1) ручная зброя далёкага бою для кідання стрэл. Вядомы з часоў позняга палеаліту. Выкарыстоўваўся ўсімі народамі і плямёнамі (акрамя карэнных аўстралійцаў і мікранезійцаў) на вайне і паляванні да 18 ст. (у некаторых народаў Афрыкі і ў 20 ст.).
З сярэдневякоўя ў Еўропе вядомы Л. просты і складаны. Просты Л. — сагнутая ў дугу пругкая драўляная палка, канцы якой сцягнуты цецівой; быў пашыраны ў стараж. рымлян, германцаў, нарманаў, кельтаў, англа-саксаў. Складаны Л. меў драўляную аснову лукавішча, узмоцненага звонку жыламі, з унутр. боку — касцянымі пласцінкамі; канцы і дзяржанне мелі таксама касцяныя пласцінкі, асобныя часткі змацоўваліся клеем і жыламі. Цеціву скручвалі з сухажылляў жывёл, вузкіх палос скуры, валасоў, раслінных валокнаў. Меў памеры 1,2—1,6 м і кідаў стрэлы да 900 м. Складаны Л. пераўзыходзіў просты ў трываласці, далёкасці кідання стрэл і сіле паражэння цэлі. Стрэлы рабілі з прамастойнага дрэва ці трыснягу; наканечнікі — з крэменю, рогу або косці, з 1-га тыс. да н.э. — з металу.
На тэр. Беларусі крамянёвыя наканечнікі стрэл знаходзяць пры раскопках мезалітычных і неалітычных помнікаў Верхняга Падняпроўя, Панямоння, Прыпяці, а металічныя — пры раскопках помнікаў бронзавага і жал. вякоў і ранняга сярэдневякоўя. Спачатку тут карысталіся простым, а з 16 ст. складаным Л., якім была ўзброена лёгкая конніца (гл. ў арт.Лучнікі). У эпоху сярэдневякоўя Л. доўгі час спаборнічаў па баявых якасцях з агнястрэльнай зброяй. Вопытны лучнік з добрага Л. трапна страляў на 300 м і рабіў 4—5 стрэлаў за мінуту.
2) Спарт. прылада (зброя), якая выкарыстоўваецца з 19 ст.Гл.Стральба з лука. Іл.гл. таксама да арт.Зброя.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГАРЫ́ЗМ (ад лац. vulgaris просты, звычайны),
слова, што мае адценне грубаватасці і знаходзіцца па-за межамі літаратурнай лексікі. Вульгарызмы звычайна маюць адмоўнае значэнне, стылістычна зніжаныя, надзвычай экспрэсіўныя і сэнсава ёмістыя (напр., «абармот», «смаркач», «паскудны», «жэрці», «здохнуць»). Выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў, для надання паведамленню гумарыст. або іранічнай афарбоўкі. Карыстацца вульгарызмамі трэба ўмела, бо захапленне імі засмечвае мову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е КО́ЛА,
прыстасаванне ў выглядзе кола з лопасцямі, якое прыводзіцца ў дзеянне энергіяй патоку вады; самы простыгідраўлічны рухавік. Бывае ніжнябойнае (падліўное), сярэднябойнае і верхнябойнае (наліўное). Магутнасць да дзесяткаў кілават. Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у сістэмах арашэння (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), на Беларусі — для прыводу ў дзеянне вадзяных млыноў, машын і механізмаў дробных вытв-сцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯКВЕ́ТНІК,
лістападобныя покрыўныя органы кветкі, якія акружаюць тычынкі і песцік. У падвоенага К. (званочак) вонкавыя зялёныя лісцікі — чашачка, унутр. ярка афарбаваныя — вяночак. Просты К. складаецца з аднолькавых па афарбоўцы лісткоў (у лілеі). Бывае ярка афарбаваны, паходзіць на вяночак і наз. вяночкападобным (у цюльпана), калі К. зялёны і паходзіць на чашачку то наз. чашачкападобным (у крапівы). У некат. відаў К. адсутнічае (у вярбы, ясеня), таму кветкі наз. голымі ці бяспокрыўнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ́МАРТ ((Bloemaert) Абрахам) (25.12.1564, г. Горынхем, Нідэрланды — 27.1.1651),
галандскі жывапісец. Зазнаў уплыў франц. мастакоў-маньерыстаў; адышоўшы ад маньерызму, стварыў уласны просты і ясны барочны стыль. Тонавае вырашэнне яго карцін адпавядала прынцыпам караваджызму (святлоценявыя кантрасты). Звяртаўся да біблейскіх і міфал. сюжэтаў. Аўтар жанравых кампазіцый і пейзажаў: «Вяселле Тэтыды» і «Казанне Яна Хрысціцеля» (1638), «Укрыжаванне» (1640), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1631), «Ігрок на флейце» (1643) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
