абрады, заснаваныя на эмацыянальна-вобразным увасабленні рэліг. ідэй і ўяўленняў; знешняя форма праяўлення рэлігійнасці. Кожная рэлігія мае сваю сістэму і рэгламентацыю абрадаў рэлігійных. Іх разнастайнасць абумоўлена асаблівасцямі веравучэння і нац.-этнічнымі традыцыямі, умовамі жыцця веруючых людзей. Напр., у хрысціянстве важнейшыя магічныя культавыя абрады, якія, паводле царк. веравучэння, надаюць людзям цудадзейную моц («боскае хараство») — таінствы: хрышчэнне, мірапамазанне, прычашчэнне, споведзь, царк. шлюб, ялееасвячэнне, пасвячэнне ў духоўны сан. У абрадах рэлігійных беларусаў цесна пераплятаюцца язычніцкія і хрысц. элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМА́РЫНСКАЯ»,
«Камарынскі», імправізацыйны танец. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Можа быць сольны, парны, масавы. Выконваць могуць мужчыны, жанчыны і дзеці. Яго адметнасць і прыгажосць у спалучэнні нац. асаблівасцей харэаграфіі розных народаў — бел., рус., укр., цыганоў, татар, армян, таджыкаў, малдаван і інш. Выканаўцы вар’іруюць і камбінуюць каленцы ў залежнасці ад уласных густу і фантазіі. Нягледзячы на разнастайнасць харэаграфічных малюнкаў, цэласны выгляд танца і мелодыя не мяняюцца. На Беларусі пашыраны ўсюды, асабліва ў раёнах, сумежных з Расіяй. Бел. варыянт танца вызначаецца найб. ярка выяўленай нац. харэаграфічнай лексікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́ДНАЕ,
катэгорыя эстэтыкі, праз якую вызначаюць негатыўную эстэт. каштоўнасць прадметаў і з’яў рэчаіснасці. Агіднае — антыпод прыгожаму, але цесна звязана з ім і інш.эстэт. катэгорыямі (узнёслым, камічным, трагічным), таму што ў негатыўнай і скрытай форме сцвярджае пазітыўны эстэт. ідэал. Агіднае ўвасабляе частку агульнай карціны развіцця чалавека (дабро і зло, прыгожае і агіднае), што было выкарыстана ў тэорыі эстэтыкі і практыцы мастацтва Адраджэння і Асветніцтва. У сучасным мастацтве таксама прасочваецца тэндэнцыя ўвасаблення агіднага ў спалучэнні з вонкавым аздабленнем — як спроба пашырыць разнастайнасць мастацтва (дэкадэнцтва) або як новы імпульс павышэння цікавасці да мастацтва (фільмы «жахаў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТАЛУ́ЧЫ (Bertolucci) Бернарда (н. 16.3.1940, г. Парма, Італія),
італьянскі кінарэжысёр, вядомы і як паэт. З 1961 працаваў у П.Пазаліні, уплыў якога адчувальны ў фільмах Берталучы «Перад рэвалюцыяй», «Партнёр» (паводле аповесці Ф.Дастаеўскага «Двайнік»), дзе прагучала тэма маладзёжнага бунту, якая з горыччу і пачуццём страчаных ілюзій адгукнулася ў стужках «Стратэгія павука» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972). Разнастайнасць праблематыкі і формы сведчыць пра пастаянныя творчыя пошукі рэжысёра. У фільмах «Канфарміст» (1970) і «Месяц» (1979) — ідэя ўлады цёмных, скрытых псіхал. комплексаў над асобай; «Дваццатае стагоддзе» (1976) і «Апошні імператар» (1987, прэмія «Оскар») — матыў супраціўлення чалавека ролі марыянеткі, якую яму навязваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НТЭ ФЛАМЕ́НКА (ісп. cante flamenco),
група сольных песень і танцаў Паўд. Іспаніі, а таксама стыль іх выканання. Радзіма К.ф. — Андалусія. Характэрны любоўны змест, асаблівы эмацыянальны стыль спеваў (найб.стараж. пласт наз. кантэ хонда — «глыбінныя спевы»), разнастайнасць рытмаў (прышчоўкванне пальцамі, дробнае прыстукванне абцасамі — сапатэада, суправаджэнне на кастаньетах; гал.муз. інструмент — гітара). Сярод асн. відаў — тона, пала, сігірыя, салеарэс, фанданга). Вядома з глыбокай старажытнасці. Пашырылася з узнікненнем спец. артыстычных кафэ (першае ў Севільі, 1842). Масавае пашырэнне набыло з 1870-х г. (1870—1920-я г.наз. «залатой эпохай» К.ф.). Стыль К.ф. выкарыстоўвалі ў творчасці многія кампазітары (М. дэ Фалья і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛЕ́РПА (Caulerpa),
род ніткаватых зялёных марскіх водарасцей сям. каўлерпавых. Каля 60 відаў. Характэрны для флоры трапічных мораў, зрэдку субтрапічных (C. prolifera). Трапляецца на мелкаводдзі на цвёрдых (камяні, мёртвыя каралы), пясчаных і глеістых грунтах.
