АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ БАДАХША́Н, Горна-Бадахшанская аўтаномная вобласць,

вобласць у Таджыкістане. Утворана 2.1.1925. Пл. 63,7 тыс. км². Нас. 167 тыс. чал. (1994), гарадскога нас. 12,5%, жывуць таджыкі (89,5%), кіргізы (6,7%), рускія (каля 2%). Цэнтр — г. Харог. 6 раёнаў.

Прырода. Горны Бадахшан размешчаны ў межах Паміра, дзе горныя вяршыні да 7495 м (пік Камунізму) і буйное горнае зледзяненне (ледавік Федчанкі, даўж. 77 м км). Тэр. падзяляецца на зах. і ўсх. часткі. Зах. ч. моцна расчлянёная глыбокімі далінамі, над якімі ўзвышаюцца хрыбты на 3000—4000 м і больш. Усх. частка — найвыш. выраўнаванае нагор’е з плоскімі далінамі і катлавінамі, дзе горныя хрыбты ўздымаюцца на 1200—1800 м. Выяўлены радовішчы золата, горнага хрусталю, самацветаў, слюды, азбесту. Шматлікія тэрмальныя крыніцы. Клімат кантынентальны высакагорны. Сярэдняя т-ра студз. ад -8 °C на З да -20 °C на У, ліп. адпаведна ад 22 °C да 13 °C. Ападкаў да 240 мм за год на З і 60 мм на У. Вегетатыўны перыяд 223 сут у Харогу, 140 сут у Мургабе. Гал. рэкі: Пяндж (з прытокамі Ванч, Язгулем, Бартанг і інш.), Мургаб. Бяссцёкавыя азёры — Каракуль, Рангкуль, праточныя — Сарэзскае воз., Яшылькуль і Заркуль. Глебава-расліннае покрыва ў зах. ч. мае рысы моцнай ксерафільнасці ва ўсіх паясах: у ніжніх — шэразёмы з палыном, салянкамі, кузініямі; у верхніх — пустынна-стэпавыя глебы з палыном, кавылём, ціпчаком, на вяршынях хрыбтоў — падушачкі (з аканталімонаў) і плямы лугоў з асокамі і кабрэзіяй. Па берагах рэк — гаі з вярбы, таполі, джыды, зараснікі арчы. Ва ўсх. ч. — высакагорныя пустынныя глебы з рэдкімі кустамі цераскета; па схілах гор расліннасць вельмі разрэджаная. Усюды пашыраны воўк, ліс, заяц-талай, снежны барс, горны казёл; шмат буйных драпежных птушак. На З водзяцца рысі, дзікабразы, дзікі, на У — архары; у рэках і азёрах — стронга, галец і інш.

Гісторыя. Бадахшан — стараж. вобласць на Паміры. У 1895 Горны Бадахшан далучаны да Бухарскага ханства, якое з 1868 было пад пратэктаратам Расіі. Сав. ўлада ўстаноўлена ў 1920. У ліп. 1923 уключаны ў Туркестанскую АССР як самаст. вобл. 2.1.1925 створана Асобая Памірская вобл. у складзе Таджыкскай АССР (з 1929 Таджыкская ССР), у снеж. 1925 перайменавана ў Горна-Бадахшанскую аўт. вобл.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчовая, развіваюцца металаапрацоўка і вытв-сць буд. матэрыялаў. Невял. ГЭС: Харогская, Ванчская і інш. Земляробства паліўное у далінах зах. ч.; вырошчваюць збожжавыя, агародніна-бахчавыя культуры, бульбу, тытунь. Жывёлагадоўля (авечкі, які — ва ўсх. ч.). Пладаводства. Шаўкаводства. Асн. аўтадарогі Ош—Харог і Душанбе—Харог. Турызм.

Да арт. Горны Бадахшан. Сарэзскае возера.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс. км². Нас. 665,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).

Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).

Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн. т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-ра студз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.

Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш. араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс. ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст. н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл. ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд. дол. (1994), каля 20 тыс. дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн. т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж. Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн. т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд. кВтгадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс. га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс. га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс. км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд. дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.

Літ.:

Князев А.Г. Бахрейн и Катар. М., 1984.

Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Катара.

т. 8, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЫ, Андыйскія Кардыльеры (Andres, Cordillera de los Andes),

горная сістэма на Пн і З Паўн. Амерыкі Паўд. Амерыкі, выцягнутая ў мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. на тэр. Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціны. Самая доўгая (9000 км) і адна з самых высокіх (6980 м, г. Аканкагуа) горных сістэм зямнога шара. З’яўляецца кліматападзелам паміж паветранымі масамі Атлантычнага і Ціхага акіянаў, важны гідраграфічны вузел мацерыка. Складаюцца пераважна з субмерыдыянальных паралельных хрыбтоў — Усходнія Кардыльеры Андаў, Цэнтральныя Кардыльеры Андаў, Заходняя Кардыльера Андаў, Берагавыя Кардыльеры Андаў, паміж якімі ўнутр. пласкагор’і і плато (Пуна, Альтыплана) ці ўпадзіны. Па сукупнасці прыродных асаблівасцяў і араграфіі вылучаюць Анды Паўн., Цэнтр. і Паўднёвыя. Паўночныя Анды падзяляюцца на Карыбскія Анды, Паўн.-Зах. Анды, якія прадстаўлены 3 асн. Кардыльерамі (Усходняя, Заходняя і Цэнтральная), і Экватарыяльныя Анды (складаюцца з 2 Кардыльераў — Заходняй і Усходняй). Цэнтральныя Анды (да 28° паўд. ш.) уключаюць Перуанскія Анды і ўласна Цэнтр. Анды, ці Цэнтральнаандыйскае нагор’е. У Паўднёвых Андах вылучаюць Чылійска-Аргенцінскія (Субтрапічныя Анды) і Патагонскія Анды. Паводле будовы Анды — адроджаныя герцынскія структуры, узнесеныя навейшымі падняццямі альпійскай складкавасці на месцы Андыйскага (Кардыльерскага) геасінклінальнага складкавага пояса; зона землетрасенняў і актыўнага сучаснага вулканізму: 70 вулканаў, у т. л. 30 дзеючых (Катапахі, Льюльяйльяка, Сангай, Сан-Педра і інш.). Карысныя выкапні: руды волава («алавяны пояс» Балівіі), медзі («медны пояс» Чылі і Перу), вальфраму, сурмы, вісмуту, селену, серабра, свінцу, цынку, жалеза, золата, плаціны; у перадгор’ях, міжгорных прагінах і ўпадзінах (Маракайба, Магдалены) радовішчы нафты. У Андах пачынаюцца вытокі і прытокі Амазонкі, Арынока, Парагвая, Параны і рэкі Патагоніі, знаходзяцца вял. азёры: Маракайба, Тытыкака, Паапо і інш. Значныя вышыня і працягласць Андаў з Пн на Пд, кантрасты ва ўвільгатненні (на зах., наветраных, схілах да 5000—8000 мм ападкаў за год — на З Калумбіі і Пд Чылі, на ўсх., падветраных, каля 3000 мм — экватарыяльная паласа, вельмі сухія ўзбярэжжы — да 100 мм за год у Перу і Чылі), наяўнасць зледзяненняў (найб. значнае ў Патагонскіх Андах, больш за 20 тыс. км²), узровень снегавой лініі ад 4200—4900 м каля экватара да 6300 м у Перу абумовілі рэзка выяўленую пояснасць і вял. разнастайнасць ландшафтаў. Наветраныя вільготныя схілы ад Паўн.-Зах. Андаў да Пд Цэнтр. Андаў укрыты горнымі вільготнымі экватарыяльнымі і трапічнымі лясамі (горныя гілеі), у якіх вылучаюць З вышынныя паясы: т’ера-кальентэ (гарачая зямля), т’ера-тэмплада (умераная зямля) і т’ера-фрыз (халодная зямля). У Субтрапічных Андах вечназялёныя сухія лясы і хмызнякі, на Пд ад 38° паўд. ш. вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы. Расліннасць высакагорных плато мае шэраг асаблівасцяў: на Пн горныя экватарыяльныя лугі парамас, у Перуанскіх Андах і на ПнУ Пуны сухі высакагорны стэп халка, на ПдЗ Пуны і ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы паміж 5—28° паўд. ш. пустынныя тыпы расліннасці. Жывёльны свет: шыраканосыя малпы, непаўназубыя (мурашкаед, браняносец, лянівец), ягуар, пума, лама, гуанака, алені уэмул і пуду, грызуны тука-тука і шыншыла; з птушак — кондар, тукан, калібры і інш. Анды — радзіма хіннага дрэва, кокі, батату, лімскай фасолі і інш. каштоўных раслін. Даследаваў Анды бел. геолаг І.​І.​Дамейка, у гонар якога названы хрыбет.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Паўночныя Анды. Высакагорны рэльеф.
Анды на граніцы Чылі і Аргенціны.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКАЛПАКСТА́Н, Рэспубліка Каракалпакстан,

у складзе Узбекістана. Пл. 164,9 тыс. км². Нас. 1428,9 тыс. чал. (1996), гарадскога 49%. Сярэдняя шчыльн. 8,7 чал. на 1 км². Найб. густа заселена даліна р. Амудар’я. Жывуць каракалпакі (32%), узбекі (33%), казахі (26%), рускія, туркмены, татары, карэйцы і інш. Сталіца — г. Нукус. Найб. гарады: Тахіяташ, Хаджэйлі, Муйнак, Кунград, Чымбай, Біруні і інш.

