МУЗЕ́І ПРЫРО́ДЫ,

прыродазнаўчанавуковыя ўстановы, якія збіраюць, захоўваюць і экспануюць калекцыі прадстаўнікоў жывёльнага (заалагічныя музеі) і расліннага (бат. музеі) свету, мінералаў (геал. музеі) і інш.

Самыя вял. і каштоўныя калекцыі знаходзяцца ў музеях Заал. і Бат. ін-таў Расійскай АН у С.-Пецярбургу, Бат. музеі Лонданскага бат. сада і Брытанскім музеі ў Лондане, Нац. прыродазнаўчым музеі ў Парыжы, Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Нью-Йорку, Нац. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Вашынгтоне і інш.

На Беларусі М.п. існуюць у Мінску (Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь), Бярэзінскім біясферным запаведніку і нац. парку Белавежская пушча. У Бярэзінскім запаведніку адкрыты ў 1940, адноўлены пасля Вял. Айч. вайны ў 1950 у в. Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Мае больш за 500 экспанатаў, пл. экспазіцыі 400 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя запаведніка і развіццё запаведнай справы, млекакормячыя і іх ахова, птушкі і іх ахова і інш. У нац. парку Белавежская пушча засн. ў 1945 на базе калекцый навук. аддзела запаведніка Белавежская пушча, адкрыты ў 1950 у в. Камянюкі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 775 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя Белавежскай пушчы, звяры, птушкі, шкоднікі лесу, глебы і інш. Вядуць навук. і лекцыйна-прапагандысцкую работу па пытаннях прыродазнаўства.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Музеі прыроды: 1 — у зале музея прыроды нацыянальнага парку Белавежская пушча; 2 — дыярама ў музеі прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

т. 11, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАЎ (Майсей Залманавіч) (н. 23.12.1909, г. Веліж Смаленскай вобл., Расія),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1934). У 1934—78 на кінастудыі «Беларусьфільм», здымаў дакумент. і навук.-папулярныя фільмы. У 1941—45 франтавы аператар; яго сюжэты і асобныя рэпартажы ўвайшлі ў дакумент. фільмы «Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквой», «Бой за Віцебск», «Мінск — наш!», «Вызваленне Савецкай Беларусі» і інш., выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З лепшых фільмаў: «Белавежская пушча» (1948), «Архітэктурныя помнікі мінулага» (1959), «Жыццё на сцэне» (1966), «Генерал Пушча» (1967), «Хлопчык і чапля» і «Сапраўднае імя — Мікалай Судзілоўскі» (абодва 1969), «Палескія калядкі» (з У.​Цеслюком) і «У час цішыні» (абодва 1972) і інш.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Антон Іосіфавіч) (21.7.1860 ці 1861, Вільня або маёнтак Ярылаўка Гродзенскай губ. — 12.9.1933),

графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1882—85) і ў Парыжы ў Акадэміі Жульена. Працаваў у Варшаве, Кракаве, Парыжы. Рабіў малюнкі часопісаў, ілюстрацыі да літ. твораў. Адлюстроўваў жыццё бел. народа (серыя літаграфій «Белавежская пушча»), складанасць і трагізм лёсу мастакоў («Няскончаная справа», 1894), рэв. рух 1905—07. Сярод жывапісных твораў цыкл алегарычных кампазіцый «Песня аб жыцці» (каля 1896—97), «Двор Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве» (1921) і інш. Аўтар партрэтаў дзеячаў культуры (Э.​Ажэшкі, В.​Базнанскай, С.​Віткевіча, С.​Выспянскага, М.​Канапніцкай, Г.​Сянкевіча і інш.).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

А.Каменскі. Беларусачка. З серыі «Белавежская пушча». 1910.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЮ́КІ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Правая Лясная. Цэнтр сельсавета і Дзярж. нац. парку Белавежская пушча. За 21 км на Пн ад г. Камянец, 60 км ад Брэста, 47 км ад чыг. ст. Жабінка. 1248 ж., 500 двароў (1997). Дрэваапр. цэх. Сярэдняя экалагічная школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік на магіле сав. воінаў.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦАВО́Е РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Віцебскім р-не, каля в. Пушча, каля кальцавой дарогі. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі паазерскага ледавіка. Гліны бурыя, чырвона-бурыя і карычневыя, шчыльныя, вязкія, высокапластычныя, з тонкімі пясчанымі праслойкамі і ўключэннямі жвіру. Разведаныя запасы 8,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,2 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 0,1—3,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць керамзітавага жвіру.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

участкі зямлі або воднай прасторы, якія выключаны з гасп. дзейнасці чалавека; катэгорыя ўсіх або часткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. Размешчаныя ў межах З.т. прыродныя комплексы пэўнай навук. або культ. каштоўнасці маюць вял. значэнне для аховы і ўзнаўлення натуральных ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін. Асн. формы З.т.: батанічны сад, заказнік, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі, запаведнікі, помнікі прыроды, прыродныя нацыянальныя паркі, рэзерваты.

