АКАДЭ́МІІ НАВУ́К ХРЫБЕ́Т,

на Зах. Паміры, у Таджыкістане. Даўж. каля 110 км. Выш. да 7495 м (пік Камунізму). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод, гранітаў. Водападзельны грэбень мае альпійскі рэльеф; 24 вяршыні ўзнімаюцца вышэй за 6000 м. Укрыты вечнымі снягамі, шмат ледавікоў (агульная пл. 660 км²), у т. л. буйныя — Гарма, Федчанкі, Язгулемскі і інш.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШКАШЫ́МСКІ ХРЫБЕ́Т У Заходнім Паміры, уздоўж правага берага р. Пяндж, у Таджыкістане; зах. ч. Шахдарынскага хр. Даўж. 95 км. Выш. да 6096 м (пік Маякоўскага). Складзены пераважна з гнейсаў, амфібалітаў і інш. Пераважае вышынны рэльеф. Ледавікі. На схілах горныя стэпы і пустыні, у глыбокіх далінах рэк трапляюцца зараснікі арчы. Тэрмальныя мінер. крыніцы. Бальнеалагічны курорт Гармчашма.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНІ́НСКІЯ ГО́РЫ (Pennine Chain). На в-ве Вялікабрытанія. Даўж. каля 250 км, выш. да 893 м (г. Крос-Фел). Складзены з вапнякоў і пясчанікаў. Выраўнаваныя вяршыні, зах. схілы стромкія, усх. — больш пакатыя. Карст. Верасоўнікі, тарфянікі. участкі лясоў (дуб, граб, бяроза), лугі. У перадгор’ях — радовішчы каменнага вугалю (Йоркшырскі вугальны басейн). Нац. парк — Пік-Дыстрыкт. Турызм.

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛА́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,

на Пн Паміра, у Кыргызстане і Таджыкістане. Даўж. 240 км. Выш. да 7134 м (пік Леніна). Складзены са сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў, кангламератаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Месцамі трапляецца гіпсавы карст. Ледавікі агульнай пл. 1194 км². На схілах стэпы і высакагорныя лугі. Ва ўсх. ч. перавал Кызыларт (4280 м), цераз які праходзіць аўтамаб. тракт Ош—Харог.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯНА́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т У Цэнтральным Цянь-Шані, пагранічны паміж Кыргызстанам, Казахстанам і Кітаем; паўн. працяг хр. Какшааал-Тоо. Даўж. каля 80 км, сярэдняя выш. каля 6300 м, найб. — 6995 м (г. Хан-Тэнгры). На стыку М.х. і хр. Какшаал-Тоо — найвышэйшы пункт Цянь-Шаня — Пік Перамогі (7439 м). Скалы, восыпы, значныя зледзяненні (з М. сцякае ледавік Энгільчэк).

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКШАА́Л-ТО́О, Какшалтау,

хрыбет на Пд Цянь-Шаня, на мяжы Кыргызстана і Кітая. Даўж. каля 400 км. Выш. да 7439 м (пік Перамогі). Складзены з гліністых сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў, прарваных гранітамі. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. 983 км²). Рэкі Сары-Джаз, Какшаал, Узенгегуш перасякаюць хрыбет у вузкіх цяснінах. На паўд. схіле стэпы, на паўн. — высакагорныя лугі і лугавыя стэпы.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРА́ ПЕ́РШАГА ХРЫБЕ́Т.

У Зах Паміры, у Таджыкістане, паміж рэкамі Сурхоб і Абіхінгоў (бас. р. Амудар’я). Даўж. 200 км. Выш. да 6785 м (пік Масква). Складзены гал. ч. з пясчанікаў і кангламератаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ва ўсх. ч. шмат буйных ледавікоў (Сагран, Гандо і інш.). На ніжніх схілах зах. ч. хрыбта — участкі арэхавых і кляновых лясоў змяняюцца рэдкалессем, высакатраўем, высакагорнымі лугамі.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЕ́ЎСКАЯ (Людміла) (сапр. Шніп Людміла Іванаўна; н. 5.7.1965, Мінск),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1984), вучылася ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1986—87), скончыла БДУ (1994). Працавала ў газ. «Наша слова», час. «Першацвет». З 1996 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1983. Псіхалагізм, філас. асэнсаванне рэчаіснасці, прыхільнасць да гіст. рамантызму ў зб-ках вершаў «Крокі па старых лесвіцах», «Адукацыя» (абодва 1990), «Замак месячнага сяйва» (1992), «Застаюся» (1996), «Балаган» (2000). Тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнасцю, лірычнасцю і мяккім гумарам адметная яе проза: цыкл апавяданняў «Старасвецкія міфы горада Б» (1996—2001), аповесці «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001). Аўтар драм. паэм «Пасля Цэзара» (1993), «Amor ardens» (1997), «Апошняя з Алелькавічаў» (1998, аднайм. фільм Бел. тэлебачання 1999), п’ес «Апошнія гастролі Агасфера» (нап. 1993), «Янук, рыцар Мятлушкі» (1995), казак для дзяцей («Прыгоды мышкі Пік-Пік», 2000). Выступае як крытык і літ.-знавец.

Тв.:

Партрэт нацыі: Аспекты нац. міфа ў бел. паэзіі 10—20-х гг. XX ст. // Роднае слова. 1995. № 8, 10;

Рыцарскія хронікі: Вершы... Маладзечна, 2001.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТЫЯКАЎЛЁЗЫ,

гельмінтозныя хваробы свойскіх і дзікіх траваедных жывёл, якія выклікаюцца нематодамі з роду Dictyocaulus. Вельмі пашыраны сярод авечак, коз і буйн. раг. жывёлы.

Развіццё гельмінта без удзелу прамежкавага гаспадара. Хварэе пераважна маладняк ва ўзросце да году. Жывёлы заражаюцца праз ваду і корм (пераважна ўлетку на пашы), інвазаваныя лічынкамі нематод. Першыя выпадкі захворвання адзначаюцца ў чэрв.—ліпені, максімальны пік інвазіі прыпадае на жнівень. Хвароба выяўляецца бранхітамі і запаленнем лёгкіх, анеміяй, знясіленнем.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІЛІ́ЙСКІ АЛАТА́У,

горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Казахстане, на мяжы з Кіргізіяй. Даўж. каля 350 км. Выш. да 4973 м (пік Талгар). Складзены пераважна з гранітаў, кангламератаў, вапнякоў і сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Агульная пл. зледзянення 484 км². З паўн. схілаў сцякаюць прытокі р. Ілі. Сухія стэпы змяняюцца з вышынёй хмызнякова-стэпавай расліннасцю, лугамі і лясамі. У паўн. перадгор’ях г. Алматы, а таксама зімовы спарт. комплекс Медэо. На зах. схіле З.А. Алма-ацінскі запаведнік.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)