Прырода. Характарызуецца раўнінным рэльефам з невял. ўзвышшамі. На ПдУ і У — узгорыстая пустыня Кызылкум, на З — плато Усцюрт выш. да 292 м, паміж імі — даліна і дэльта Амудар’і. На Пн К. Аральскае м., якое з канца 1980-х г. аб’яўлена зонай экалагічнага бедства. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (граніт, мармур, вапнякі, мергель), фасфарыты, руды каляровых металаў, кухонная і глаўберава солі, тальк, графіт, прыродны газ, нафта. Клімат рэзка кантынентальны. Уплыў Аральскага м. нязначны. Лета сухое, гарачае, зіма халодная, бясснежная. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 26—28 °C. Ападкаў каля 110 мм за год. Гал. рака Амудар’я з’яўляецца асн. крыніцай для арашэння, буйной трансп. артэрыяй; багатая рыбай. Арашальныя каналы Кегейлі, Куанышджарма, Кызкеткен і інш. Невял. азёры, балоты. Глебы ў даліне і дэльце Амудар’і шэразёмна-лугавыя, такыравыя засоленыя, на плато Усцюрт шэра-бурыя пустынныя, такыры, саланчакі, у пустыні Кызылкум пясчаныя шэразёмы або голыя пяскі. У даліне Амудар’і тугайная расліннасць і зараснікі трыснягу, на Усцюрце — чорны саксаул, у Кызылкумах — палын, асака, ксерафільныя злакі, саксаул і інш. Запаведнік Бадай-Тугай.

Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі неаліту. Этнагенез каракалпакаў звязаны з плямёнамі, што насялялі дэльтавыя і стэпавыя вобласці Сырдар’і і Прыаралля. Як народнасць каракалпакі сфарміраваліся да 16 ст. У 17 — сярэдзіне 18 ст. займалі тэр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні Сырдар’і. Вялі паўкачавы спосаб жыцця, займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам і рыбалоўствам. Улада належала феад. -родавай знаці і мусульм. духавенству. Каракалпакі залежалі ад каз. ханаў. Пасля захопу іх тэрыторыі джунгарамі (1723) рассяліліся па Сярэдняй Азіі. Да 1811 Хівінскае ханства заваявала б. частку К., а яе насельніцтва перасяліла ў дэльту Амудар’і і абклала вял. падаткамі. Каракалпакі паўставалі супраць прыгнятальнікаў у 1827—28, 1855—56, 1858—59. Пасля паходу рас. войск на Хіву ў 1873 землі каракалпакаў на правым беразе Амудар’і далучаны да Рас. імперыі; створаны Амудар’інскі аддзел, які ў 1887 уключаны ў Сырдар’інскую вобл. Частка каракалпакаў, што жыла на левабярэжжы, пэўны час заставалася ў Хівінскім ханстве. Каракалпакі ўдзельнічалі ў рэв. выступленнях 1905—07 і Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916. У снеж. 1917 устаноўлена сав. ўлада. З крас. 1918 К. у складзе Туркменскай АССР. Левабярэжная яе частка, якая заставалася ў Хівінскім ханстве, у крас. 1920 увайшла ў Харэзмскую нар. сав. рэспубліку. У ходзе нац.дзярж. размежавання каракалпакі аб’яднаны. У 1925 утворана Каракалпакская аўт. вобласць у складзе Каз. АССР, з 1930 — у РСФСР. У 1932 К. ператвораны ў Каракалпакскую АССР у складзе РСФСР, з 1936 — у складзе Узб. ССР. У снеж. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце К. У ліст. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у студз. 1992 прынята назва Рэспубліка Каракалпакстан.

Гаспадарка. Прам-сць К. выкарыстоўвае пераважна мясц. сыравіну. Вядучая галіна — бавоўнаачышчальная (з-ды ў Хаджэйлі, Чымбаі, Турткуле, Кунградзе, Біруні, Мангіце). З ёй звязана алейная прам-сць, якая перапрацоўвае баваўнянае семя. Харч. прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мясной, малочнай, пладова-кансервавай галінамі (прадпрыемствы ў Хаджэйлі, Нукусе, Чымбаі і інш.). Аснова электраэнергетыкі К. — Тахіяташская ДРЭС. Металаапр. прам-сць (судна-, матора- і аўтарамонтны з-ды) пашырана ў Хаджэйлі, Тахіяташы, Нукусе. З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная, шоўкаматальная, трыкат., швейная, дывановая. У Нукусе знаходзіцца адзіны ва Узбекістане юрта-лямцавы камбінат. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цагельныя, жалезабетонных канструкцый, домабуд., гранітна-мармуровы, мелавы з-ды). Нар. промыслы (разьба і размалёўка па ганчы, вытв-сць дываноў). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні бавоўны (асн. галіна раслінаводства), рысу, шаўкаводстве і жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4,3 млн. га, з іх 90% пад пашай. Земляробства паліўное. Вырошчваюць рыс, пшаніцу, бульбу, агародніну, бахчавыя культуры, люцэрну. Збор (тыс. т, 1995): бавоўніку — 288,2, рысу — 126,6, пшаніцы — 30,2, бульбы — 4,8, агародніны — 66,5, бахчавых — 42. Пладаводства. Жывёлагадоўля пашавага кірунку. Гадуюць авечак (у асноўным каракульскіх), коз, буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, птушак. Вытв-сць (1995): мяса — 42,6 тыс. т, малака — 157,8 тыс. т, яец — 7,7 млн. шт. Вярблюдагадоўля. Шаўкаводства. Зверагадоўля (андатры, норкі, пясцы, нутрыі, серабрыста-чорныя лісы). Чыгунка Чарджоу—Кунград—Макат злучае К. з чыг. сеткай Сярэдняй Азіі, Казахстана і Расіі. Развіты аўтатранспарт. Гал. аўтадарога Бухара—Муйнак. Суднаходства па Амудар’і. Газаправоды Бухара—Урал і Сярэдняя Азія—Цэнтр.

Т.​Л.​Казакова (прырода, гаспадарка).

Да арт. Каракалпакстан. Адміністрацыйны будынак у г. Нукус.

т. 8, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІ́БІЯ (Namibia),

Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак. Пл. 824,3 тыс. км². Нас. 1648,3 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г. Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).

Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб. выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс. чал.), каванга (146 тыс. чал.), герэра (114 тыс. чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс. чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас. еўрап. паходжання (100 тыс. чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс. ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э. Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч. тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.​Магарэра і нама на чале з Х.​Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл. ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар. арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.

Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс. дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс. т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд. кВтгадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс. т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн. дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс. км, асфальтавых 4,5 тыс. км, чыгунак 2,4 тыс. км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд. дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.

Літ.:

Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.

В.​І.​Сініца (гісторыя), Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Намібіі.
Да арт. Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ФРЫКА,

другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн. км², з астравамі 30,3 млн. км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20 паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52 паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32 зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23 усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб. п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн. км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.

Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б. ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак. Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.

Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж. Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).

Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).

Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.

Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.

У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2° паўд. і 8° паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19° паўн. і 16° паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30° паўн. і 30° паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.

Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс. км²).

Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах. ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш. Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс. км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.

Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7° паўн. і 5° паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19° паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі ​1/5 зямель, прыдатных для ворыва.

Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт. Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.

Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.

Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн. чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн. чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.

Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.

Літ.:

Африка: Энцикл. справ Т. 1—2. М., 1986—87;

Галай Н.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Мн., 1988;

Страны и народы: Африка. [Кн. 1—3]. М., 1979—82.

Г.​Я.​Рылюк.

Да арт. Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.
Да арт. Афрыка. Дарога ў саванне.
Да арт. Афрыка. У афрыканскай саванне.
Да арт. Афрыка. Горныя лясы Уганды.

т. 2, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАХСТА́Н (Казакстан),

Рэспубліка Казахстан (Казакстан Республикасы), дзяржава ў цэнтр. ч. Еўразіі. Мяжуе на 3, Пн і У з Рас. Федэрацыяй, на ПдУ з Кітаем, на Пд з Кыргызстанам, Узбекістанам і Туркменістанам. Падзяляецца на 19 абласцей. Пл. 2724,9 тыс. км². Нас. 15,9 млн. чал. (1997). Сталіца — г. Астана. Дзярж. мова — казахская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (16 снежня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1995 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў і ўзначальвае адзіную сістэму выканаўчай улады. Вышэйшы орган дзярж. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з Сената (49 дэпутатаў) і ніжняй палаты (мажыліса, 67 дэпутатаў). Кабінет міністраў узначальвае прэм’ер-міністр. Мясц. кіраўніцтва ў абласцях ажыццяўляюць губернатары, прызначаныя прэзідэнтам. Вышэйшая суд. інстанцыя — Вярх. Суд, ніжэйшыя суд. звенні — абласныя і мясц. суды.

