АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТРАПІ́ЗМ [ад геа... + трапізм(ы)],
здольнасць органаў раслін прымаць пэўнае становішча пад уплывам зямнога прыцяжэння. Адрозніваюць 3 тыпы геатрапізму: сапраўдны, калі орган (гал. корань) расце прама ўніз; адмоўны, калі орган (гал. сцябло) расце прама ўверх; папярочны, калі орган стараецца заняць гарыз. становішча. Калі ў выніку знешніх уздзеянняў расліна выведзена з уласцівага ёй становішча (напр., сцябло павалена ветрам, пад корань трапіў камень), тады ў маладой ч. расліны адбываецца выгін і яна зноў правільна арыентуецца. Геатрапічныя выгіны звязаны з ростам расліны і адбываюцца таму, што ў сцёблах, выведзеных з верт. становішча, ніжні бок пачынае расці хутчэй, а верхні запавольвае рост. Неаднолькавая скорасць росту верхняга і ніжняга бакоў сцёблаў, якія размешчаны гарызантальна, звязана з перамяшчэннем пад уздзеяннем сілы цяжару аўксінаў на ніжні бок сцябла або кораня. Некат. расліны, якія закончылі рост, не здольныя да геатрапічных выгінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,
асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ДАГАВО́РЫДагавор 1921 аб дружбе і братэрстве,
падпісаны 16 сак. ў Маскве. Паводле яго РСФСР адмовілася ад усіх нераўнапраўных дагавораў і пагадненняў Турцыі з Рас. імперыяй; да Турцыі адыходзілі раёны Карса, Ардахана і Артвіна; Нахічэванская вобл. ператваралася ў аўт. тэрыторыю пад пратэктаратам Азербайджана; бакі абавязаліся не дапускаць знаходжання на сваёй тэрыторыі арг-цый, якія мелі мэтай барацьбу супраць інш. боку. Дагавор меў важнае значэнне для перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23. Дагавор 1925 аб дружбе і нейтралітэце, падпісаны 17 снеж. ў Парыжы. Паводле яго ў выпадку ваен. выступлення супраць аднаго з бакоў адной ці некалькіх трэціх дзяржаў інш. бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт у адносінах да першай. СССР і Турцыя абавязаліся ўстрымлівацца ад усякага нападу на інш. бок і не прымаць удзелу ні ў якім саюзе ці пагадненні, якія накіраваны супраць інш. боку. Дэнансаваны СССР у сак. 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРО́РСКІ НАГЛЯ́Д,
форма праваахоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца органамі пракуратуры. У Рэспубліцы Беларусь П.н. ажыццяўляецца: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў; за адпаведнасцю закону суд. рашэнняў па цывільных і крымін. справах, справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, якія назначаюцца судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе расследаванне злачынстваў, пракуроры прымаюць удзел у разглядзе спраў судамі, падтрымліваюць дзярж. абвінавачванне. У працэсе ажыццяўлення П.н. пракурор правамоцны апратэстоўваць рашэнні і акты, калі яны супярэчаць закону, прыцягваць правапарушальнікаў да адказнасці, прымаць меры для забеспячэння спагнання матэрыяльных страт, нанесеных парушэннем закона, і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́ЦКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1654, Артыкулы Войска Запарожскага,
акт, які юрыдычна аформіў далучэнне Украіны да Рас. дзяржавы паводле рашэння Пераяслаўскай рады 1654. Складзены гетманам Б.Хмяльніцкім ад імя Войска Запарожскага і прадстаўлены ў Маскве ўкр. пасольствам цару Аляксею Міхайлавічу, які 31 сак. зацвердзіў іх і 6 крас. дапоўніў спец. граматай. Паводле С.а. (23 пункты) Украіна ўваходзіла ў «вечнае падданства» да цара і яго нашчадкаў, але захоўвала пэўную аўтаномію — выбарнасць гетмана, яго права прымаць і адпускаць паслоў замежных краін (акрамя Рэчы Паспалітай і Турцыі) пры інфармаванні цара пра змест перагавораў, асобны казацкі суд, недатыкальнасць казацкіх маёнткаў, самакіраванне гарадоў і інш. Колькасць казацкага войска на службе ў цара вызначалася ў 60 тыс.чал.Правасл. царква рабілася пануючай на Украіне. С.а. да 1720-х г. былі асновай для пацвярджэння правоў Левабярэжнай Украіны пры выбранні новых гетманаў.
