МУШКЕ́Т (ісп. mosquete, франц. mousquet ад лац. musca муха),
дульназараднае ружжо; ручная агнястрэльная зброя з кнотавым замком. М. з’явіўся ў пач. 16 ст. ў Іспаніі, пазней у інш. краінах Еўропы, у т. л.ВКЛ. Прызначаўся для паражэння ў блізкім баі воінаў праціўніка, якія мелі на сабе засцерагальнае ўзбраенне (кальчуга, панцыр і інш.). Калібр да 23 мм, маса 8—10 кг, далёкасць стральбы да 250 м. Для зручнасці вядзення з М. агню выкарыстоўваліся сошкі (падпоркі). М. ўзбройваліся адборныя салдаты — мушкецёры. Больш лёгкі і кароткі М., які страляў шротам і быў на ўзбраенні кавалерыі, называўся мушкетонам. З канца 17 ст. М. заменены крамянёвым ружжом (гл.Крамянёвая зброя).
Мушкет: 1 — лёгкі аўстрыйскі з кнотавым замком. 1600; 2 — лёгкі французскі з прыкладам для ўпору ў грудзі. 1575; 3 — наразны дацкі мадэлі 1763, калібру 27 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДО́ (франц. rondeau ад rond круг),
старафранцузскі верш з 8, 13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. У адрозненне ад рандэля ў Р. словы (часам радкі), якімі ён пачынаецца, паўтараюцца ў сярэдзіне твора і заканчваюць яго, ствараючы арыгінальнае архітэктанічнае кальцо. Прыкладам 15-радковага Р. можа служыць верш «Рандо» М.Багдановіча:
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла;
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваёй адбіла.
І гімн спявае жабаў хор
Красе, каторую з’явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарашчы міла Узор.
І сонца дальш клянуць, што скрыла
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,
Там, дзе чыясь рука зрабіла Узор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́РХІЯ (ад грэч. monarchia адзінаўладдзе),
форма праўлення, пры якой кіраўніком дзяржавы з’яўляецца манарх. Яго ўлада, як правіла, з’яўляецца пажыццёвай і перадаецца ў парадку прастоланаследдзя. Захоўваюцца 2 гіст. тыпы М. — абсалютная і канстытуцыйная. Абсалютная М. характарызуецца юрыд. і фактычным сканцэнтраваннем усёй паўнаты дзяржаўнай, а таксама духоўнай (рэліг.) улады ў руках манарха. У наш час у свеце 8 краін з абсалютнай М.: ААЭ, Аман, Бахрэйн, Бруней, Ватыкан, Катар, Кувейт, Саудаўская Аравія. Пры канстытуцыйнай М. ўлада манарха абмежавана канстытуцыяй, ёсць выбарны заканад. орган — парламент і незалежныя суды; манарх пазбаўлены права самастойна ажыццяўляць фармальна захаваныя за ім паўнамоцтвы, і ўсе акты, што зыходзяць ад яго імя, патрабуюць ухвалення кабінета міністраў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які нясе адказнасць перад парламентам. Прыкладам такой М. з’яўляецца Вялікабрытанія. Асобая разнавіднасць М. — выбарная, якая спалучае элементы М. і рэспублікі. Такая М. існуе ў Малайзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎЗЕР (ням. Mauser),
узоры стралковай зброі, створаныя ням. вынаходнікамі і прадпрымальнікамі братамі Вільгельмам і Паўлем Маўзерамі. Пад назвай М. вядомы вінтоўкі, рэвальвер, пісталеты і інш. Найбольш пашыраны (быў на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў) аўтам. пісталет калібру 7,63 (узору 1896, мадыфікаваны ў 1908 і 1920). Прынцып дзеяння М. заснаваны на выкарыстанні аддачы ствала і затвора пры кароткім ходзе ствала. Пісталет меў магазін на 6 і 10, а з дадатковым прыстаўным магазінам на 20 патронаў, надзейна страляў на адлегласць 100 м; змяшчаўся ў драўлянай кабуры, якая пры неабходнасці служыла прыкладам. У рас. і Чырв. Арміі выкарыстоўваўся пісталет М. узору 1908, у інш. арміях — розныя мадыфікацыі М., у т. л. ўзору 1937 (мадэль HSc) з магазінам.
Зброя сістэмы маўзер: 1 — карабін са штыком; 2 — рэвальвер узору 1871—83; 3 — пісталет узору 1937 (мадэль HSc) з абоймай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎу арганізмах,
назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш.пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫ́ЎНАЯ МАТЭМА́ТЫКА,
абстрактная навука аб канструктыўных працэсах, магчымасцях чалавека ажыццявіць іх і аб іх выніках — канструктыўных аб’ектах. Мае сваю логіку, адрозную ад логікі класічнай матэматыкі. Распрацоўваюцца раздзелы К.м.: канструктыўныя тэорыі дыферэнцавання і інтэгравання, канструктыўны функцыянальны аналіз, канструктыўная тэорыя камплекснай пераменнай і інш.