Прырода. Большая ч. К. — слаба расчлянёная раўніна з выш. да 300 м (73 тэрыторыі) і 300—500 м (72 тэрыторыі). На З п-аў Мангышлак (упадзіна Карагіе, 132 м ніжэй узр. м.) і Прыкаспійская нізіна, якая на ПнУ пераходзіць ва Урала-Эмбінскае плато і горы Мугаджары. На Пн паўд. ўскраіна Заходне-Сіб. раўніны. Праз Тургайскую лагчыну яна злучаецца з Туранскай нізінай, занятай пустыняй Кызылкум. У цэнтры К. знаходзіцца Казахскі драбнасопачнік з асобнымі горнымі масівамі (Кызылтас, Каркаралы, Улутау) з выш. 1000—1500 м. На ПдЗ ён пераходзіць у павышаную плоскую раўніну пустынь Бетпак-Дала і Муюнкум. На паўд.-ўсх. і ўсх. ускраінах узвышаюцца горныя сістэмы Цянь-Шаня, Джунгарскага Алатау, Тарбагатая і Алтая. Паўд.-ўсх. ч. тэрыторыі характарызуецца павышанай сейсмічнасцю. К. багаты карыснымі выкапнямі: каля 30% сусв. разведаных запасаў хрому, 25% урану і марганцу, 19% свінцу і інш. Асн. радовішчы: нафты (Тэнгіз, Каражанбас, Мёртвы Култук), нафтагазавыя (Узень, Карачаганакскае), каменнага і бурага вугалю (Карагандзінскі, Экібастузскі, Тургайскі, Майкубенскі бас.), медзі (Джэзказганскае, Базшакольскае), поліметалічных руд (Ачысай, Рудны Алтай, Тэкелі), золата (Аўэзаў), жал. руд (Сакалоўска-Сарбайскае, Атасуйскае), храмітаў (Храмтау), фасфарытаў (Каратау), азбесту (Джэтыгара), барытаў (Індэрскае), алюмінію (Тургайскае). Вял. запасы сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў, кухоннай солі. Клімат К. рэзка кантынентальны. Зіма на Пн і ў цэнтр. раёнах суровая з моцнымі маразамі і вятрамі, на Пд больш мяккая, лета гарачае. Сярэдняя т-ра студз. ад -18,7 °C на Пн да -3 °C на Пд, ліп. адпаведна 18,8 °C і 26,3 °C. Колькасць ападкаў змяншаецца з 390 мм на Пн да 300 мм у цэнтры і 100 мм на Пд; у гарах павялічваецца да 900—1600 мм. Больш за 2700 ледавікоў, агульная пл. зледзянення каля 2000 км². Рачная сетка развіта слаба, месцамі ў зах. і цэнтр. раёнах пастаянныя вадатокі адсутнічаюць. Гал. рэкі: Іртыш з прытокамі Бухтарма, Ішым і Табол; Сырдар’я, Урал, Ілі, Эмба належаць да вял. бяссцёкавых бас. Каспійскага і Аральскага мораў; Чу, Сарысу, Нура, Тургай і інш. разбіраюцца на арашэнне або знікаюць у пясках. Сістэма вадасховішчаў (Чардарынскае, Бухтармінскае, Капчагайскае і інш.) і арашальных каналаў (Іртыш — Караганда). Азёр каля 48 тыс. Найбуйнейшыя — Балхаш, Алаколь, Зайсан, Тэнгіз, Маркаколь. Большасць азёр саленаватыя і салёныя. Глебы ў паўн. ч. чарназёмныя (9,5% тэр. краіны), у цэнтры пераважаюць каштанавыя (34%), у паўн. ч. пустыннай зоны і паўд. паўпустыннай масівы бурых і шэра-бурых (44%) глеб. Для пустынных раёнаў характэрны пясчаныя і такырападобныя глебы, трапляюцца лугавыя, алювіяльныя, у гарах — горна-лясныя, горналугавыя і горна-тундравыя глебы. Расліннасць стэпаў разнатраўна-злакавая з кавылём і ціпчаком, трапляюцца асінава-бярозавыя колкі. Пераважаюць паўпустынныя палынова-злакавыя і пустынныя палынова-салянкавыя групоўкі раслін. Пад лесам каля 13 млн. га, пераважна саксаульнікі. У гарах вышынная пояснасць. У адгор’ях сухія стэпы, у сярэднягор’ях — хваёвыя лясы, вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет налічвае 155 відаў млекакормячых, 480 — птушак, 49 — паўзуноў, каля 150 відаў рыб. З млекакормячых пашыраны грызуны: вял. суслік, хамяк, палёўкі, тушканчыкі, пясчанкі; з капытных — лось, сайгак, джэйран, у гарах — марал, горны казёл, архар, кабан, казуля; з драпежнікаў — воўк, чырвоны ліс, гарнастай, стэпавы тхор, ліс-карсак; з паўзуноў — яшчаркі, стэпавы ўдаў, гадзюка, шчытаморднік. Шмат птушак: шэрая гусь, стэпавы арол, чаплі, бакланы і інш. Каспійскае м. багатае каштоўнай рыбай (бялуга, асетр, сяўруга і інш.). На тэр. К. — Алмацінскі, Аксу-Джабаглы, Барсакельмес, Наўрзумскі, Кургальджынскі, Усцюрцкі, Маркакольскі запаведнікі і прыродны нац. парк Баянаульскі.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва — казахі (50,6%) і рускія (32,2%). Нац. меншасці: украінцы (4,5%), немцы (1,9%), узбекі (2%), татары (1,8%), беларусы (каля 1%) і інш. У апошнія гады адзначаецца эміграцыя насельніцтва ў Расію і ФРГ. Пануючыя рэлігіі — іслам (47%) і хрысціянства (44%). Сярэдняя шчыльнасць 5,8 чал. на 1 км² (1996). Найб. шчыльна заселены с.-г. раёны Пн і арашальныя землі ПдУ. Гар. насельніцтва 56%. Буйныя гарады (1995, тыс. чал.): Алматы (1200), Караганда (608,6), Чымкент (438,8), Сяміпалацінск (344,7), Усць-Каменагорск (333), Паўладар (331), Джамбул (312), Астана (277), Акцюбінск (266,6), Кустанай (233,9).

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У 1-м тыс. да н.э. большасць мясц. стэпавых плямён перайшла да качавой жывёлагадоўлі. Тагачаснае насельніцтва ў «Авесце» названа турамі, у стараж.-грэч. крыніцах, у т. л. ў «Гісторыі» Герадота — скіфамі, масагетамі, у стараж.-перс. тэкстах — сакамі. У 1-м тыс. да н.э. сакі засялялі тэр. ад сучасных Сямірэчча і ўсх. Туркестана да Прычарнамор’я і ад Алтайскіх гор да Харэзма. У 8—7 ст. да н.э. яны кантактавалі з Асірыяй і Мідыяй, з 6 ст. да н.э. і з Ахеменідаў дзяржавай. Сакі мелі даволі развітую для тых часоў культуру. Пры раскопках іх кургана Ісык у перадгор’і Заілійскага Алатау знойдзена пахаванне т.зв. «залатога чалавека» (5 ст. да н.э.). Сакі ваявалі на баку персаў супраць грэкаў у Марафонскай бітве (490 да н.э.). У 3 ст. да н.э. ў Сямірэччы склаліся плем. саюзы усуняў, у раёне Каратау і Сырдар’і — кангюй, паміж Аральскім і Каспійскім морамі — аланаў. У 1 ст. н.э. кангюй стварылі буйную дзяржаву на тэр. ад усх. Туркестана да Прыаралля (гл. Кангюй). Пазней тэр. ад Ціхага ак. да Каспійскага м. і нават частку Цэнтр. Еўропы займалі гуны. У час вялікага перасялення народаў цюркскамоўныя гуны прасунуліся з Цэнтр. Азіі на З Еўропы. У 552 цюрк. правадыр Бумын прыняў тытул кагана і заснаваў Цюркскі каганат. які ў 603 распаўся на самастойныя Усх. і Зах. Цюркскія каганаты. У 704—756 у Сямірэччы існаваў Цюргешскі каганат, які вёў барацьбу з кітайцамі і арабамі. У 756—940 існаваў Карлукскі каганат (гл. Карлукі), у 9—11 ст. у зах. і паўд.-зах. раёнах К. — Агузскі каганат, які падтрымліваў сувязі з Руссю. У 8—11 ст. паўн.-ўсх. і цэнтр. раёны К. насялялі цюрк. плямёны кімакаў і кіпчакоў. У 11 ст. кіпчакі кантралявалі тэр. ад Іртыша да Волгі, яны заснавалі Кіпчакскае ханства (існавала да 1219) і падпарадкавалі плямёны агузаў у бас. сярэдняга і ніжняга цячэння Сырдар’і. Гэтыя землі ўсх. гісторыкі называлі Дэшт-і-Кіпчак. (Кіпчакскі стэп). У 11—12 ст. кіпчакі — найб. шматлікія з усіх цюрк. народаў Цэнтр. Азіі і Усх. Еўропы. Яны стваралі і развівалі гарады (на Пд К. іх было 33, у Сямірэччы — 27), з’явіліся іх пісьменнасць і л-ра, развіваліся навукі (матэматыка, філасофія, астраномія). У 1219—21 тэр. К. заваявана манголамі і падзелена на ўлусы паміж сынамі Чынгісхана (стэпавая ч. ўвайшла ва ўлус Джучы, Пд і ПдУ — Чагатая, ПнУУгедэя). Пасля смерці Джучы ўлусам валодаў яго сын Батый, які ў 1243 заснаваў Залатую Арду. На тэр. К. ўзніклі таксама дзяржавы Белая Арда, Магалістан, Узбекскае ханства, Нагайская Арда і інш. У 1465 у міжрэччы Чу і Таласа заснавана Казахскае ханства. Пры хане Хакпазару [1538—80] да Каз. ханства далучаны землі да р. Жайык (Урал). Да сярэдзіны 16 ст. канчаткова сфарміравалася этн. тэрыторыя казахаў, на якой склаліся 3 каз жузы (арды) — Старэйшы, Сярэдні і Малодшы; завяршыўся працэс фарміравання каз. этнасу і ўмацавання яго дзяржаўнасці. Пры хане Тауке [1680—1718] распрацаваны збор законаў «Жэты Жаргы» («Сем устанаўленняў»), чым юрыдычна замацаваны нормы жыцця тагачаснага каз грамадства. З 1630-х г. міжнар. становішча Каз. ханства пагоршылася. У 17—18 ст. пачасціліся ўварванні на тэр. К. землі выклікала ўздым іх нац.-вызв руху. Паўстанні пад кіраўніцтвам Срыма Датава (1783—97), хана Кенесары Касымава (1837—47) і паўстанне 1916 задушаны рас. войскамі. У пач. 20 ст. нац.-вызв. рух казахаў узначальвалі А.​Букейханаў, А.​Байтурсынаў, М.​Чакаеў, Х.​Дасмухамедаў, Б.​Каратаеў, М.​Дулатаў, Амангельды Іманаў і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісарамі рас. Часовага ўрада ў К. сталі Букейханаў, М.​Тынышпаеў. На 1-м Усеказ. з’ездзе 21—28.7.1917 створана каз. паліт. партыя «Алаш». На 2-м Усеказ. з’ездзе (5—13.12.1917, Арэнбург) прынята рашэнне ўтварыць тэр.-нац. аўтаномію каз. абласцей і сфарміраваць урад — часовы нар. савет «Алаш-Арда» на чале з лідэрам партыі «Алаш» Букейханавым. Пасля Кастр. рэвалюцыі ўрад «Алаш-Арда» распушчаны. У грамадз. вайну 1918—22 большую частку К. захапілі белагвардзейцы, да лета 1920 К. заняла Чырв. Армія і тут устаноўлена сав. ўлада.

