ПАЖНІ́ЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,

пасевы с.-г. раслін, якія займаюць поле ў летне-асенні перыяд і высяваюцца адразу пасля ўборкі асн. культуры; дасягаюць фізіял. спеласці і даюць ураджай у гэтым жа годзе. Высяваюцца лубін, турнэпс, кукуруза, віка, сланечнік, гарчыца і інш. на палі, што вызваліліся з-пад рана ўбраных культур — азімых, аднагадовых траў, ранняй агародніны і інш. Для захавання ў глебе вільгаці пасля ўборкі асн. культуры своечасова ўзорваюць глебу і прыкачваюць пасевы. Насенне пры пасеве забараноўваецца больш глыбока, з павялічанай нормай высеву. Агратэхн. работы па падрыхтоўцы глебы і сяўба пажніўных культур праводзяцца ў макс. кароткія тэрміны. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я Адкрыта ў 1981 ў г. Полацк Віцебскай вобл. як філіял Нац. Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размяшчалася ў Богаяўленскім саборы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У фондах галерэі налічвалася каля 2 тыс. твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва: калекцыі абразоў 1-й пал. 18 — пач. 20 ст., творы бел. мастакоў І.​Басава, Г.​Буралкіна, В.​Бялыніцкага-Бірулі, Л. і В. Варэцы, Г.​Гаравой, В.​Грамыкі, Я.​Зайцава, С.​Катковай, А.​Кашкурэвіча, А.​Кузняцова, З.​Літвінавай, А.​Малішэўскага, А.​Марачкіна, Г.​Паплаўскага, Л.​Рана, М.​Савіцкага, У.​Стальмашонка, В.​Цвіркі, А.​Шатэрніка, Г.​Шутава, Н.​Шчаснай і інш., мастакоў Полаччыны. У 1991 дзейнасць П.к.г. прыпынена.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУ́НЦЫЯ (Opuntia),

род кветкавых раслін сям. кактусавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ад стэпавай зоны Канады да Паўд. Аргенціны (за выключэннем вільготных трапічных абласцей). На Беларусі асобныя віды вырошчваюць у пакаёвай культуры і аранжарэях. Найб. дэкар. апунцыя белаватая (O. leucotricha) і дробнаваласістая (O. microdasys). У пакоях цвітуць рэдка. Размнажэнне чаранкамі.

Сукулентныя шматгадовыя расліны. Сцябло падзелена на членікі, з калючкамі або без іх, паводле формы членікаў бывае шарападобнае, цыліндрычнае і плоскае (найб. пашырана). Лісце невялікае, шылападобнае, сакаўное, рана ападае. Кветкі адзіночныя, двухполыя. Плады ягадападобныя, мякаць сцябла і лісця ў большасці відаў ядомыя; іх выкарыстоўваюць у харч. і спіртавой прам-сці, медыцыне, як корм, фарбавальны сродак, з валокнаў вырабляюць паперу. Расліны прыдатныя на жывыя агароджы, сідэрат і паліва.

Апунцыя ў пакаёвай культуры.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФІУС ((Gryphius) Андрэас) (2.10.1616, г. Глогаў, Польшча — 16.7.1664),

нямецкі паэт і драматург. Рана страціў бацькоў, перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48. Скончыў Лейдэнскі ун-т у Галандыі (1643). Пісаў вершы на ням. і лац. мовах. Аўтар зб-каў «Нядзельныя і святочныя санеты» (1639), «Санеты, эпіграмы, оды» (1643). Яго паэзія, прасякнутая ідэямі стаіцызму, сцвярджала марнасць зямнога быцця і ў той жа час — веліч і нязломнасць духоўнасці, здольнасць чалавека пакінуць добры след на зямлі і зліцца з вечнасцю. У 1640—50-я г. пісаў пераважна трагедыі («Леў Армянін», «Карл Сцюарт», «Кацярына Грузінская», «Папініян» і інш.), гал. герой якіх — чалавек маральнага абавязку, здольны ахвяраваць сабой у імя веры і чалавечнасці. Аўтар камедый «Спадар Петэр Сквенц» (1658), «Гарыбілікрыбрыфакс» (1663).

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПЕ́СЕННАЯ КАМІ́СІЯ.

Існавала ў 1923—24 пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. Створана з мэтай гарманізацыі бел. нар. песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А.​Грыневіча, У.​Тэраўскага, М.​Янчука і інш.). У камісію ўваходзілі кампазітары М.​Іпалітаў-Іванаў (старшыня), М.​Аладаў, А.​Аленін, А.​Грачанінаў, А.​Нікольскі, Я.​Прохараў. Апрацавана больш як 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (вып. 1, 1928) і ў серыі «Беларускія народныя песні» (1929—30). Найб. каштоўныя апрацоўкі Грачанінава (для хору «Ішла каляда», «Перад Пятром», «Чаму селязень», «Перапёлка», «Ішоў раёк», для голасу з фп. «Зазвінела пчолачка», «Калыханка»), Аладава (харавыя «Ой, загуду», «Мужык жыту прадае», «На гары жораў круціўся»), Прохарава (харавыя «Ой, рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»).

І.​І.​Зубрыч.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСКАЎНІ́ЦА (Pholiota),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. страфарыевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных шыротах, некат. ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя Л.: вуглялюбная, або агнёўка вуглялюбная (P. carbonaria), звычайная (P. squarrosa), вогненная (P. flammans), залацістая (P. aurivella). Агульная нар. назва іх — воўчы грыб. Паўпаразіты, актыўна разбураюць драўніну, трапляюцца на ствалах мёртвых і жывых дрэў, ламаччы і інш. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 12 см, ад паўшарападобнай да распасцёртай, з лускавінкамі або голая, клейкая ці сухая. Агульнае пакрывала рана знікае. Пласцінкі зыходныя па ножцы або прырослыя. Ножка з лускавінкамі, з кольцам ці без яго. Мякаць мяккая, бураватая, у некат. горкая, мае слабы пах рэдзькі. Споры гладкія, пераважна ржава-жоўтыя. Грыбы неядавітыя, ёсць ядомыя, але не спажываюцца.

