АНАЛІ́СТЫ,

першыя старажытнарымскія гісторыкі. Гіст. падзеі размяшчалі па гадах праўлення консулаў. Творы аналістаў (аналы) апавядалі пераважна пра паліт. і ваен. падзеі, былі прасякнуты патрыятызмам. Найб. вядомыя аналісты: Квінт Фабій Піктар (3 ст. да н.э.), Катон Старэйшы (2 ст. да н.э.). Урыўкі з твораў аналістаў выкарыстаны ў працах больш позніх гісторыкаў.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА БІБЛІЯФІ́ЛАЎ.

Існавала ў 1926—29 у БССР. Члены праўлення: М.​М.​Шчакаціхін (старшыня), М.​І.​Каспяровіч (сакратар), В.​Ф.​Вольскі, А.​М.​Тычына і Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. У 1928 т-ва выдала кнігу А.​Шлюбскага «Exlibris’ы А.​Тычыны», у прадмове да якой ёсць звесткі пра бел. бібліяфілаў і экслібрысы.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС II Мнемон,

персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.​Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НУА,

цар дзяржавы Урарту (правіў каля 810—786 ці 781 да н.э.). Вёў заваёўніцкія войны ў Закаўказзі і Паўн. Месапатаміі. Пры М. пабудаваны на паўн. схіле гары Арарат г. Менуахінілі, вялося буд-ва ў г. Тушпа (сучасны г. Ван, Турцыя), рэканструяваны т.зв. канал Семіраміды. Ад часу праўлення М. засталося больш за 100 урарцкіх клінападобных надпісаў.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНТУСТА́Н, хоўмленд,

псеўдадзяржаўнае ўтварэнне ў перыяд расісцкага праўлення на тэр. Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Дыскрымінацыйная форма ажыццяўлення палітыкі апартэіду з мэтай сегрэгацыі афр. насельніцтва па племянных, тэр., прац. адзнаках і аслаблення фронту нац.-вызв. барацьбы. На 1981 у ПАР існавала 10 бантустанаў, якія фактычна былі яе ўнутр. калоніямі і займалі 13% тэрыторыі, дзе пражывала 75% насельніцтва краіны.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРАНГЗЕ́Б (1618—1707),

апошні сапраўдны правіцель Мангольскай імперыі [1658—1707]. Сын Вял. Магола Шах-Джахана. У 1636—44 і 1652—57 быў намеснікам Дэкана. У барацьбе за трон 1658—59 забіў сваіх братоў-сапернікаў, арыштаваў бацьку. Завяршыў заваяванне Дэкана і Паўд. Індыі. Адзнака палітыкі Аўрангзеба — мусульм. нецярпімасць. Прыгнятаў індусаў. У часы яго праўлення ў Індыі ўмацаваліся еўрап. гандл. кампаніі.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕАНІ́СТЫ,

манархічная групоўка ў Францыі ў 19 ст. Узвяла на трон у 1830 Луі Філіпа Арлеанскага. У перыяд яго праўлення [1830—48] панавалі ў Францыі, у перыяд Другой рэспублікі [1848—52] уваходзілі ў «партыю парадку», палітыка якой садзейнічала ўстанаўленню Другой імперыі. Пасля ўдзелу ў падрыхтоўцы няўдалага манарх. перавароту ў 1870-я г., а затым у буланжызме (канец 1880-х г.) сышлі з паліт. арэны.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ,

у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.

Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й БАГАЛЮ́БСКІ (каля 1112 — 29.6.1174),

князь уладзіміра-суздальскі (1157—74). Сын Юрыя Далгарукага. Каля 1150—51 яму належалі Тураў і Пінск. У 1169 захапіў Кіеў; пад яго ўплыў трапілі Смаленскія і Дзвінскія землі. Змагаўся супраць феад. знаці, спрыяў развіццю гандлю і рамяства, перанёс сталіцу княства ва Уладзімір. У час яго праўлення Уладзіміра-Суздальскае княства стала найб. моцным на Русі. Забіты ў сваім замку ў Багалюбаве.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІ́НЫ (Antonini),

дынастыя рымскіх імператараў, якая правіла ў 96—192. Назва ад імя імператара Антаніна Пія. Заснавальнік дынастыі — Нерва [96—98].

Да Антанінаў належалі: Траян [98—117], Адрыян [117—138], Антанін Пій [138—161], Марк Аўрэлій [161—180] і яго суправіцель Луцый Вер [161—169], Камод [180—192]. Часы праўлення Антанінаў лічацца «залатым векам» імперыі. Для іх характэрны спалучэнне манархіі і свабоды, эканам. і культ. развіццё правінцый, буд-ва новых гарадоў, пераможныя войны, раздача рым. грамадзянства і інш.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)