БАРМІ́Н (Уладзімір Паўлавіч) (н. 17.3.1909, Масква),

савецкі вучоны-механік. Акад. АН СССР (1966). Герой Сац. Працы (1956). У 1930 скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча, дзе працаваў (з 1960 праф.). Асн. працы па кампрэсарабудаванні, халадзільнай тэхніцы, машынабудаванні, механіцы, стартавых комплексах ракет. Аўтар адкрыццяў і вынаходстваў у галіне механікі і машынабудавання. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1967, 1977.

У.П.Бармін.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НЬ (ваен.),

стральба з розных відаў агнястрэльнай зброі, адзін з асн. сродкаў знішчэння і паражэння праціўніка.

Адрозніваюць агонь адзіночнымі выстраламі, залпавы, бесперапынны; па напрамках — перакрыжаваны, франтальны, флангавы; можа быць беглы, кінжальны, масіраваны, метадычны і інш., з артыл. сістэм — сканцэнтраваны, рухомы і нерухомы загараджальны, паслядоўны, агнявы вал і інш. Агонь уключае таксама пуск ракет у звычайным начынні.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́ІНГ»

(The Boeing Company),

адна з вядучых авіяракетных кампаній ЗША. Засн. У.​Э.​Боінгам у 1916 у штаце Дэлавэр як «Боінг эрплейн компані», з 1961 сучасная назва. Штаб-кватэра ў г. Сіэтл (штат Вашынгтон). Асн. пастаўшчык на сусв. рынак рэактыўных трансп. самалётаў пераважна серыі «Боінг», верталётаў, бамбардзіроўшчыкаў, самалётаў-запраўшчыкаў. Выпускаў цяжкія бамбардзіроўшчыкі B-17 («Лятаючая крэпасць», з 1935) і іх мадыфікацыю B-29 («Суперкрэпасць», з 1942). З самалёта гэтага тыпу ў 1945 скінута атамная бомба на Хірасіму. Стварае беспілотныя і верт. ўзлёту самалёты, гідрасамалёты, авіяц. і наземныя сістэмы апавяшчэння і кантролю, электронныя сістэмы і інш. 1-е месца ў свеце па вытв-сці пасажырскіх самалётаў (першы звышгукавы B-707, 1959), найб. B-747 (выпускаецца з 1983). Вядучая кампанія ў распрацоўцы міжкантынент. балістычных ракет «Мінітмен» і ракетаносьбіта «Сатурн». Галаўная фірма па вытв-сці самалётаў, абсталяваных сістэмай АВАКС. Удзельнічае ў стварэнні крылатых, супрацьлодачных і супрацьспадарожнікавых ракет і ў касм. праграме «Шатл». Будуе аб’екты энергетыкі і аховы прыроды, распрацоўвае абсталяванне для абагачэння урану.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ,

моўная з’ява, якая не адпавядае агульнапрынятаму ўжыванню; ствараецца як выразны сродак у пэўным кантэксце і не замацоўваецца як моўная норма. Аказіяналізм — звычайна словы («вершаправод», «ночапіс», «шалёнагубая»), але магчыма выкарыстанне асобных формаў у якасці новых слоў («соў», «савя» замест літ. «сава», «статуй» — «статуя») і словазлучэнняў («мяцеляцца спіцы», «навальніцы ракет»). Найчасцей утвараюцца пісьменнікамі, таму інакш наз. аўтарскімі, індывідуальна-стыліст. неалагізмамі. Набываюць значэнне паэт. тропаў.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯ́Н»

(французскае Ariane),

серыя 3-ступеньчатых ракет-носьбітаў на вадкім паліве для запуску штучных спадарожнікаў Зямлі. Створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам пры вядучай ролі Францыі і ФРГ. У эксплуатацыі з 1979. Карысны груз больш за 1700 кг пры вывадзе на пераходную арбіту з вышынёй у апагеі 36 тысяч км. Стартавая маса каля 200 т, даўжыня 50 м (з карысным грузам), дыяметр 3,8 м.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІРАКЕ́ТА,

разнавіднасць кіроўнай ракеты для паражэння на траекторыях палёту ракет стратэгічнага, аператыўна-тактычнага і тактычнага прызначэння і іх галаўных частак. Мае звышгукавую скорасць палёту, аснашчана асколачна-фугаснымі і ядзернымі баявымі часткамі. П. маюць універсальныя зенітныя ракетныя комплексы, якія забяспечваюць проціракетную і процісамалётную абарону, агнявыя комплексы проціракетнай абароны. У якасці П. выкарыстоўваюць міжкантынент. балістычныя ракеты з многазараднымі галаўнымі часткамі.

З.​А.​Валевач.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЎЗРЫВА́ЛЬНІК,

некантактны ўзрывальнік, які спрацоўвае пад уздзеяннем радыёсігналу. Выкарыстоўваецца ў артыл. снарадах, баявых частках ракет, авіябомбах і інш.