26.8.1920 утворана Кірг. (з 1925 Каз.) АССР у складзе РСФСР. Пачаліся канфіскацыя гаспадарак буйных баяў, арышты дзеячаў «Алаш-Арды». У час К. стаў адной з жытніц СССР. Сюды мігрыравала каля 1,5 млн. чал., у т. л. і выхадцы з Беларусі. Тэр. К. была адным з ядзерных палігонаў СССР. У 1955 тут засн. касмадром Байканур. З сярэдзіны 1980-х г. у К. абвастрыліся эканам. і міжнац. праблемы, што выклікала масавыя хваляванні моладзі ў Алма-Аце (снеж. 1986), г. Новы Узень (чэрв. 1989), якія былі разагнаны ваен. сілай. 25.10.1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. 1.12.1991 на ўсенар. выбарах першым прэзідэнтам К. абвешчаны Н.А.Назарбаеў (у выніку рэферэндуму 29 4.1995 тэрмін яго паўнамоцтваў прадоўжаны да 2000). 10.12.1991 Каз. ССР перайменавана ў Рэспубліку Казахстан. 16.12.1991 прыняты Закон «Аб дзярж незалежнасці Рэспублікі Казахстан», 21.12.1991 К. далучыўся да СНД. 30.8.1995 прынята Канстытуцыя, паводле якой К. абвешчаны дэмакратычнай, свецкай, унітарнай дзяржавай. У снеж. зах.-манг. плямён джунгараў (айратаў), пачаўся перыяд «вял. бедстваў» казахаў. Казахі Малодшага жуза апынуліся ў акружэнні падданых Расіі казакоў, калмыкаў і башкіраў, цярпелі ад набегаў хівінцаў. У гэтых умовах каз. хан Абулхайр звярнуўся да Расіі з просьбай аб пратэкцыі. 10.10.1731 ч. казахаў прыняла рас. падданства, у выніку чаго пачалося далучэнне тэр. К. да Расіі — будаваліся крэпасці і ўмацаваныя лініі, якія служылі апорнымі пунктамі. Працэс асваення каз. стэпаў Рас. імперыяй завяршыўся ў 1860-я г.: у 1863 рас. войскі занялі Сазак, у 1864 — Аўліе-Ату (цяпер Джамбул), Чымкент і інш. У выніку рас. адм.-тэр. рэформы было парушана тэр. адзінства К. Выцясненне казахаў з абжытых імі зямель на пустынныя і паўпустынныя калектывізацыі і планавага асядання качэўнікаў за межы рэспублікі эмігрыравала больш за 1 млн. чал. У 1930-я г. рэпрэсіі набылі масавы характар. У К. створаны канцэнтрацыйныя лагеры: Карагандзінскі асобага рэжыму (Карлаг), Акмолінскі жонак «здраднікаў радзімы» («Алжыр»), У 1930—40-я г. сав. ўладамі ў К. высланы карэйцы, курды, немцы і інш. У Вял. Айч. вайну К. стаў адной з тылавых апор фронту, у 1941—45 тут пабудавана 460 заводаў і фабрык, вытв-сць хлеба дасягнула 5,8 млн. т, мяса 743 тыс. т, вугалю 34 млн. т. У выніку асваення цалінных зямель (з 1954) 1995 на парламенцкіх выбарах перамаглі праўрадавыя партыі і рухі. К. — член ААН (з 1992), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Паўн.Атл. савета супрацоўніцтва, «Саюза чатырох» у межах СНД (Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан), Цэнтральнаазіяцкага дагавора. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў вер. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Саюз «Нар. адзінства Казахстана», Сацыяліст. партыя К., Нац.-дэмакр. партыя К. «Жэлтаксан», Партыя нац. незалежнасці К. «Алаш», Нар. кангрэс К. і інш.

Гаспадарка. К. — індустрыяльна-агр. дзяржава. Доля ў валавым унутр. прадукце: прам-сці 21,8%, сельскай гаспадаркі 11,4, гандлю 18,4, транспарту 9,5, будаўніцтва 7, падаткаў 8,5, інш. 23,4%. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (22%), сельскай гаспадарцы (22%), абслуговых галінах. Пашырана здабыўная прамысловасць. На сыравіну і матэрыялы з яе прыпадае каля 70% кошту экспарту. У паліўнаэнергет. рэсурсах пераважаюць каменны і буры вугаль (у 1996 здабыта 76,6 млн. т; Карагандзінскі, Экібастузскі і інш. басейны). Здабыча нафты і газавага кандэнсату (23 млн. т), прыроднага газу (6,4 млрд. м³; п-аў Мангышлак, Эмбінскі р-н), уранавых руд (2,8 тыс. т, 4-е месца ў свеце), медзі, свінцова-цынкавых руд, золата, жал. руд (13,2 млн. т), храмітаў, фасфарытаў. Вытв-сць электраэнергіі 58,7 млрд. кВт гадз (1996), пераважна на ЦЭС (Алматы, Караганда, Петрапаўлаўск, Джамбул, Чымкент, Паўладар, Экібастуз і інш.). Шэраг ГЭС (Бухтармінская, Усць-Каменагорская, Капчагайская). Чорная металургія прадстаўлена камбінатам поўнага цыкла (Тэміртау), заводамі ферасплаваў (Ярмак, Акцюбінск). Выплаўляецца 5,8 млн. т сталі, 2,5 млн. т чыгуну, 2,4 млн. т пракату (1996). У каляровай металургіі вылучаюцца вытв-сці: медзеплавільная (Балхаш, Джэзказган), свінцова-цынкавая (Усць-Каменагорск, Чымкент), алюмініевая (Паўладар), выплаўка тытану і магнію. Канцэнтраты на прадпрыемствы каляровай металургіі пастаўляюць Жайрэмскі, Ачысайскі, Тэкелінскі, Джэзказганскі і інш. горнаўзбагачальныя камбінаты. Машынабудаванне прадстаўлена прадпрыемствамі па выпуску трактароў (2465 шт., Паўладар), машын для буд. арашальных сістэм (Уральск, Астана), вытв-сці кармоў (Акцюбінск). Развіты электратэхніка і станкабудаванне (Алматы), вытв-сць горна-шахтавага абсталявання (Усць-Каменагорск, Караганда), экскаватараў (Кентау), газавай апаратуры (Астана), малалітражных рухавікоў (Петрапаўлаўск). Хім. прам-сць выкарыстоўвае прыродную сыравіну і адходы чорнай і каляровай металургіі. З-ды па вытв-сці фосфарных (Джамбул) і азотных (Караганда) угнаенняў, сінт. каўчуку (Тэміртау), сернай к-ты (653,3 тыс. т, 1996), пластмасы. Нафтаперапрацоўка ў Паўладары, Чымкенце, Атырау. На базе цытворнага палыну і анабазісу працуе фармацэўтычная прам-сць. Ва ўсіх абласцях К. выпускаюцца буд. матэрыялы: цэмент (1,1 млн. т, 1996), цэгла (282 млн. шт.), азбест, кардон, рубероід, жалезабетонныя вырабы. З галін лёгкай прам-сці развіты абутковая (Алматы, Караганда, Джамбул, Кустанай), валюшна-лямцавая (Петрапаўлаўск), баваўняная (Алматы, Сяміпалацінск, Чымкент), шарсцяная, трыкат., дывановая (203 тыс. м²).