Прыкладам канструктыўнага аб’екта з’яўляецца слова — шэраг літар з пэўнага алфавіта, канструктыўнага працэсу — выпісванне гэтага слова літарамі. Асобны выпадак слоў — натуральныя лікі напр., з алфавіта {0,1}] 0,01, 011, ... Калі да гэтага алфавіта дадаць знакі «мінус» і «дзяліць», можна будаваць рацыянальныя лікі, як словы ў алфавіце {0,1,-,:}. Абстрактнасць К.м. выяўляецца ў выкарыстанні абстракцыі патэнцыяльнай ажыццявімасці (не бяруцца пад увагу абмежаванні канструктыўных магчымасцей у прасторы, часе і матэрыяле) і абстракцыі атаясамлівання (2 ці больш у пэўным сэнсе аднолькавыя аб’екты разглядаюцца як адзін). У К.м. выключаецца абстракцыя актуальнай бясконцасці, звязаная з разглядам працэсаў. якія ніколі не могуць завяршыцца, але лічацца бясконца працяглымі і тым самым фармальна быццам бы завершанымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎНЫЯ КАНТА́КТЫ,
узаемадзеянне моўных сістэм. Пачынаюцца ў сферы маўлення пры ўмове абавязковай наяўнасці носьбітаў-білінгваў, якія ў большай ці меншай ступені валодаюць адной і другой мовамі. Паступова факты маўлення, якія праяўляюцца як інтэрферэнцыя (г.зн. памылкі ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы), замацоўваюцца ў сістэме мовы як запазычанні. Такое запазычанне звычайна з’яўляецца спантанным і некантралюемым. Аднак ёсць і свядомае, кантралюемае запазычанне (напр., тэрмінаў). М.к. найб. лёгка адбываюцца паміж роднаснымі мовамі, аднак адзначаюцца яны і паміж мовамі рознасістэмнымі, напр., балг. і турэцкай, татарскай і удмурцкай. Прыкладам М.к. можа служыць узаемадзеянне ўсх.-слав. моў, пры якім рус. мова аказвае ўплыў на лексіку і граматычны лад бел. і ўкр. моў, у сваю чаргу гэтыя мовы ўплываюць на рус. мову.
Літ.:
Михайлов М.М. Двуязычие и взаимовлияние языков // Проблемы двуязычия и многоязычия. М., 1972;
Розенцвейг В.Ю. Основные вопросы теории языковых контактов // Новое в лингвистике. М., 1972. Вып. 6;
Вайнрайх У. Одноязычие и многоязычие: Пер. с англ. // Там жа;
Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАРП ((Natorp) Паўль) (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),
нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТРО́Н [ад лац. positivus дадатны + (элек)трон],
дадатна зараджаная элементарная часціца; антычасціца электрона. Абазначаецца е+ або е− Мае аднолькавыя з электронам масу і спін, а магн. момант і эл. зарад роўныя па модулі і процілеглыя па знаку. П. мае спін, роўны 1/2 (ферміён), адносіцца да лептонаў, удзельнічае ў эл.-магн., слабым і гравітацыйным узаемадзеяннях.
Існаванне П. тэарэтычна вынікае з Дзірака ўраўнення, эксперыментальна адкрыты К.Д.Андэрсанам (1932) у складзе касм. прамянёў і стаў першым прыкладамантычасціц. Пры пэўных умовах утварае з электронам вадародападобную сістэму (гл.Пазітроній). Узнікае пры ўзаемапераўтварэннях свабодных элементарных часціц, напр., пры распадах мюонаў, а таксама пры бэта-распадзе некаторых ізатопаў. Прадказаныя Дзіракам і эксперыментальна назіраныя працэсы анігіляцыі і нараджэння пар (П. — электрон) былі першымі доказамі ўзаемапераўтварэнняў элементарных часціц, на аснове якіх распрацаваны метады нараджэння новых элементарных часціц у накапляльных кольцах паскаральнікаў. П. выкарыстоўваецца пры даследаваннях размеркавання скарасцей электронаў праводнасці, дэфектаў крышталічнай рашоткі, кінетыкі некаторых хім. рэакцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБУКО́ЎНІКІ,
ананімныя рукапісныя зборнікі артыкулаў навучальнага і пазнавальна-энцыклапедычнага характару, пашыраныя на землях усх. славян у 13—18 ст. Захавалася больш за 200 азбукоўнікаў. Першыя азбукоўнікі (напр., азбукоўнікі ў Ноўгарадскай кормчай 1282) толькі тлумачылі незразумелыя іншамоўныя словы, што сустракаліся ў перакладных кнігах рэліг. зместу. Пазней тлумачэнні дапаўняліся звесткамі энцыклапедычнага характару па гісторыі, геаграфіі і інш. У 17—18 ст. азбукоўнікі пашырылі навуч. функцыю: іх часткамі сталі азбука (са складамі і пропісямі) і кароткія звесткі грамат., арыфм., рэліг.-павучальнага характару. Выконвалі і збіральніцкую функцыю (назапашванне рэдкіх слоў).
Словы ў азбукоўніках звычайна размяшчаліся па алфавіце, перакладаліся і тлумачыліся, таму азбукоўнікі сталі крыніцай для першых друкаваных слоўнікаў усх. славян. Прыкладамбел. азбукоўнікаў з’яўляецца «Тлумачэнне імёнам па алфавіце» (17 ст.).
Літ.:
Пруссак А.В. Описание азбуковников, хранящихся в рукописном отделении императорской Публичной библиотеки. Спб., 1915;
Алексеев М.П. Словари иностранных языков в русском азбуковнике XVII в. М., 1968;
Ковтун Л.С. Азбуковники, или Алфавиты иностранных речей конца XVI—XVII вв. // Вопросы языкознания. 1980. № 5.
В.К.Шчэрбін.
Да арт.Азбукоўнікі. «Книга глаголемая алфавит» (узор азбукоўніка-слоўніка, рукапіс 17 ст.).