Правобразам З.т. у старажытнасці былі свяшчэнныя рытуальныя гаі, крыніцы, прыватныя ці грамадскія паляўнічыя ўгоддзі (пушчы, бабровыя, ласіныя «гоны» і інш.). Адзін з першых запаведных лясных масіваў Еўропы — Белавежская пушча, першы нац. парк у свеце — Йелаўстонскі нацыянальны парк. У многіх краінах свету існуюць 1—3 нац. паркі, шмат дзярж., грамадскіх і прыватных запаведнікаў, напр., у Нідэрландах 988, у Францыі каля 3 тыс. запаведнікаў і заказнікаў. Агульная пл. буйных З.т. у свеце 2,4 млн. км! (каля 1,6% сушы).

На Беларусі (на 1.9.1997) існуюць Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 3 нац. паркі — Белавежская пушча, Браслаўскі і Прыпяцкі і 85 заказнікаў агульнай пл. 1192,9 га.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1861 (паводле інш. звестак у 1859) у Гродне акц. кампаніяй Шарашэўскага і інш. Вырабляла тытунь, цыгарэты і папяросы. Сыравіну прывозілі з Расіі, Крыма, Украіны, Амерыкі. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1945—49. У 1964—87 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Нёман». З 1988 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): папяросы і цыгарэты, у т. л. вышэйшага гатунку («Мінск», «Космас», «Пушча», «Арбіта», «Гродна», «Фільтр» і інш.). Супрацоўнічае з фірмамі краін СНД, Англіі, Германіі, Швейцарыі.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ Сцяпан Іванавіч [1.5.1923, в. Пушча (цяпер у межах в. Пірагі) Расонскага р-на Віцебскай вобл. — 24.7.1997], Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1941), Чарнігаўскую ваен. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1952). У Вял. Айч. вайну на Цэнтр. і 1-м Бел. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, баёў у Германіі. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант Ж. зрабіў 121 баявы вылет, у т. л. 80 — на тэр. Беларусі. Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА,

катэгорыя запаведных тэрыторый, у межах якіх актыўна праводзіцца работа па акліматызацыі, зберажэнні і аднаўленні запасаў дзічыны. У іх строга рэгулюецца паляванне (з навук. і спарт. мэтамі), абмежавана лясная гаспадарка, практыкуюцца біятэхн. мерапрыемствы (напр., клетачнае расплоджванне, прыручэнне жывёл). З.-п.г. — форма ахоўных тэр., характэрная толькі для б. СССР, дзе існавалі З.-п.г.: Завідаўская, Каўказская (Расія), Крымская, Азова-Сівашская (Украіна), Кургальджынская (Казахстан), Энгурэс (Латвія), Белавежская пушча з 1983 з філіялам Целяханская (Беларусь).

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЯ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podlaskie),

адм.-тэр. адзінка на ПнУ Польшчы. На У мяжуе з Беларуссю і Літвой. Утворана 1.1.1999. Пл. 19,9 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1999), гарадскога 55%. Сярод насельніцтва значная доля беларусаў. Адм. цэнтр — г. Беласток. Найб. гарады: Сувалкі, Ломжа, Аўгустаў, Бельск-Падляскі. Большая ч. тэр. ваяводства знаходзіцца ў межах забалочанай Падляскай нізіны, на Пн марэнная града Сувалкаўскага Паазер’я, на У Беластоцкае ўзв. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 16—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Густая сетка рэк, якія належаць да бас. р. Вісла. Гал. рэкі — Буг (з прытокам Нужац) і Нараў (з прытокамі Бебжа і Супрасль). Рэкі Нёман і Бебжа злучае Аўгустоўскі канал. На Пн шмат азёр, у т. л. самае глыбокае ў Польшчы воз. Ганча (108,5 м). Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам каля 27% тэрыторыі, найб. Аўгустоўская пушча і Белавежская пушчаБелавежскім нацыянальным паркам). Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс, пшаніцу, ячмень, лён, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць дарожных машын, абсталявання для лясной і харч. прам-сці), тэкст. (шарсцяная, баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Турызм (Аўгустоўскае Паазер’е).

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)