У харч. прам-сці вылучаюцца мясная, цукр., мукамольная, маслабойная, рыбная, кансервавая, тытунёвая, саляная (221 тыс. т) галіны. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (больш за палавіну ўсёй таварнай прадукцыі). Асн. галіна — авечкагадоўля (цэнтр. і паўд. раёны). У пустынных раёнах гадуюць каракульскіх авечак. Па вытв-сці танка- і паўтанкаруннай воўны, бараніны К. займае вядучае месца ў СНД. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): авечак і коз — 19,6, буйн. раг. жывёлы — 6,9, у т. л. кароў — 3. На ўсёй тэр. — конегадоўля (1,6 млн. галоў), у паўн. раёнах — свінагадоўля (1,6 млн. галоў), у зах. і ўсх. — вярблюдагадоўля. Развіта птушкагадоўля. У перадгор’ях паўд. К. — шаўкаводства, па Алтаі — пчалярства і маралагадоўля. С.-г. ўгоддзі займаюць 173,9 млн. га, у т. л. ворныя землі 31,6 млн. га (1995). З асваеннем цалінных і абложных зямель (1954—60, 25,5 млн. га) К. стаў буйным вытворцам збожжа. Пасевы пераважна ў паўн. стэпавых і перадгорных усх. і паўд. раёнах. На Пн сеюць яравую пшаніцу, ячмень, проса, на Пд — азімую пшаніцу, на арашальных землях — рыс. С.-г. вытв-сць (млн.т, 1996): збожжа — 11,2, бульбы — 1,7, бавоўны — 0,2, цукр. буракоў — 0,3, сланечніку — 0,1, агародніны — 0,8 і інш. Садоўніцтва і вінаградарства, бахчаводства. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 14,5 тыс. км. Гал. чыгункі: Арысь—Чу—Алматы—Барнаул, Арысь—Акцюбінск—Арэнбург, Барнаул—Паўладар—Астана—Карталы, Чу—Караганда—Астана—Петрапаўлаўск, Камень-на-Обі—Какчэтаў—Кустанай. Працягласць аўтадарог каля 190 тыс. км (95% з цвёрдым пакрыццём). На Каспійскім м., воз. Балхаш, рэках Іртыш, Сырдар’я, Урал развіта суднаходства. Газаправоды Сярэдняя Азія—Цэнтр, Бухара—Урал, Бухара—Ташкент—Чымкент—Джамбул—Алматы; нафтаправоды Узень—Атырау—Самара, Атырау—Орск, Омск—Паўладар—Чымкент. Буйныя аэрапорты ў Алматы, Акцюбінску, Астане. Экспарт (6230 млн. дол. ЗША, 1996): вугаль, нафта, каляровыя металы, збожжа, воўна і інш. Імпарт (4261 млн. дол. ЗША, 1996): радыёпрыёмнікі, электратэхн. вырабы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, харч. прадукты. Б.ч. знешнегандл. абароту прыпадае па долю краін СНД (52,9% экспарту і 68,2% імпарту). Сярод краін СНД вылучаюцца Расія, Узбекістан, Украіна, Кыргызстан, Беларусь, з замежных — ФРГ, КНР, Турцыя, Вялікабрытанія, Літва. Беларусь экспартуе ў К. шыны пнеўматычныя гумавыя, аўтамабілі грузавыя, халадзільнікі і маразільнікі, запчасткі да аўтамабіляў, цукар і інш., набывае збожжа, пракат, адходы і лом чорных металаў, фасфаты і інш. Курорты: Баравое. Алма-Арасан, Сарыагач і інш. Грашовая адзінка — тэнге.

Узброеныя сілы. Складаюцца з войск сухап., ППА і ВПС. Агульная колькасць (1994) 80 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках на ўзбраенні больш за 3 тыс. баявых машын пяхоты, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў, 7 тыс. артыл. сістэм. Войскі ППА аснашчаны зенітна-ракетнымі і зенітна-артыл. комплексамі, станцыямі разведкі і цэлеўказання і інш. У ВПС 200 баявых самалётаў, 300 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,7, жанчын 70,1 гадоў. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 81 чал., урачамі — 1 на 276 чал. Узровень нараджальнасці 19 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,9%. Дзіцячая смяротнасць 62 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1992 дзяржава гарантуе прыярытэтнае развіццё сістэмы адукацыі, яе прававую і экалагічную накіраванасць, незалежнасць ад паліт. і ідэалаг. уздзеянняў. Усе навуч. ўстановы, што даюць агульную сярэднюю адукацыю, абавязаны забяспечыць веданне вучнямі каз. мовы ў адпаведнасці з дзярж. адукац. стандартам. Свабодна вывучаецца і ўжываецца і рус. як мова міжнац. зносін. З канца 1980-х г. адраджаецца навучанне на родных мовах многіх этнічных груп, што жывуць у К. (ням., узб., уйгурскай, тур., польск., курдскай, тат., дунганскай). Агульную адукацыю даюць школы 3 ступеней: пач., асноўная (9-гадовая, абавязковая), старэйшая. У 1992/93 навуч. г. ў К. каля 9 тыс. агульнаадук. школ (больш за 3 млн. вучняў); больш за 400 прафес.-тэхн. навуч. устаноў (больш за 200 тыс. навучэнцаў); больш за 240 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 230 тыс. навучэнцаў); 63 ВНУ (каля 300 тыс. студэнтаў, больш за 50% — казахі). Буйнейшыя ВНУ: Каз. нац. ун-т (з 1934), Каз. політэхн. ін-т, Каз. пед. ін-т (з 1928), Каз. с.-г. ін-т (з 1930), Карагандзінскі ун-т (з 1972), Карагандзінскі політэхн. ін-т. Буйнейшыя б-кі: Нац. б-ка К., б-ка Нац. АН, навук. с.-г., навукова-тэхнічная. Музеі: Цэнтр. дзярж. музей К., Каз. маст. галерэя, Музей прыроды, краязнаўчыя, мемарыяльныя і інш. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац. АН (з 1946), н.-д. установах галіновых мін-ваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1989 у К. выходзіла 453 перыяд. выданні, у т. л. 160 на каз. мове, а таксама на рус., ням., карэйскай і уйгурскай мовах. Найб. значныя — «Казахстанская правда» (з 1920), «Казах адабіеці» («Казахская літаратура», з 1934), «Егамеды Казахстан» («Незалежны Казахстан»), часопісы «Саясат» («Палітыка»), «Дипломатический курьер» і інш. Радыёвяшчанне з 1928, тэлебачанне з 1958 (на каз., рус., карэйскай, уйгурскай, ням. мовах). Дзейнічае казахстанская тэлерадыёвяшчальная кампанія (на каз. і рус. мовах). Інфарм. агенцтвы: нац. Казпрэс, незалежная Дана-прэс і Казрэву.

Літаратура К. бярэ вытокі ў вуснай нар. творчасці. Каз. фальклор мае больш за 40 жанравых разнавіднасцей: песні, казкі, гераічныя ліра-эпічныя паэмы, найб. спецыфічныя нац. жанры — айтысы (песенна-паэт. спаборніцтвы акынаў), талгаў (філас. роздумы), арнаў (прысвячэнні) і інш. Найб. стараж. помнікі фальклору — гераічныя паэмы («Алпамыс», «Кабланды-батыр» і інш.) услаўляюць подзвігі волатаў (батыраў), а таксама ліра-эпічныя паэмы («Кыз-Жыбек» і інш.) пра вернасць і самаадданасць закаханых, іншы раз пра іх трагічны лёс. Першы каз. твор, аўтарства якога ўстаноўлена (паэт Асан-Кайгын), адносіцца да 15 ст. Пачатак новай індывід. паэзіі звязаны з творчасцю Бухара-Жыраў Калкаманава (18 ст.), аўтара надзённых вострапаліт. вершаў. Пераходны этап ад фалькл. да пісьмовых твораў — паэт. спадчына Махамбета Утэмісава, прасякнутая заклікам да барацьбы з прыгнятальнікамі. Творчасць Утэмісава і яго паслядоўнікаў Ш.​Жарылгасава, С.​Аранава і інш. мела дэмакр. кірунак. У сярэдзіне 19 ст. пачало развівацца нац. асветніцтва. Важную ролю ў станаўленні нац. пісьмовай л-ры адыграла дзейнасць Ч.Валіханава і І.Алтынсарына. Вытокі пісьмовай рэаліст. л-ры ў творчасці Абая Кунанбаева, лірыка, сатыра, празаічныя філас. «Павучанні» якога адлюстроўвалі жыццё тагачаснага грамадства; прадаўжальнікі яго традыцый у пач. 20 ст. — С.​Тарайгыраў, С.​Данентаеў, С.​Кабееў, М.​Сералін. Пачынальнікамі новай каз. л-ры былі С.Сейфулін, Б.​Майлін, І.Джансугураў, С.Муканаў, М.Аўэзаў. У 1920-я г. ў л-ру прыйшлі паэты А.​Такмагамбетаў, І.​Байзакаў, Ж.​Сыздыкаў, К.​Абдыкадыраў, А.​Тажыбаеў, Т.​Жарокаў, празаікі І.Мусрэпаў, С.​Шарыпаў, Г.Мустафін, драматургі Ж.​Шанін, С.​Абланаў. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. У 1930-я г. пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон каз. л-ры (паэмы «Альбатрос» Сейфуліна, «Кюйшы» і «Кулагер» Джансугурава, «Сонца загаварыла» Жарокава, раманы «Азамат Азаматавіч» Майліна, «Тэміртас» і «Загадкавы сцяг» Муканава, «Мае равеснікі» С.​Ерубаева, драма «Амангельды» і апавяданні Мусрэпава). Шырокую папулярнасць набыла творчасць Джамбула Джабаева. У гады Вял. Айч. вайны развівалася патрыят. грамадзянская лірыка (вершы Джамбула Джабаева, Такмагамбетава, Жарокава, Г.​Арманава, А.​Сарсенбаева, Х.​Бекхожына, паэма «Сказанне пра смерць паэта» К.​Аманжолава і інш.), драматургія (п’есы Аўэзава, Ш.​Хусаінава, Мусрэпава). Тэма вайны развівалася і ў пасляваеннай каз. л-ры (раманы Мусрэпава, А.Нурпеісава, Т.​Ахтанава, паэмы Жарокава, Дж.Мулдагаліева і інш.). Зварот да сучаснасці выявіўся ў раманах «Сырдар’я», «Стэпавыя хвалі» Муканава, «Караганда» і «Мільянер» Мустафіна, «Племя маладое» Аўэзава, «Акбазат» Т.​Алімкулава, «Тэміртау» З.​Шашкіна, «Гудок у стэпе» М.​Каратаева, у аповесцях М.​Іманжанава, С.​Шаймердэнава, З.​Кабдолава. Гістарычнае мінулае народа, яго нац.-вызв. барацьба адлюстраваны ў трылогіях «Школа жыцця» Муканава, «Яік — светлая рака» Х.​Есенжанава, гіст. раманах Д.​Абілева, А.Алімжанава. Пашырыліся эпічныя, сюжэтныя і лірычныя рамкі паэзіі Бекхожына, Х.​Ергаліева, Тажыбаева, К.​Тагузакава, Г.​Каірбекава, Мулдагаліева, С.Маўленава, Х.​Джумаліева, А.Сулейменава. Сацыяльнымі і маральна-этычнымі праблемамі напоўніліся драм. творы Хусаінава, А.​Абішава, Ахтанава, К.​Мухамеджанава, Муканава і інш. З 1960-х г. развіваюцца навукова-фантаст. л-ра, крытыка, літаратуразнаўства. Сучаснай л-ры К. ўласцівы маштабнасць маст. пошукаў, шырыня і разнастайнасць праблематыкі, імкненне да інтэлектуалізму (празаік А.​Кекільбаеў, паэты К.​Мурзаліеў, Т.​Малдагаліеў).