А.Блумарт. Адпачынак на шляху ў Егіпет. Фрагмент. 1631.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХРАДКО́ЎЕ,
найбольш просты від страфы, які складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у белым вершы). З’яўляецца асновай монастрафічнага верша-двухрадковіка. У ант. паэзіі Д. пэўнага памеру ўтваралі асобую страфу — элегічны двуверш. У паэзіі народаў Б. і Сярэдняга Усходу Д. мае назву бейт. Нярэдка ўваходзіць састаўной ч. у больш буйныя страфічныя формы (чатырохрадкоўі, шасцірадкоўі, васьмірадкоўі — аабб, ааббвв, ааббввгг), служыць кодай у некат. класічных відах строф (санеце шэкспіраўскага тыпу, актаве, анегінскай страфе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НСАРНЫ ПЕРАКЛЮЧА́ЛЬНІК,
бескантактны пераключальнік, які спрацоўвае пры датыканні аператара да спец. адчувальнай (сенсарнай; ад лац. sensus адчуванне) пляцоўкі. Вырабляецца на аснове паўправадніковых, оптаэлектронных і інш. прылад.
Найб. просты С.п. электраметрычнага тыпу, прынцып дзеяння якога грунтуецца на здольнасці скуры чалавека праводзіць эл. ток. Сенсарная пляцоўка пераключальніка мае 2 ізаляваныя адна ад адной палавінкі; пасля датыкання аператарам да гэтай пляцоўкі ланцуг замыкаецца і атрыманы эл. сігнал пасля ўзмацнення перадаецца на блок пераключэння. Выкарыстоўваецца ў прыладах уводу інфармацыі, радыёэлектроннай і інш. апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІНІТЫ́Ў (ад лац. infinitivus няпэўны),
неазначальная форма дзеяслова, пачатковая форма дзеяслова, якая называе дзеянне безадносна да асобы, часу і спосабу. Паводле паходжання ў слав. мовах — давальны склон аддзеяслоўных назоўнікаў. Мае трыванне і стан («рабіць—зрабіць—зрабіцца»), У бел. мове І. складаецца з дзеяслоўнай асновы і суфіксаў «-ць», «-ці», «-чы» («чытаць», «несці», «секчы»). У сказе выступае самастойна (як дзейнік, просты выказнік ці асн.ч. састаўнога выказніка, дапаўненне, азначэнне, акалічнасць) і ў складзе аналіт. форм часу дзеяслова («буду ісці»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІХТ ((Abicht) Рудольф) (9.8.1850, г. Намыслаў, Польшча — 12.2.1921),
нямецкі філолаг-славіст, адзін з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. культуры ў Германіі. З 1900 праф.слав. філалогіі Вроцлаўскага (Брэслаўскага) ун-та. У працах «Паказальнік крыніц Супрасльскага рукапісу» (1893—98), «Слова аб палку Ігаравым» (1895) даследаваў стараж.-бел. помнікі. Бел. матэрыялы і пераклады друкаваў у газ. «Гоман», «Deutschland» («Германія»), «Wilensker Zeitung» («Віленская газета») і інш. У сааўт. з Я.Станкевічам выдаў бел. буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (Вроцлаў, 1918); пры яго садзейнічанні выйшаў зб. «Беларусь» (Берлін, 1919).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ АКУ́СТЫКА,
раздзел акустыкі, які вывучае законы распаўсюджвання гуку на аснове ўяўленняў пра гукавыя прамяні (лініі, уздоўж якіх распаўсюджваецца гукавая энергія). Найб.просты выгляд (прамыя лініі) прамяні маюць у аднародным ізатропным асяроддзі. Геаметрычная акустыка — гранічны выпадак хвалевай акустыкі пры пераходзе да бясконца малой даўжыні хвалі; законы геаметрычнай акустыкі выконваюцца ў тых выпадках, калі можна не ўлічваць дыфракцыю хваль. Для гукавых прамянёў справядлівы тыя ж законы адбіцця і пераламлення, што і для светлавых. Ураўненні геаметрычнай акустыкі падобныя да ўраўненняў геаметрычнай оптыкі. Выкарыстоўваецца ў арх. акустыцы, гідралакацыі і інш.