МАГУ́ТНАСЦЬ,

фізічная велічыня, што вымяраецца адносінамі работы да прамежку часу, за які яна выконваецца. Сярэдняя М. вызначаецца формулай: N = A/t, дзе A — работа, якая выконваецца за час t. У агульным выпадку N = dA/dt. У СІ М. вымяраецца ў ватах (часам выкарыстоўваюць пазасістэмную адзінку — конскую сілу). М. — найважнейшая энергет. характарыстыка розных сістэм і машын (рухавікоў, генератараў, кампрэсараў і інш.).

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1983 у Мінску як Мінскае пед. вучылішча № 2. З 1993 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): выкладанне ў пач. класах; пазакласная і пазашкольная выхаваўчая работа (для навучэнцаў з недахопамі слыху); выкладанне бел. мовы і л-ры ў базавай школе, выкладанне замежнай мовы (ням. і англ.) у базавай школе. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБА́РНЫ ПРАЦЭ́С,

тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаянным ціску. Напр., награванне вады ў адкрытай пасудзіне, утварэнне пары ў паравым катле, згаранне паліва ў кампрэсарных і праматочных паветрана-рэактыўных рухавіках.

І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізабарай. аб’ём ідэальнага газу прапарцыянальны т-ры (Гей-Люсака закон); работа, якую выконвае ідэальны газ пры І.п., роўная здабытку ціску на змену аб’ёму. Цеплаёмістасць сістэмы ў І.п. большая, чым у ізахорным працэсе.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІ́ЛА,

сіла, работа якой залежыць толькі ад пачатковага і канчатковага становішчаў пункта яе прыкладання і не залежыць ад віду (формы) траекторыі і ад закону руху гэтага пункта. Да П.с. адносяцца сіла гравітацыйнага ўзаемадзеяння, сіла электрастатычнага ўзаемадзеяння і сіла пругкасці. Сувязь П.с. F→ (r) з патэнцыяльнай энергіяй U(r) вызначаецца формулай: F→(r) = −gradU(r) . Мех. сістэмы, у якіх дзейнічаюць толькі П.с., адносяцца да кансерватыўных сістэм.

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДСКІ (Яўген Нікандравіч) (н. 25.12.1918, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Канд. мед. н. (1966). Засл. ўрач Беларусі (1968). Засл. работнік вышэйшай школы (1978). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1941), у 1954—90 працаваў у ім (у 1965—79 рэктар). Навук. працы па абязбольванні пры аперацыях на верхніх дыхальных шляхах і вуху, эпідэміялогіі злаякасных новаўтварэнняў, прафілактыцы ангін, хранічнага танзіліту і інш.

Тв.:

Научно-исследовательская работа студентов. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ электрастатычных,

фізічная велічыня, якая вызначаецца праз значэнні патэнцыялу электрастатычнага поля ў розных пунктах поля. Р.п. паміж двума пунктамі стацыянарнага электрастатычнага поля вызначаецца формулай: U = φ1 − φ2 = A/q, дзе A — работа, якая выконваецца сіламі поля пры перамяшчэнні дадатнага зараду q з пункта з большым патэнцыялам q1 у пункт з меншым патэнцыялам q2. Змена патэнцыялу φ = φ2 − φ1 = -U. Адзінка Р.п. у СІ — вольт. Гл. таксама Напружанне электрычнае.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. reclamatio пярэчанне, неадабрэнне),

абгрунтаваная прэтэнзія спажыўца (заказчыка) на выяўленыя недахопы ў атрыманай ад даўжніка (вытворцы, пастаўшчыка, падрадчыка) прадукцыі ці ў выкананай рабоце. Прад’яўляецца даўжніку, калі якасць ці колькасць тавару, выкананая работа не адпавядаюць умовам дагавора, парушаюцца тэрміны пастаўкі тавару або парадак плацяжоў. Паслядоўнасць афармлення і прад’яўлення Р. ўстанаўліваецца пры заключэнні дагавора. Р. можа патрабаваць ліквідаваць выяўленыя недахопы, знізіць цану, замяніць дэфектны выраб ці кампенсаваць прычыненыя спажыўцу (заказчыку) страты.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 24.12.1958, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1978). У ранняй творчасці сімволіка-алегарычнае асэнсаванне рэчаіснасці (серыя з 9 работ «Успамін пра Русь», 1989—90). У творах «Збіральнікі галля» (1994), «Збіральнікі камення» (1995), «Малітва» (1997) і інш. асацыятыўна-філас. трактоўка вобразаў, увасобленая праз нюансавы колеравы лад. Працуе таксама ў плакаце («Не парушаць экалагічную раўнавагу!», «У што веру?»).

А.​І.​Атраховіч.

В.Даманава. Работа з серыі «Успаміны пра Русь». 1989—90.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Барыс Паўлавіч) (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.​Твардоўскага «Васіль Цёркін».

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭ́НДЗАЛЬ,

асноўны інструмент у жывапісе, выкарыстоўваецца таксама ў графіцы і каліграфіі. Вырабляецца з абястлушчанага і загартаванага воласа або поўсці жывёл, часам сінтэт. валокнаў. Адрозніваюцца паводле матэрыялу — цвёрдыя (шчацінныя) і мяккія (каланковыя, вавёркавыя, барсуковыя, тхаровыя і інш.); формы — плоскія і круглыя, завостраныя і тупыя. У гравюры выкарыстоўваюцца шкляныя і драцяныя П. Пад словам «П.» разумеюць таксама характар або спосаб выканання жывапісных твораў (напр., сухі П. — работа цвёрдымі П., слаба насычанымі алейнымі фарбамі на незагрунтаваным палатне).

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)