Бел.-каз. літ. сувязі развіваюцца з 1930-х г. На каз. мову перакладзены многія вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа (перакладчыкі Джансугураў, С.​Сеітаў, Сыздыкаў, С.​Машакаў), творы І.​Мележа, В.​Быкава, І.​Шамякіна, Я.​Брыля, П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка і інш. На бел. мову перакладзены зб. Джамбула Джабаева «Песні і паэмы» (1939), Абая Кунанбаева «Выбранае» (1970), раман І.​Есенберліна «Небяспечная пераправа» (1985), апавяданні каз. пісьменнікаў і фалькл. творы (зб. «Залаты каравай», 1988). У бел. перыяд. друку апублікаваны творы Абая Кунанбаева, С.​Адамбекава, Ж.​Амірбекава, Г.​Арманава, Аўэзава, Маўленава, Д.​Мулдагаліева, Сеітава, Ф.​Унгарсынава і інш. у перакладах Р.​Барадуліна, А.​Звонака, В.​Зуёнка, К.​Камейшы, М.​Танка, Я.​Янішчыц і інш.

Архітэктура. Ад эпохі бронзы на тэр. К. захаваліся рэшткі аселых паселішчаў (паўзямлянкі з шатровым дахам), культавыя збудаванні — дальмены, менгіры, пахавальныя агароджы з каменных пліт (могільнік Бегазы, Цэнтр. К.), курганы (могільнік Бесшатыр на р. Ілі). У 1-м тыс. да н.э. — першых ст. н.э. ў сакаў, усуней і кангалаў жыллё было разборнае, накрытае лямцам. Паселішчы былі ўмацаваныя, будавалі цагляныя дамы. Захаваліся фрагменты пахавальных збудаванняў з цэглы (паўн. група маўзалеяў Тэгіскена, 7—6 ст. да н.э.), унікальнае для таго часу пахавальнае збудаванне Баладны II (4—2 ст. да н.э., Кзыл-Ардзінская вобл.). У 6—10 ст. развіваліся гарады Ісфіджаб (з 11 ст. — Сайрам Чымкенцкай вобл.), Тараз (цяпер Джамбул), Атрар; будавалі крэпасці і замкі-сядзібы (замак гарадзішча Баба-Ата, паўн. схілы Каратау, Чымкенцкая вобл.). Склаўся тып перанаснога пераноснага* жылля — лямцавая юрта. З пашырэннем ісламу (8 ст.) у К. з’явіліся мячэці, медрэсэ. Будавалі цыстэрны для захавання вады — сардобы, лазні, заезныя і гандл. двары — караван-сараі, маўзалеі. Ад 10—11 ст. захаваліся руіны вежавых маўзалеяў Бегім-Ана і Сараман-Каса (у нізоўях р. Сырдар’я), Дамбаул (Цэнтр. К.). У 10—12 ст. на Пд К. гарады мелі 3-часткавую структуру: цытадэль, гар. ядро «шахрыстан» і гандл.-рамесніцкі прыгарад «рабад». У 11—12 ст. быў пашыраны тып купальна-цэнтрычнага маўзалея (маўзалеі Бабаджы-хатун і Айша-Бібі каля г. Джамбул), квадратнага ў плане, з пірамідальна-канічным пакрыццём. З пач. 13 ст. складваецца тып партальна-купальнага маўзалея (маўзалеі Джучы-хан, 1230-я г., і Алаша-хан, сярэдзіна 13 ст., у Цэнтр. К.) з магутным парталам і тым жа відам перакрыцця. Да канца 14 ст. належыць комплекс маўзалея-мячэці Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Ясы (цяпер г. Туркестан), абліцаваны каляровымі пліткамі і мазаікай. Джунгарскія нашэсці (1640—1720-я г.) прывялі да заняпаду культуру К. У 17—18 ст. уздоўж межаў К. ўзніклі рус. ваен. ўмацаванні — Яіцкі Гарадок (цяпер г. Уральск), Атырау, Арэнбург, Сяміпалацінск і інш., якія звычайна складаліся з крэпасці, казачай станіцы, т. зв. тат. слабодкі, і ўласна горада з прамавугольнай сеткай вуліц. У агульную аднапавярховую гар. забудову ўключаліся і асобныя двухпавярховыя дамы чыноўнікаў, купцоў, адм. будынкі; будавалі таксама мячэці, медрэсэ, маўзалеі. У 1920—30-я г. ўзводзілі добраўпарадкаваныя жылыя і грамадскія будынкі ў старых (Алматы, Атырау) і новых (Балхаш, Караганда) гарадах і пасёлках. У пач. 1930-х г. у г. Алматы будавалі ў духу канструктывізму: Дом урада (цяпер будынак тэатр.-маст. ін-та, 1931, арх. М.​Я.​Гінзбург), гал. паштамт (1931—34, арх. Г.​Г.​Герасімаў); у сярэдзіне 1930—40-х г. — з выкарыстаннем ордэрных форм (мед. ін-т, 1939, арх. А.​І.​Гегела) у спалучэнні з традыц. элементамі нац. дойлідства — стральчатымі арачнымі праёмамі, матывамі нац. арнаменту (Каз. т-р оперы і балета, 1941, арх. М.​Прастакоў і інш.). У 1950-я г. інтэнсіўна раслі маладыя гарады, рэканструяваліся старыя і ствараліся новыя (Рудны, Абай, Шахцінск). Сярод найб. значных пабудоў 1960—80-х г. гал. корпус АН Казахстана (1957, арх. А.​В.​Шчусеў, Прастакоў), Палац цаліннікаў (Палац культуры, 1960—64, арх. А.​Краукліс і інш.) у Астане, спарт. комплекс «Медэо» (1972, арх. У.​З.​Кацаў, А.​С.​Кайнарбаеў і інш.) у Алматы. Сучасныя гар. пабудовы адметныя рацыянальнасцю планіроўкі, лаканічнасцю і выразнасцю арх. форм, выкарыстаннем манум.-дэкар. мастацтва. Жыллёвае буд-ва вядзецца з улікам прыродна-кліматычных умоў (антысейсмічныя і сонцаабаронныя прыстасаванні). У 1935 засн. Саюз архітэктараў К.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. К. — наскальныя размалёўкі эпохі палеаліту і неаліту. Ад эпохі бронзы дайшлі помнікі каменных татэмічных скульптур жывёл, наскальныя выявы, гліняны посуд з геам. арнаментам. Для мастацтва сакаў, звязанага з культурай скіфаў, характэрны выявы рэальных і фантаст. звяроў (каргалінская дыядэма; гл. Звярыны стыль). Сярэдневяковае мастацтва К. (7—17 ст.) прадстаўлена каменнымі скульптурамі людзей, жывёл і бронз. статуэткамі жанчын. Помнікі тагачаснага дэкар.прыкладнога мастацтва — гліняны посуд для захавання касцей (асуарыі) у форме юрты; кераміка — неглазураваная, упрыгожаная наляпным, разным і штампаваным арнаментам, і паліваная (цэнтр г. Тараз, цяпер Джамбул); вырабы са скуры і металу, дэкарыраваныя самабытным нац. арнаментам, для якога характэрны буйныя дакладныя ўзоры з завіткоў, укампанаваныя ў ромбы і кругі. Падобныя традыцыі захоўваліся і ў 18—19 ст. У аздабленні інтэр’ера гал. роля належала ўзорыстым лямцавым ці тканым дыванам. Пашыраны вышыўка, залатое шыццё, разьба і інкрустацыя косцю па дрэве, выраб скуры, ювелірная справа (чаканка, гравіроўка, насечка, чарненне, буйныя ўстаўкі з сердаліку). У 19 ст. з’явіліся першыя творы выяўл. мастацтва — малюнкі і акварэлі Ч.Валіханава, а таксама творы Т.​Шаўчэнкі, В.​Верашчагіна, якія адлюстроўвалі жыццё каз. народа. У 1920—30-я г. побач з рус. жывапісцамі і графікамі працавалі нац. майстры: А.​Ташбаеў, Х. і К.​Ходжыкавы, А.​Ісмаілаў, А.Касцееў і інш. Для іх творчасці характэрна імкненне асвоіць станковыя формы, выпрацаваць нац. маст. мову. З часу Вял. Айч. вайны мастакі К. працавалі над батальнымі і гіст. карцінамі, партрэтамі герояў фронту і тылу. З ростам прафес. майстэрства мастакоў з 1950-х г. развіваюцца сюжэтная карціна (Ісмаілаў, Касцееў і інш.), партрэт і пейзаж (А.​Чаркаскі, М.​Лізагуб, Л.​Лявонцьеў і інш.). Мастакам 1960—70-х г. уласціва імкненне да перадачы эмацыянальнага стану чалавека, яго ўнутр. сувязі з навакольным светам, пошук новых выразных сродкаў (жывапісцы М.​Кенбаеў, К.​Тэльжанаў, А.​Сцяпанаў, С.​Мамбееў, К.​Шаяхметаў, С.​Айтбаеў, графікі М.​Гаеў, Р.​Сахі, Ч.​Кенжэбаеў, Я.​Сідоркін, І.​Квачко, скульптары Х.​Наурзбаеў, Б.​Тулекаў, Т.​Дасмагамбетаў, дзеячы тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва В.​Целякоўскі, А.​Нянашаў, А.​Галімбаева, Г.​Ісмаілава і інш.). Развіваецца мастацтва ювелірнае, разьбярнае па дрэве і косці (А.​Кенебаеў, Л.​Ходжыкава, Р.​Сарсенбін і інш.). У 1935 у Алматы заснавана маст. галерэя, у 1938 — маст. вучылішча. У 1940 створаны Саюз мастакоў К.