Літ.:
Голобуцкий В. Дипломатическая история освободительной войны украинского народа 1648—1654 гг. Киев, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па забеспячэнні дзярж. кантролю за выкананнем правіл, нормаў і інструкцый, распрацоўкай і правядзеннем прафілактычных мер па тэхніцы бяспекі і ахове нетраў. У Рэспубліцы Беларусь горны нагляд ажыццяўляецца К-там па нагляду за бяспечным вядзеннем работ у прам-сці і атамнай энергетыцы Мін-ва па надзвычайных сітуацыях і ахове насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Праматамнагляд) і яго структурнымі падраздзяленнямі. Горны нагляд устанаўліваецца за горнымі работамі, звязанымі са здабычай карысных выкапняў, надземнымі трансп. і гідратэхн. збудаваннямі, работамі па геал. вывучэнні нетраў, перапрацоўкай мінер. сыравіны, аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем, геал.-маркшэйдэрскім кантролем. Органы горнага нагляду маюць правы: прыпыняць работы па выкарыстанні нетраў у выпадках парушэння правіл і нормаў па бяспечным вядзенні работ і ахове нетраў; спыняць самавольнае карыстанне нетрамі; даваць абавязковыя для выканання ўказанні аб ліквідацыі парушэнняў; расследаваць абставіны і прычыны аварый і прымаць па іх выніках адпаведныя рашэнні; накладваць адм. спагнанні на службовых асоб і грамадзян за парушэнні горнага заканадаўства ці перадаваць матэрыялы ў органы пракуратуры. Парадак ажыццяўлення горнага нагляду рэгламентуецца Палажэннем, зацверджаным пастановай урада Беларусі 13.10.1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1927. Прынята 11.4.1927 VIII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 13 глаў, 76 артыкулаў. БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, дзе ўся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, замацоўваўся факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду, вызначаліся правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю і ўносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, вызначаць адм. падзел. Паўтараліся нормы Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 адносна правоў і абавязкаў грамадзян. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян, ставілася задача яе аховы. Замацоўвалася права грамадзян свабодна карыстацца роднай мовай, нац. меншасцям забяспечвалася магчымасць навучання ў школе на роднай мове, абвяшчалася поўная роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў, але аддавалася перавага беларускай у зносінах паміж дзярж., прафс., грамадскімі ўстановамі і арг-цыямі. Рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых дзярж. органаў улады і кіравання. Упершыню зацвердзіла сістэму мясц. органаў дзярж. улады і кіравання ў адпаведнасці з адм.тэр. падзелам, замацавала нормы выбарчага права. У ёй упершыню, апрача дзярж. сімвалаў, названа сталіца БССР — г. Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНЫЯ КАМЯНІ́,
бясколерныя або прыгожа афарбаваныя мінералы (пераважна крышталі), якія маюць яркі бляск, вял. святлорассеянне, празрыстасць, высокую цвёрдасць (6—7 і больш па шкале Моаса) і хім. інертнасць, чысціню тону афарбоўкі, аднароднасць колеру ці арыгінальныя светлавыя эфекты, здольныя прымаць агранку. Умоўна падзяляюцца на 4 парадкі (класы); I — алмаз, ізумруд, рубін, сапфір сіні; II — александрыт, чорны апал, сапфіры зялёны, фіялетавы, аранжавы, высакародны жадэіт; III — аквамарын, тапаз, турмалін, дэмантоід, шпінель, апалы белы і вогненны; IV — біруза, хрызаліт, аметыст, цыркон, кунцыт, берылы жоўты, зялёны, ружовы, піроп, альмандзін, цытрын, хрызапраз. Да К.к. адносяць таксама мінер. ўтварэнні арган. паходжання — жэмчуг, бурштын. Маса К.к. вымяраецца ў каратах (0,2 г), жэмчугу — у гранах (0,25 карата). Паходжанне К.к. звязана з эндагеннымі і эказагеннымі працэсамі. Радовішчы ёсць у многіх краінах свету. Акрамя прыродных вырабляюць сінт. К.к. (алмаз, рубін, сапфір і інш.). Выкарыстоўваюцца ў дарагіх ювелірных вырабах. К.к. 1-га парадку ўваходзяць у актывы нац. банкаў дзяржаў свету.
У.Я.Бардон.
Да арт.Каштоўныя камяні. Вогненны апал.Да арт.Каштоўныя камяні. Чэхія. Святавацлаўская карона (аздабляюць сапфіры, чырвоныя шпінэлі, рубін, жэмчуг і дробныя ізумруды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́ТКАВЫ ЎЗРОСТ,
перыяд антагенезу (ад 10—11 да 15 гадоў), які адпавядае этапу пераходу ад дзяцінства да юнацтва. Належыць да крызісных узростаў (гл.Крызісы ўзроставыя), крытычных перыядаў антагенезу, звязаных з кардынальнымі пераўтварэннямі ў сферы свядомасці, дзейнасці, сістэмы ўзаемаадносін індывіда. Характарызуецца бурным ростам чалавека, фарміраваннем арганізма ў працэсе палавога выспявання, што аказвае значны ўплыў на псіхафізіял. асаблівасці падлетка. Аснову фарміравання псіхал. і асобасных якасцей падлеткаў складаюць зносіны ў працэсе розных відаў дзейнасці (вучоба, праца, творчасць, спорт і інш.). Характэрным для П.ў. з’яўляецца станаўленне новага ўзроўню самасвядомасці, Я-канцэпцыі, узнікненне цікавасці да сябе як да асобы, да сваіх магчымасцей, здольнасцей і асаблівасцей, якія аб’ядноўваюць падлетка з іншымі людзьмі, групамі і ў той жа час адрозніваюць ад іх, робяць яго унікальным і непаўторным. З гэтым звязаны рэзкія ваганні ў адносінах да сябе, няўстойлівасць самаацэнкі. Вядучыя патрэбы П.ў. (самасцвярджэнне, зносіны з равеснікамі) таксама разглядаюцца як вядучая дзейнасць у гэтым узросце. Пры адсутнасці ўмоў для індывідуалізацыі і пазітыўнай рэалізацыі сваіх новых магчымасцей самасцвярджэнне падлетка можа прымаць недарэчныя формы (гл.Дэвіянтныя паводзіны).