ПІРАГО́Ў (Міхаіл Міхеевіч) (н. 25.1.1933, г. Арцёмаўск Краснаярскага краю, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1957). Працаваў у Новасібірску. З 1975 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар ін-та), з 1978 кіраўнік майстэрні, з 1988 гал. архітэктар праектаў. Асн. работы: у Новасібірску — манумент Славы (1967), комплекс рачнога вакзала з гасцініцай (1973), адм. будынак (1980, усе ў сааўт.); на Беларусі: у Бабруйску — т-р драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча (1979, інтэр’ер), у Мінску — станцыі метро «Акадэмія навук» і «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), Палац Рэспублікі (2000, кіраўнік аўтарскага калектыву); прафілакторый у Валожынскім р-не (1986, у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАГО́Ў (Мікалай Іванавіч) (25.11.1810, Масква — 5.12.1881),
расійскі хірург, анатам, педагог; заснавальнік ваенна-палявой хірургіі і хірург. анатоміі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1847). Скончыў Маскоўскі ун-т (1828). З 1836 праф. Дэрпцкага (Юр’еўскага) ун-та, у 1841—56 у Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі (заг. кафедры і кіраўнік Ін-та практычнай анатоміі). Навук. працы па хірургіі, анатоміі артэрыяльных ствалоў і фасцый. Упершыню ўжыў эфірны наркоз пры хірург. аперацыях (1847), увёў у практыку нерухомую гіпсавую павязку, распрацаваў асновы касцёва-пластычных аперацый. Выдаў «Поўны курс прыкладной анатоміі чалавечага цела» (1843—48), «Тапаграфічную анатомію...» (1851—54), «Асновы агульнай ваенна-палявой хірургіі» (ч. 1—2, 1865—66). Удзельнічаў у Севастопальскай абароне 1854—55.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1957—62.
Літ.:
Порудоминский В. Пирогов. М., 1969;
Геселевич А.М. Летопись жизни Н.И.Пирогова (1810—1881). М., 1976.