Музыка К. да 1920 існавала толькі ў форме вуснай нар. і нар.-прафес. творчасці. Традыц. віды выканальніцтва — сольныя спевы пад уласны акампанемент на домры (двухструнны шчыпковы інструмент) або на кабызе (двухструнны смычковы), сольная ігра на гэтых інструментах і на сыбызгы (духавы інструмент тыпу флейты). Вак. музыка аднагалосая, мае розныя куплетныя і рамансавыя формы, інструментальная — двухгалосая, асн. форма — кюй (праграмная цыклічная п’еса. Носьбіты прафес. нар. мастацтва: аншы (спевакі), кюйшы (інструменталісты), акыны (паэты вуснай традыцыі, якія выконваюць пад уласны акампанемент свае вершы, імправізацыі), жыршы (апавядальнікі нар. эпасу). Пасля далучэння К. да Расіі (1731) пачалося пранікненне рус. муз. культуры, што садзейнічала развіццю нар.-прафес. муз. мастацтва. Сярод яго прадстаўнікоў паэт і кампазітар Абай Кунанбаеў, дамбрысты Курмангазы Сагырбаеў, Даўлеткерэй Шыгаеў, Татымбет Казангапаў, спевакі Біржан Кажагулаў, Мухіт Мераліеў, Ахан-Серы (А.​Карамсін) і інш. У 1920-я г. ўзніклі хар. спевы, ансамблевая ігра на муз. інструментах, у 1930—40-я г. зарадзіліся і паступова развіліся ўсе жанры прафес. музыкі (опера, балет, сімфонія, араторыя, кантата, камерна-інстр. і інш.); узнікла каз. муз.-сцэн. мастацтва. У Каз. муз. т-ры (1934, з 1937 Каз. т-р оперы і балета) пастаўлены першыя каз. оперы («Кыз Жыбек», 1934; «Жалбыр», 1935; «Храбры Таргын», 1937, Я.​Брусілоўскага) і балеты («Калкаман і Мамыр» В.​Веліканава, 1938; «Вясна» І.​Надзірава, 1940). Уклад у развіццё каз. музыкі зрабілі рас. музыканты: фалькларысты А.​Затаевіч, Б.​Ерзаковіч, кампазітар Брусілоўскі. Сфарміравалася нац. кампазітарская школа (Б.​Байкадамаў, Г.​Жубанава, А.​Жубанаў, К.​Кужам’яраў, Е.​Рахмадыеў, С.​Мухамеджанаў, А.​Сяргееў, Н.​Тлендыеў, М.​Тулебаеў, Л.​Хамідзі і інш.). Сярод музыкантаў-выканаўцаў: спевакі Р.​Абдулін, К.​Байсеітава, А.​Днішаў, Р.​Багланава, Р.​Джаманава, Е.​Серкебаеў, Б.​Тулегенава; піяністы Г.​Кадырбекава, Ж.​Аўбакірава; дамбрысты К.​Жантлеутаў, Р.​Амараў, К.​Ахмедыяраў, А.​Ескаліеў, Б.​Карабаліна, М.​Хамзін; танцоўшчыкі Р.​Бапаў, Р.​Байсеітава; дырыжоры Ш.​Кажгаліеў, Тлендыеў, Ф.​Мансураў, Г.​Дугашаў, А.​Моладаў, Т.​Асманаў і інш. Сярод музыказнаўцаў Затаевіч, Жубанаў, М.​Ахметава, Ерзаковіч. У К. працуюць (1998); Каз. т-р оперы і балета імя Абая, Рэсп. карэйскі муз.-драм. т-р (з 1932), Рэсп. уйгурскі т-р муз. камедыі (з 1933), філармонія (з 1935), сімф. аркестр (1937), хар. капэла (з 1937), Камерны аркестр Каз. тэлебачання і радыё (1965), Аркестр каз. нар. інструментаў імя Курмангазы (з 1934), фалькл-этнагр. аркестр «Атрар сазы» (1981), кансерваторыя (з 1944), харэаграфічнае вучылішча (з 1967), Ансамбль песні і танца Казахстана (з 1955), Ансамбль класічнага танца (з 1967) у Алматы, Т-р муз. камедыі (з 1973), сімф. аркестр (з 1984) у Карагандзе і інш. У 1939 створаны Саюз кампазітараў.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва існавалі ў стараж. нар. абрадах і гульнях, драматызаваных выкананнях нар. эпасу, у выступленнях нар. комікаў, сатырыкаў, у песенных спаборніцтвах акынаў. На пач. 20 ст. з’явіліся творы нац. драматургіі, у гарадах ставіліся аматарскія спектаклі. У 1920-я г. развівалася тэатр. самадзейнасць. У 1926 у г. Кзыл-Арда створаны першы ў К. прафес. драм. т-р (з 1928 у Алматы; з 1961 — Казахскі драм. т-р імя М.​Аўэзава). Узніклі пац. т-ры ў Карагандзе (1932), Сяміпалацінску, Чымкенце (абодва ў 1934), Джамбуле (1936), Атырау (1938), Уйгурскі (1934) і Карэйскі (1937) у Алматы. Ставіліся творы каз. аўтараў (М.​Аўэзава, Г.​Мусрэпава, А.​Тажыбаева, Ш.​Хусаінава, А.​Абішава, К.​Мухамеджанава і інш.), рус., з канца 1940-х г. і зах.-еўрап. класікі. Значнае месца ў рэпертуары т-раў займалі фальклорна-гіст. спектаклі («Ахан-Серы і Актакты» Мусрэпава, 1942). У 1944 створаны Т-р для дзяцей і юнацтва. Сярод яго пастановак казкі «Залаты біток» М.​Акінжанава і К.​Бадырава (1948), «Алдар Касэ» (1953) і «Балаўнік» (1954) Хусаінава і інш. З 1950-х г. ставяцца п’есы на сюжэты, звязаныя з гісторыяй К. («Чакан Валіханаў» С.​Муканава, 1956; «Майра» Тажыбаева, 1957), з сучасным жыццём («Ваўчаня пад капелюшом» Мухамеджанава, 1959), фальклорна-гіст. зместу («Енлік і Кебек» Аўэзава, 1957). Сярод пастановак 1960-х г.: «Саўле» і «Буран» Т.​Ахтанава, «Мацней за смерць» С.​Жунусава і інш. Значны ўклад у развіццё каз. т-ра зрабілі Ш.​К.​Айманаў, Х.Букеева, К.Куанышпаеў, Ш.Джандарбекава, М.Сабір, І.Нагайбаеў, Ф.Шарыпава і інш. У т-рах ставіліся бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» і «Пад адным небам» А.​Маўзона, «Выбачайце, калі ласка!» і «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка і інш.

