РЭПАРТЫМ’Е́НТА (ад ісп. repartimiento размеркаванне),

тэрмін, які ў ісп. калоніях Лац. Амерыкі з канца 15 ст. абазначаў размеркаванне паміж іспанцамі зямель, ваен. здабычы, тавараў і г.д. Найб. часта ўжываўся як назва прымусовай працоўнай павіннасці індзейцаў, паводле якой прыватныя асобы з іспанцаў мелі права з дазволу калан. адміністрацыі браць штогод у энкам’енду вызначаную колькасць індзейцаў пэўнага раёна для працы на плантацыях, у рудніках і інш. Гэта было прычынай масавай смяротнасці і хуткага скарачэння індзейскага насельніцтва.

т. 14, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАХІ́МІЯ,

раздзел петралогіі, які вывучае размеркаванне хім. элементаў у горных пародах і пародаўтваральных мінералах.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сацыялістычны прынцып размеркавання па працы, гл. Размеркаванне па працы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СУЦЭ́ЛЬНЫ СПЕКТР, неперарыўны спектр,

адзін са спектраў эл. магн. выпрамянення, размеркаванне энергіі ў якім характарызуецца неперарыўнай функцыяй частаты (даўжыні хвалі). Назіраецца пры выпрамяненні і пры паглынанні.

Напр., С.с. мае выпрамяненне рэчыва, якое знаходзіцца пры зададзенай т-ры ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (гл. Цеплавое выпрамяненне), размеркаванне энергіі ў ім ахоплівае ўвесь дыяпазон частот і апісваецца Планка законам выпрамянення. У некаторых выпадках назіраецца накладанне лінейчастых спектраў на С.с. (гл. Фраўнгоферавы лініі). У аптычнай вобласці (гл. Спектры аптычныя) пры раскладанні святла спектральнымі прыладамі С.с. атрымліваецца ў выглядзе неперарыўнай паласы (пры фота- ці візуальнай рэгістрацыі) або плаўнай крывой (пры фотаэл. рэгістрацыі).

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,

парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖМАЦЕРЫКО́ВАЕ МО́РА,

мора, размешчанае паміж 2 або некалькіх мацерыкоў (напр., Міжземнае м., Чырвонае м.). Характэрны вял. глыбіні, самаст. сістэма цячэнняў, прыліваў і асаблівае вертыкальнае размеркаванне т-ры, салёнасці, шчыльнасці, газаў.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ра трайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл. Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТАВЫЯ НАПРУ́ЖАННІ,

напружанні, якія ўзнікаюць пры мех. узаемадзеянні цвёрдых цел у месцы іх кантакту. Веданне іх неабходна для разліку падшыпнікаў, зубчастых і чарвячных перадач, колаў рухомага саставу і рэек, кулачковых механізмаў і інш.

У цэнтры пляцоўкі дотыку матэрыял цел знаходзіцца ва ўмовах аб’ёмнага напружанага стану. Макс. датычныя напружанні, якія ў асн. вызначаюць трываласць сцісканых цел, размешчаны на некаторай глыбіні ад кантакту. Размеркаванне К.н. вельмі складанае, вызначаецца пругкасці тэорыяй. Для небяспечных пунктаў вызначаюцца разліковыя напружанні, якія параўноўваюцца з дапушчальнымі нармальнымі напружаннямі пры простым расцяжэнні.

І.​І.​Леановіч.

Размеркаванне кантактных напружанняў пры сцісканні сферычных цел: P — сціскальныя сілы; p0 — максімальнае напружанне ў цэнтры пляцоўкі кантакту S; p — напружанне на адлегласці r ад цэнтра гэтай пляцоўкі; A — пункт, у якім напружанне максімальнае.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНАСЦЬ СУСВЕ́ТУ,

аднароднае размеркаванне рэчыва, што назіраецца ў межах Метагалактыкі. Лічыцца, што ў прасторы, маштабы якой у трох вымярэннях перавышаюць адлегласць у 50 Мпк і якая ўключае каля 6000 галактык, шчыльнасць рэчыва прыблізна аднолькавая.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРА́ЛЬНАЯ ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ,

ліміт адносін светлавой велічыні (энергетычнай яркасці, светлавога патоку і інш.), якая адпавядае вузкаму ўчастку спектра аптычнага, да шырыні гэтага ўчастка. Графік залежнасці С.ш. ад даўжыні хвалі (частаты, хвалевага ліку ці інш.) характарызуе размеркаванне адпаведнай фіз. велічыні па спектры.

т. 15, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)