Прынцып дзеяння Р. заснаваны на выпрамяненні на траекторыі і прыёме адбітых ад цэлі сігналаў высокай частаты, вылучэнні біццяў, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні гэтых сігналаў. У выніку ствараецца напружанне нізкай частаты, якое пры дасягненні пэўнага ўзроўню (пры набліжэнні боепрыпасу да цэлі) уключае крыніцу электрасілкавання электрадэтанатара, і Р. спрацоўвае.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́Ж (ваен.),

1) паласа зямлі, зручная або прыстасаваная для вядзення баявых дзеянняў (Р. абароны, процітанкавы Р. і інш.).

2) Умоўная лінія, з якой адлічваюць пачатак (канец) або чарговы этап якіх-н. дзеянняў войск, сіл, сродкаў. Пры падрыхтоўцы і правядзенні баявых дзеянняў устанаўліваюць Р. рознага прызначэння (Р. разгортвання войск, Р. радыёлакацыйнага выяўлення цэлей, Р. пуску ракет, Р. уводу ў бой і інш.).

3) Тое, што і граніца дзяржаўная.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́СТЫКА,

навука пра рух артыл. снарадаў, куляў, авіябомбаў, некіроўных ракет і інш. целаў. Грунтуецца на законах механікі, газадынамікі, тэрмадынамікі, тэорыі імавернасцяў і інш.

Узнікла пад уплывам прац італьян. вучонага Н.​Тартальі (16 ст.), а таксама грунтоўных даследаванняў Г.​Галілея, І.​Ньютана, Л.​Эйлера. Тэрмін балістыка прапанаваў франц. вучоны М.​Мерсен (1644). Важкі ўклад у развіццё балістыкі зрабілі выхадзец з Беларусі К.Семяновіч, расійскія вучоныя М.​В.​Астраградскі, М.​У.​Маіеўскі, вучоныя б. СССР А.​М.​Крылоў, Д.​А.​Вентцэль, С.​А.​Хрысціяновіч і інш., а таксама вучоныя Дэ Сакр, П.​Шарбанье (Францыя), Д.​Біянкі (Італія) і інш.

Адрозніваюць унутраную і вонкавую балістыку. Унутраная балістыка вывучае рух снарадаў у канале ствала і заканамернасці працэсаў, што адбываюцца ў час выстралу (гарэнне пораху, газаўтварэнне пры яго згаранні і інш.). Выяўляе залежнасці змены ціску парахавых газаў, скорасці снарада і інш. параметраў на шляху снарада і ад часу яго руху па канале ствала. Уключае таксама балістычнае праектаванне зброі — вызначэнне канструкцыйных асаблівасцяў канала ствала, умоў зараджання, пры якіх снарад пэўнага калібру і масы атрымае пры вылеце зададзеную (дульную) скорасць. Вонкавая балістыка вывучае рух у прасторы снарадаў, куляў, некіроўных ракет і інш. пасля заканчэння сілавога ўзаемадзеяння іх са ствалом, пускавой устаноўкай, а таксама фактары, якія ўплываюць на гэты рух. Метадам вонкавай балістыкі карыстаюцца пры вывучэнні заканамернасцяў руху касм. апаратаў і кіроўных ракет, даныя балістыкі знаходзяць таксама практычнае выкарыстанне ў крыміналістыцы.

Літ.:

Серебряков М.Е. Внутренняя баллистика ствольных систем и пороховых ракет. 3 изд. М., 1962;

Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н., Богодистов С.С. Внешняя баллистика. 3 изд. М., 1991;

Иванов Н.М., Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н. Баллистика и навигация космических аппаратов. М., 1986.

Да арт. Балістыка. Рыс. 1. Крывыя змены ціску (P) парахавых газаў і скорасці (V) снарада ў залежнасці ад шляху (l) снарада (ln — адлегласць, на якой заканчваецца ўздзеянне парахавых газаў на снарад у перыяд паслядзеяння; lg — даўжыня шляху снарада да дульнага зрэзу). Рыс. 2. Крывыя перамены ціску (P) парахавых газаў і скорасці снарада ў залежнасці ад часу (t) (Po — ціск фарсіравання; Pm — максімальны ціск; Pg — дульны ціск; Vg — дульная скорасць). Рыс. 3. Элементы траекторыі і асноўныя сілы, якія дзейнічаюць на снарад у палёце; O — пункт вылету снарада; S — вяршыня траекторыі; C — пункт падзення; Vo — пачатковая скорасць снарада; θo — вугал кідання; x і y — бягучая гарызантальная далёкасць і вышыня палёту снарада; V — бягучая скорасць снарада; Y — вышыня траекторыі; X — поўная гарызантальная далёкасць палёту; Vc — канцавая скорасць снарада; θc — вугал падзення; R — сіла супраціўлення паветра; q — сіла цяжару.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДЫНАМІ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,

павышэнне тэмпературы цела, якое рухаецца з вял. скорасцю ў паветры або газе. Узнікненне аэрадынамічнага нагрэву — вынік тармажэння малекул газу паблізу паверхні цела і ўтварэння ўдарнай хвалі. Аэрадынамічны нагрэў адбываецца пры ўваходзе касм. апарата ці метэарыта ў атмасферу Зямлі з 1-й касм. скорасцю (8,1 км/с), т-ра можа дасягаць больш за 8000 К, таму паверхня касм. караблёў, ракет і звышгукавых самалётаў мае спец. тэрмічную ахову.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)