Слаявішча складаецца з цыліндрычнай сцелістай ч.даўж. 1—2 м, рызоідаў і вертыкальных цыліндрычных або плоскіх простых ці разгалінаваных парасткаў выш. да 50 м, марфал.разнастайнасць якіх з’яўляецца сістэм. адзнакай. Унутры слаявішча знаходзяцца папярочныя цяжы (унутр. шкілет). Размнажэнне палавое (анізагамія) і вегетатыўнае (ч. слаявішча). У краінах Азіі і Акіяніі спажываецца ў ежу.
Т.М.Міхеева.
Каўлерпа: 1—4 — розныя тыпы будовы вертыкальных галін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛАВЕ́Ц Вячаслаў Генадзевіч (н. 1.10.1959, г. Бійск Алтайскага краю, Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1982). З 1984 маст. рэдактар час. «Мастацтва». Працуе пераважна ў тэхніках акварэлі, пастэлі. Творам уласцівы лірызм, філас. падыход да адлюстравання рэчаіснасці, разнастайнасць выкарыстання тэхн. сродкаў і форм выяўлення ў спалучэнні з рэаліст. манерай выканання. Сярод твораў: серыі акварэляў «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (1982), «Бацькаўшчына» (1984—86), «Уражанні» (1991), «Дрэвы» (1992), «Матэрыя часу», «Рэальнасць нерэальнасці», «Рух падсвядомасці» (усе 1993), «Стварэнне літары» (1994), «Геаметрыя краявіду» (1997—99). «Мроі і ўспаміны» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТРАФІ́ЧНАСЦЬ (ад полі... + страфа),
паслядоўнае або адвольнае чаргаванне ў вершаваным творы розных строф, графічна аддзеленых адна ад адной. Да полістрафічных адносяцца разнастрофныя вершы, а таксама раўнастрофныя з сіметрычным чаргаваннем двух ці больш відаў строф. Полістрафічнымі звычайна бываюць буйныя вершаваныя творы, кожная ч. якіх пішацца сваёй страфой. Напр., у 10 раздзелах паэмы Я.Купалы «Безназоўнае» ўжываюцца чатырохрадкоўі 8 разнавіднасцей і шасцірадкоўі 2 разнавіднасцей. У паэме М.Танка «Нарач» сустракаюцца і чатырохрадкоўі самых розных мадыфікацый, і пяцірадкоўе, і астрафічны верш. П. надае вершаванаму твору разнастайнасць формы, памагае лепш выявіць змены лірычнага перажывання паэта і яго герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВАЎ,
зыходнае звяно фін. сістэмы краіны, непасрэдна звязанае з фарміраваннем і выкарыстаннем асн. фондаў і абаротных сродкаў, вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі, стварэннем, размеркаваннем і выкарыстаннем грашовых накапленняў у нар. гаспадарцы; састаўная частка фінансаў. У матэрыяльным выяўленні — гэта адасобленыя грашовыя фонды рознага прызначэння, якія ствараюцца на кожным прадпрыемстве і выкарыстоўваюцца для эканам. развіцця і сац. патрэб яго работнікаў. Ф.п. складаюцца з фінансаў прадпрыемстваў матэрыяльнай вытв-сці і фінансаў устаноў і арг-цый невытворчай сферы. Для сучасных умоў характэрна разнастайнасць форм уласнасці і суб’ектаў гаспадарання, на аснове якіх функцыянуюць Ф.п. і арг-цый.