Лускаўніца звычайная.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЫ́ЛЬ (Міхась) (сапр. Лешчанка Язэп Казіміравіч; н. 1.11.1915, в. Покрашава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Бел. пед. тэхнікуме (1930—33). 23.2.1933 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д.​Усходзе. У 1935 вызвалены, жыў у Варонежы (1935—41), дзе вучыўся ў пед. ін-це, працаваў на машынабудаўнічым з-дзе, настаўнічаў. З пач. Вял. Айч. вайны на Укр. фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 у ЗША. Друкавацца пачаў у 1929. На эміграцыі выйшлі зб-кі яго паэзіі «Ростань» (1947), «Пад зорамі белымі» (1954), «Першая рана» (1960), «Цяжкія думы» (1961). Аўтар паэм «Пад небам Случчыны каханай» (1943), «Міжагнёўе» (1982), рамана «Із агню ды ў полымя» (1990—97). Рэдактар час. «Беларуская думка».

Тв.:

Міжагнёўе: Выбр. тв. Ню Ёрк, 1990.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 22.7.1922, г. Арэнбург, Расія),

расійскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947) і Літ. ін-т імя Горкага (1954). Удзельнік Вял. Айч. вайны. Да 1965 служыў у Сав. Арміі. У 1981—86 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкуецца з 1945. Аўтар твораў пераважна вайскова-ваен. тэматыкі: кнігі апавяданняў і аповесцей «Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця разведчыка» (1960), «Камандзіры сівеюць рана» (1963), «Жылі-былі разведчыкі» (1970), «Не мячом адзіным» (1979), раманы «Вечны бой» (1967), «Маршальскі жэзл» (1970, за абодва Дзярж. прэмія Узбекістана 1970), «Узяць жывым!» (1975; часткова апубл. як аповесць «Такая работа», 1974), «Палкаводзец» (1982—84, Дзярж. прэмія СССР 1986), «Маршал Жукаў. Яго паплечнікі і праціўнікі ў гады вайны і міру» (кн. 1, 1992), кн. публіцыстыкі «Эстафета подзвігу» (1980).

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1982.

Літ.:

Кудинов П.Н. Охотник за «языками». М., 1971.

У.В.Карпаў.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГ ((Grieg) Юхан Нурдаль) (1.11.1902, г. Берген, Нарвегія — 2.12.1943),

нарвежскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыўшы гімназію, служыў матросам (1920—21), уражанні адлюстраваў у зб. вершаў «Вакол мыса Добрай Надзеі» (1922) і рамане «А карабель ідзе далей» (1924). Вучыўся ва ун-тах Оксфарда і Осла. Выдаў кн. эсэ «Рана памерлыя» (1932) пра творчасць Р.​Кіплінга, Дж.​Кітса, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Байрана. На мяжы 1920—30-х г. адбылася яго творчая і светапоглядная эвалюцыя: аптымістычны пафас вершаў (зб. «Нарвегія ў нашых сэрцах», 1929) змяняецца песімізмам (драма «Атлантычны акіян», 1932). У 1932—34 жыў у СССР. У 1937 як ваенны карэспандэнт быў у Іспаніі (зб. «Іспанскае лета», 1937, раман «Свет яшчэ павінен стаць маладым», 1938). Вяршыня яго творчасці — драма «Паражэнне» (1937, пра Парыжскую камуну 1871). У 1940—43 змагаўся супраць фашызму (паэма «Чалавечая прырода», 1942; зб. вершаў «Свабода», выд. 1945; «Надзея», выд. 1946).

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1988.

Літ.:

Крымова Н.И. Нурдаль Григ. М., 1965.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЫЛЯ́НСКАЯ (Вольга Юльянаўна) (27.11.1863, г. Гура-Гумарулуй, Румынія —21.3.1942),

украінская пісьменніца. Скончыла 4-класную ням. школу, займалася самаадукацыяй. Раннія творы (на ням. мове) прысвечаны эмансіпацыі жанчын. У сац.-псіхал. аповесцях «Чалавек» (1894), «Царэўна» (1896), «Зямля» (1902), «У нядзелю рана зелле капала...» (1909), апавяданнях «Ён і Яна» і інш. выкрывала мяшчанства, прыстасавальніцтва, сац. прычыны збяднення і бяспраўя сялянства Букавіны, узнімала пытанні чалавечай годнасці. Падзеі 1-й сусв. вайны адлюстравала ў апавяданнях «Ліст засуджанага салдата да свае жонкі», «Юда», «Насустрач долі», «Сніцца», «Звар’яцеў». Выступала пераважна як рэаліст, у асобных творах праявіліся рысы мадэрнізму. Аповесці «Ніёба», «Цераз кладку» (абедзве 1905), «За сітуацыямі» (1913), раман «Апостал чэрні» (1926) пра жыццё інтэлігентаў-жанчын і духавенства, іх барацьбу за сац. і нац. вызваленне. Асобныя творы К. экранізаваны і інсцэніраваны.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. КиїВ, 1962—63;

Твори. Т. 1—2, Київ, 1983;

Рус. пер. — Избранное. М., 1953.

Літ.:

Погребенник Ф.П. Ольга Кобылянська. Київ, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)