МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІімя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш.Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).
Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.
А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцынкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),
метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.
Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.
У замежнай практыцы буд-ваМ., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б.сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.
Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл.Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш.Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.
Літ.:
Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;
Тоннели и метрополитены. М., 1989.
С.Л.Сергачоў (архітэктура), В.А.Ярмоленка.
Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.Шчусеў і інш.Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.Пірагоў, А.Зензін, маст. В.Чурыла, С.Сакалоў.