СЕРАКО́ЎСКІ Кароль Юзаф

(каля 1750—1817),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, генерал. Вучыўся ў Варшаве ў корпусе кадэтаў. Быў вядомы. як здольны вайсковы інжынер і артылерыст. У ліп.—жн. 1794 на чале 4-тысячнага корпуса прайшоў рэйдам ад мяст. Высокае (праз Шарашова, Пружаны, Ружаны) да Слоніма. Удзельнік Крупчыцкага бою 1794 і бою пад Брэстам.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦА,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Пружаны, 121 км ад Брэста, 44 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 307 ж., 105 двароў (1998). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў сав.-польскую вайну 1920; за 13 км ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — правасл. капліца (1821).

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎБІЦК,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПнЗ ад г. Пружаны, 123 км ад Брэста, 50 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 692 ж., 343 двары (2001). Лясніцтва, цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква-капліца. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДАВА (Алена Васілеўна) (22.5.1907, г. Пружаны — 29.5.1986),

бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Жонка М.І.Аладава. Скончыла БДУ (1928). З 1937 працавала ў музеях Мінска. У 1944—77 дырэктар Дзярж. маст. музея Беларусі. Яе намаганнямі ў пасляваен. гады адноўлены фонд музея, сабраны творы бел., рус., зарубежнага мастацтва (у 1977 больш за 15 тыс. экспанатаў), арганізаваны шматлікія экспазіцыі і выстаўкі. Аўтар кніг пра творчасць І.​Ахрэмчыка, П.​Гаўрыленкі, В.​Цвіркі, пра Дзярж. маст. музей Беларусі (1958), бел. жывапіс (1978) і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЙЛЮКО́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 17.4.1931, г. Пружаны Брэсцкай вобл.),

бел. фізік і педагог, адзін з пачынальнікаў эксперым. даследаванняў паўправадніковых лазераў на Беларусі. Канд. фіз.-матэм. н. (1971), дац. (1978). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1954). З 1964 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1975 у БПА (у 1980—95 заг. кафедры). Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы, даследаванні ўнутр. параметраў і асн. характарыстык інжэкцыйных паўправадніковых лазераў. Аўтар «Руска-беларускага фізічнага слоўніка» (1994; з У.​Пазняком, А.​Сабалеўскім) і навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

т. 14, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,

помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1866. Прамавугольная ў плане мураваная 3-нефавая 8-слуповая базіліка з паўавальнай 3-яруснай апсідай, вырашанай у 2-м і 3-м ярусах як ратонда і завершанай купалам. Гал. фасад вылучаны яруснай вежай-званіцай (у ніжнім ярусе — тамбур з 2 памяшканнямі абапал яго і хоры). Сцены дэкарыраваны пілястрамі, шырокімі прафіляванымі антаблементамі. Аконныя праёмы арачныя і круглыя. Парталы гал. і бакавых уваходаў падкрэслены плоскімі несапраўднымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Другі ярус ратонды аздоблены нішамі.

Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага.

т. 13, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ВІЧ (Платон Мікалаевіч) (26.9.1857, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 30.11.1919),

бел. гісторык. Чл.-кар Расійскай АН (1918). Праф. (1894), Д-р царк. гісторыі (1901). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1881). Выкладаў у Полацкім духоўным вучылішчы, у Вільні, з 1891 у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1918 уваходзіў у Беларускае вольна-эканамічнае таварыства ў Петраградзе. Даследаваў рэліг. адносіны ў Рэчы Паспалітай, палітыку Расіі на Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Тв.:

Кардинал Гозий и польская церковь его времени. СПб., 1882;

Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.). СПб., 1897;

Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—02.

В.​В.​Грыгор’ева.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў 19—20 ст. з г. Пружаны Брэсцкай вобл., аднаго з буйнейшых ганчарных цэнтраў паўд.зах. Беларусі. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд традыц. асартыменту: гаршкі і слоі з накрыўкамі, збаны, макатры, спарышы, міскі, талеркі, патэльні, кубкі і інш., якія вызначаліся буйнымі формамі, глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і косых палос, рамбічнай сеткі, завіткоў, елачкі і інш. Характар размяшчэння дэкору падкрэсліваў выразнае чляненне форм вырабаў. З 1920-х г. асвоены таксама выраб глазураванага посуду. З 1984 промысел не існуе.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пружанская кераміка. А.​Такарэўскі. Ганчарны посуд. 1980-я г.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),

бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел. культ. т-ва імя Ф.​Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і правасл. духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».

Тв.:

Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛ ((Perl) Марцін Льюіс) (н. 24.6.1927, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1990), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1997). Бацька нарадзіўся ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Скончыў Політэхн. ун-т у Брукліне (1948). З 1950 у Калумбійскім, з 1955 у Мічыганскім ун-тах, з 1963 праф. Стэнфардскага лінейнага паскаральнікавага цэнтра (у 1991—97 дэкан ф-та фізікі высокіх энергій). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Эксперыментальна адкрыў цяжкі τ-лептон (1975). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з Ф.Райнесам).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие новой элементарной частицы — тяжелого τ-лептона // Успехи физ. наук. 1979. Т. 129, вып. 4;

Размышления об открытии τ-лептона // Там жа. 1996. Т. 166, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

М.​Л.​Перл.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)