Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ ПУНКТ,
1) пункт на дыяграме стану, які адпавядае крытычнаму стану рэчыва; канцавы пункт на крывой раўнавагі 2-фазнай сістэмы. Характарызуецца крытычнымі значэннямі т-ры, ціску і аб’ёму. Пры набліжэнні да К.п. страчваюцца адрозненні шчыльнасці, складу і інш. фіз. уласцівасцей фаз. Пры т-рах, больш высокіх за крытычную тэмпературу, магчымы неперарыўны (без фазавага пераўтварэння) пераход з газападобнага стану рэчыва ў вадкі.
2) Асобны выпадак пункта фазавага пераходу. Характарызуецца стратай тэрмадынамічнай устойлівасці паводле шчыльнасці або саставу рэчыва.
т. 8, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ, пункт нулявога зараду,
стан паверхні цела (ці часцінкі дысперснай фазы) у кантакце з растворам электраліту, які характарызуецца аднолькавай колькасцю станоўчых і адмоўных зарадаў у адсарбцыйным слоі. Адзін з асн. параметраў, што вызначае эл.-хім. ўласцівасці амфалітаў (напр., амінакіслот і бялкоў). Вызначэнне І.п. розных субстратаў арганізма праводзіцца з мэтай дыягностыкі.
т. 7, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНЫ ПУНКТ,
1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.
2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл. Апорная геадэзічная сетка).
т. 1, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫ ПУНКТ,
замацаваны на мясцовасці пункт, становішча якога вызначана ў пэўнай сістэме каардынат і вышынь на падставе геад. вымярэнняў. Каардынаты геадэзічнага пункта вызначаюцца метадамі трыянгуляцыі, паліганаметрыі, трылатэрацыі, вышыні — метадамі геам. нівеліравання (І—IV класаў). Геадэзічныя пункты абазначаюцца і замацоўваюцца на мясцовасці геадэзічнымі знакамі. Іх сістэма ўтварае геадэзічную сетку, якая служыць асновай тапагр. вывучэння зямной паверхні і розных геад. вымярэнняў.
т. 5, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ,
спецыяльны пункт на зямной паверхні, дзе вымерана паскарэнне свабоднага падзення. У кожным гравіметрычным пункце вызначаюцца таксама гарыз. каардынаты і вышыня над узроўнем мора. Для правядзення гравіметрычнай здымкі ствараюцца апорныя (шматразовыя вымярэнні гравіметрычнымі прыладамі павышанай дакладнасці) розных класаў і радавыя гравіметрычныя пункты. Зыходныя апорныя гравіметрычныя пункты закладзены ў геафіз. абсерваторыях «Патсдам» (ФРГ; гал. ў Еўропе), «Пулкава» (Расія), «Плешчаніцы» (Беларусь).
т. 5, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ КАМА́НДНЫ,
месца, з якога ажыццяўляецца кіраўніцтва войскамі ў час падрыхтоўкі і ў ходзе ваен. дзеянняў. У часцях, злучэннях і аб’яднаннях звычайна ствараюцца П.к.; асн., перадавыя і запасныя, рухомыя і стацыянарныя, паветр., наземныя і падземныя (у залежнасці ад прызначэння, роду і віду войск). Адным з элементаў П.к. з’яўляецца назіральны пункт. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі, на П.к. могуць размяшчацца разлікі (ВПС, ППА і інш.), якія нясуць баявое дзяжурства.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ РО́СТУ ў раслін,
закругленая конусападобная верхавінка парастка, якая ўтворана верхавінкавай (апікальнай) мерыстэмай, таксама мерыстэматычная зона кораня, якая знаходзіцца пад каранёвым чэхлікам.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)