Кіно. Першы кінасеанс на тэр. К. адбыўся ў 1910. У 1925 кінахранікёры Масквы знялі першы дакумент. фільм пра К. — «Гадавіна КССР». У 1928 у Алматы створаны аддзел трэста «Усходфільм» (выпускаў кіначасопіс «Апошнія навіны», кінанарысы «Алма-Ата і яе наваколле», «Кааперацыя ў ауле», «На Джайляу», «Кзыл-аскер»). У 1929 зняты фільм «Турксіб» (рэж. В.​Турын) пра буд-ва Туркестана-Сіб. чыг. магістралі. У 1920—30-я г. маст. фільмы, прысвечаныя жыццю К., з удзелам каз. акцёраў ствараліся на цэнтр. кінастудыях СССР («Мяцеж», 1929; «Песня стэпаў», 1930; «Джут», 1932; «Таямніца Каратау», 1933). Першы ўласна каз. фільм — «Амангельды» (1939, рэж. М.​Левін, у гал. ролі — Е.​Умурзакаў). У 1934 у Алматы створана студыя кінахронікі, у кастр. 1941 — Алма-Ацінская кінастудыя маст. фільмаў (у 1944 аб’яднана са студыяй кінахронікі, з 1960 кінастудыя «Казахфільм»), У 1950—70-я г. тут створаны гіст. і гісторыка-рэв. фільмы («Джамбул», 1953, Я.​Дзіган; «Мы з Сямірэчча», 1959, С.​Ходжыкаў і А.​Очкін; «Трывожная раніца», 1966, А.​Карсакбаеў), на тэмы сучаснасці («Дзяўчына-джыгіт», 1955, П.​Багалюбаў; «Зямля бацькоў», 1966, Ш.​Айманаў). У ліку лепшых фільмаў: «Сказ пра маці» (1964, А.​Карпаў), «За намі Масква» (1967) і «Песня пра Маншук» (1970, абодва М.​Бегалін), «Канец атамана» (1969, Айманаў), «Кыз Жыбек» (1970, Ходжыкаў), «Люты» (1974, кірг. рэж. Т.​Акееў), «Транссібірскі экспрэс» (1977, Э.​Уразбаеў), «Год дракона» (1981, А.​Ашымаў, Цой Гук Ін), «Загладзь віну» (1983, С.​Жармухамедаў) і інш. Сярод акцёраў: Умурзакаў, А.​Умурзакава, К.​Кажабекаў, Ф.​Шарыпава, А.​Малдабекаў, Х.​Адамбаева і інш. У 1958 створаны Саюз кінематаграфістаў К.

Беларусы ў Казахстане. Першыя пасяленні беларусаў у К. з’явіліся ў 19 ст. ў выніку ссылкі туды ўдзельнікаў нац,вызв. руху (З.​Серакоўскі, Б.​Залескі, А.​Янушкевіч і інш.). Значныя перасяленні беларусаў у К. пачаліся ў часы сталыпінскай агр. рэформы; яны працягваліся пасля ўстанаўлення сав. ўлады, у гады індустрыялізацыі і калектывізацыі. У К. былі высланы многія ахвяры паліт. рэпрэсій. У Вял. Айч. вайну К. прыняў эвакуіраваных беларусаў. З восені 1941 да сак. 1942 у Каз. т-ры оперы і балета працавала частка калектыву Бел. т-ра оперы і балета, у т. л. Л.​П.​Александроўская, І.​М.​Балоцін, С.​У.​Дрэчын і інш. Пасля вайны частка беларусаў засталася ў К. У 1954—55 на асваенне цалінных і абложных зямель К. паехалі 53,4 тыс. беларусаў, у т. л. 4 тыс. механізатараў, пазней — 21,9 тыс. механізатараў і больш за 3 тыс. будаўнікоў. Бел. цаліннікі рассяліліся пераважна ў Карагандзінскай, Кустанайскай, Какчэтаўскай, Паўладарскай, Тургайскай, Цалінаградскай абласцях, гэты раён умоўна наз. бел. калоніяй. Беларусамі былі ўкамплектаваны 24 саўгасы, многія гаспадаркі атрымалі бел. назвы («Беларускі», «Мінскі» і інш.). Многія беларусы траплялі ў К. па размеркаванні пасля сканчэння ВНУ, на вайск. службу і інш. Цяпер у К. жыве каля 200 тыс. этн. беларусаў (каля 1% насельніцтва К.). Абвяшчэнне дзярж. незалежнасці К. актывізавала нац.-культ. жыццё беларусаў. У 1991 у г. Алматы засн. культ. аб’яднанне «Бацькаўшчына». Беларусы г. Прыазёрск Джэзказганскай вобл. аб’ядноўваюцца вакол Т-ва бел. мовы (засн. ў 1990), тут дзейнічае бел. нядзельная школа (з 1990). Беларусы святкуюць юбілеі бел. дзеячаў, адметныя падзеі ў жыцці бел. народа, абрадавыя святы (Купалле, Каляды, Вялікдзень) і інш.

Літ.:

История казахской литературы. Т. 1—3. Алма-Ата, 1968—71;

Каратаев М. Казахская литература на современном этапе. Алма-Ата, 1979;

Кирабаев С.С. Революцией призванный: Йсслед. и статьи о каз. лит. Алма-Ата, 1980;

Маргулан АХ., Басенов Т.К., Мендикулов М.М. Архитектура Казахстана. Алма-Ата, 1959;

Нурмухаммедов Н.-Б. Искусство Казахстана. М., 1970;

Очерки по истории казахской советской музыки. Алма-Ата, 1962;

Ерзакович Б.Г. Музыкальное наследие казахского народа. Алма-Ата, 1979;

Казахский музыкальный фольклор. Алма-Ата, 1982;

Искусство Казахстана..., музыка и музыковедение. Алма-Ата, 1987.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Казахстане).

Герб і сцяг Казахстана.
Да арт. Казахстан. Апрасняльная атамная ўстаноўка ў г. Актау.
Уборка збожжа на поўначы Казахстана.
Да арт. Казахстан. У перадгор’ях Кунгей-Алатау.
Да арт. Казахстан. Маўзалей-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан. Канец 14 ст.
Да арт. Казахстан. Мікрараён «Самал». На пярэднім плане — будынак Цэнтральнага дзяржаўнага музея.
Да арт. Казахстан. Кацёл. Бронза, ліццё. 1399.
Да арт. Казахстан. Насценны дыван. Фрагмент. 20 ст.
Да арт. Казахстан. Ножка ахвярнага катла ў выглядзе архара. 4—3 ст. да н.э.
Да арт. Казахстан. Каргалінская дыядэма. 2 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.
Да арт. Казахстан. Збаны і блюда. 9—12 ст.
Да арт. Казахстан. С.​Мамбееў. Каля юрты. 1957—58.
Да арт. Казахстан. Ч.​Валіханаў. Сартай з роду Сары Багіш. 1856.
Да арт. Казахстан. Г.​Ісмаілава. Нацюрморт «Кумыс». 1966.
Да арт. Казахстан. Тэатр оперы і балета імя Абая.
Да арт. Казахстан. Р.​Сахі. Эскіз дэкарацыі да кінафільма «Крылы песні». 1965.
Да арт. Казахстан. Музей казахскіх народных музычных інструментаў у Алматы.
Да арт. Казахстан. Праспект Рэспублікі ў Астане.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЖЫ́Р, Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка,

АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах. ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс. км². Нас. 27,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац. нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».

Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае ​1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В. Зах. Эрг, В. Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-ра студз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял. р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёмы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш. Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.

Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.

Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс. г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст. н.э. тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс. чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв. к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.​Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн. чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац. нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.​Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.​Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.​Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац. арг-цыя муджахідаў і інш.

Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд. дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн. т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд. м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сць мінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн. кВтгадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс. т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс. км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс. км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс. км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.

Узброеныя сілы Алжыра: нац. нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац. нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.

Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч. г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш. ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч. г. ў ВНУ каля 150 тыс. чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац. б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац. музей Алжыра, Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. музей антычнасці, этнаграфічны, Музей нац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн. экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж. інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.

Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст. л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт. сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн. Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.​А.​Эмеры, Б.​Зерфюс, Л.​Мікель, П.​Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.​Бенанбур, М.​Будзід, І.​Самсом, М.​Адан, М.​Хада, Ш.​Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.

Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв. зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.​Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз. навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац. ін-т музыкі.

Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.​Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.​Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж. маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац. т-р (з 1963 у г. Алжыр).

Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.​А.​Тульбі, М.​Алуаш, М.​Буамары, М.​С.​Рыяд, А.​Рашдзі.

Літ.:

Алжир: (справ.). М., 1977;

Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;

Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Б.​А.​Лазука (выяўл. мастацтва), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Алжыра.
Алжыр. У гарах Кабіліі.
Да арт. Алжыр. Цэнтральная частка горада Эль-Уэд.
Горад Алжыр.
Да арт. Алжыр. Наскальныя малюнкі ў Тасілін-Аджэры.
Наскальныя выявы ў Тасілі на поўдні Алжыра.
Да арт. Алжыр. Плато Тасілін-Аджэр.
Да арт. Алжыр. Трыумфальная арка Траяна ў г. Тымгад. Канец 2 ст.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,

краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс. км². Нас. 17,8 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).

Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.

Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.

Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр. ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн. чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн. чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс. ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).

Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.​І.​Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст. феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч. паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.

У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.​Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс. чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.

Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».

Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца ​2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн. га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн. га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн. га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн. т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн. т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн. т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн. шт., воўны 13 тыс. т, мяса 252 тыс. т, малака 610 тыс. т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс. т), прыродны газ (1 млрд. м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн. кВтгадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс. кВт), Махіпар (66 тыс. кВт), Сурабай (22 тыс. кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс. км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.

Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.

Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс. чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).

Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч. г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс. чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн. ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г. нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац. інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.

Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс. л-ра развівалася гал. ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг. л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл. Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.​Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.​Брэшна, Гаўсуддзін, Х.​Ітымадзі), скульптараў (М.​Хайдар, М.​Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж. дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар. муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.

Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес. т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.​Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.​А.​Раунак). Каб падтрымаць нац. т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.

Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.​М.​Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.

З.​М.​Шуканава (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Елісееў (гісторыя), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Афганістана.
Да арт. Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.
Да арт. Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.
Да арт. Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.
Да арт. Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.
Да арт. Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.
Да арт. Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.
Да арт. Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.
Да арт. Афганістан. К.​Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)