін форму, а расліны забяспечваюць бактэрыі пажыўнымі рэчывамі. Уступаюць у сімбіёз з пэўным відам раслін, што ўзята за аснову іх відавой класіфікацыі (напр., Rh. trifolii спецыфічны толькі для канюшыны, Rh. melitoli — для баркуну, люцэрны).

У вольным стане К.б. — рухомыя палачкі 0,5—0,9 × 1,2—3 мкм, грамадмоўныя, няспораўтваральныя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Пры адсутнасці бабовых раслін жывуць у глебе як сапрафіты. Абагачаюць глебу азотам, выкарыстоўваюцца для вытв-сці бактэрыяльных угнаенняў.

т. 8, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЛЕНКА (Соф’я Уладзіміраўна) (н. 17.7.1924, г. Варонеж, Расія),

бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі, мікалогіі і аховы раслін. Д-р біял. н. (1975), праф. (1991). Скончыла Варонежскі ун-т (1947). У 1960—96 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хвароб інтрадукаваных раслін, рэгуляцыі фітапаталагічнай сітуацыі ў штучных фітацэнозах, біятэхналагічных праблемах.

Тв.:

Указатель возбудителей болезней цветочно-декоративных растений. Вып. 7. Л., 1980 (разам з Г.​А.​Дзьякавай);

Устойчивость древесных интродуцентов к биотическим факторам. Мн., 1988 (разам з А.​І.​Блінцовым, Н.​А.​Панько);

Болезни и вредители клюквы крупноплодной. Мн., 1996 (разам з С.​У.​Бугам).

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЛІ́Я (ад а... + грэч. phyllon ліст),

бязлістасць, адсутнасць лісця ў раслін, звычайна з прычыны рэдукцыі, напрыклад у псамафітаў (кактусаў, чорнага саксаула, джузгуна).

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ШЫН (Сяргей Гаўрылавіч) (14.12.1857, с. Цароўшчына Балтайскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 10.11.1930),

расійскі батанік і цытолаг; заснавальнік карыялогіі і рас. школы цытолагаў і эмбрыёлагаў раслін. Акад. АН СССР (з 1918), акад. АН Украіны (1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1881). Працаваў у ім. З 1884 у Пецярбургскай Пятроўскай с.-г. акадэміі, з 1889 у Пецярбургскім ун-це. У 1894—1915 праф. Кіеўскага, у 1918—23 — Тбіліскага ун-таў. Заснавальнік і дырэктар (да 1929) Біял. ін-та імя К.​А.​Ціміразева ў Маскве. Навук. працы па эмбрыялогіі і цыталогіі раслін. Адкрыў двайное апладненне і халазагамію ў пакрытанасенных раслін.

Тв.:

О некаторых признаках внутренней организации хромосом // Сб. статей, посвящ. К.​А.​Тимирязеву. М., 1916;

Избр. Труды. Т. 1. М.; Л., 1951.

С.Г.Навашын.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛАТАЎ (Андрэй Цімафеевіч) (18.10.1738, в. Дваранінава Тульскай вобл., Расія — 16.10.1833),

рускі аграном, раслінавод і пісьменнік. Яго праца «Пра падзел палёў» (1771) — першы дапаможнік па ўвядзенні севазваротаў і арганізацыі с.-г. тэрыторый. Распрацаваў памалагічную сістэму і апісаў больш за 600 сартоў яблынь і груш. Сфармуляваў асн. палажэнні тэорыі мінер. жыўлення раслін (1780—84). Склаў першы рус. дапаможнік па марфалогіі і сістэматыцы раслін «Дапаможнік пры пазнанні лекавых раслін» (1781). Распрацаваў прынцыпы лесаразвядзення і лесакарыстання. Аўтар літ. твораў, у т. л. аўтабіягр. запіскі «Жыццё і прыгоды А.​Болатава... (1738—1793)».

А.Ц.Болатаў.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),

навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.

Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.​І.​Ляпёхін, С.​П.​Крашаніннікаў, АФ.​Мідэндорф, П.​С.​Палас і інш., батанікі ням. Л.​Байснер і Я.​Фітшэн, амер. А.​Рэдэр, англ. Э.​Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.

На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.

Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.​Рэга, У.​У.​Адамаў, Дз.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.​Дз.​Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.​Дз.​Жылкіна, М.​Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.​І.​Собалева, А.​Т.​Федарука, А.​А.​Чахоўскага, М.​В.​Шкутко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе, Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, Бел. с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр. бат. садзе.

А.​І.​Жорава.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. stylos слуп),

рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЭЛЬ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.5.1937, в. Галяшы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад. Нац. АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1986), д-р біял. н. (1984), праф. (1991). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1967 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (у 1978—94 нам. дырэктара, з 1985 адначасова заг. лабараторыі, з 1994 дырэктар). Навук. працы па малекулярнай генетыцы і генет. трансфармацыі раслін, пытаннях селекцыі і генетыкі драўняных раслін, радыяцыйным мутагенезе с.-г. раслін, праблемах генет. і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін. Распрацаваў метад генет. трансфармацыі, стварыў трансгенныя расліны бульбы, распрацаваў малекулярна-генет. карту жыта, атрымаў новыя даныя пра ролю паўтораў ДНК у структурна-функцыян. арганізацыі генома раслін, падрыхтаваў тлумачальны слоўнік па генетыцы.

Тв.:

Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989;

Фитогормоны и фитопатогенность бактерий. Мн., 1994 (разам з А.​У.​Лабанок, В.​У.​Фамічовай).

М.А.Картэль.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІМІ́КСІС (ад амфі... + грэч. mixis змяшэнне),

звычайны тып палавога працэсу ў жывёл і раслін, пры якім адбываецца зліццё ядраў мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет). Процілегласць апаміксісу. У вузкім сэнсе — зліццё дзвюх няродных гамет ад розных асобін (у адрозненне ад аўтаміксісу). У кветкавых раслін амфіміксіс адбываецца ў форме двайнога апладнення. Тэрмін «амфіміксіс» увёў ням. біёлаг А.​Вейсман (1892) для абазначэння аб’яднання спадчынных субстанцый дзвюх асобін пры апладненні.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)