АМБРАЗІЯ́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Republica Ambrosiana),
рэспубліканскае праўленне ў г. Мілан з 14.8.1447 да 27.2.1450 (назва ад св. Амвросія, апекуна Мілана). Створана гар. вярхамі пасля смерці апошняга міланскага герцага з дынастыі Вісконці, ва ўмовах цяжкай вайны з Венецыяй. Палітыка ўрада нобіляў выклікала незадаволенасць нар. мас. У ліп. 1449 у выніку нар. паўстання створаны новы ўрад. Прэтэндэнт на герцагскі прастол Ф.Сфорца заключыў перамір’е з Венецыяй і арганізаваў асаду Мілана. Ва ўмовах галоднай блакады горад здаўся. Сфорца абвясціў сябе герцагам Мілана, і Амбразіянская рэспубліка перастала існаваць.
т. 1, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. cooperatio супрацоўніцтва),
добраахвотнае аб’яднанне людзей для сумеснай працы або гаспадарча-спажывецкай дзейнасці; арганізац.-прававая форма калект. прадпрымальніцтва. Такія аб’яднанні на аснове асабістага прац. ўдзелу, калект. уласнасці або арэнднай маёмасці, самафінансавання і самакіравання, матэрыяльнай зацікаўленасці наз. кааператывамі. Яны ствараюцца і дзейнічаюць у сельскай гаспадарцы, прам-сці і буд-ве, у гандлі і інш. галінах вытв-сці і сац.-культ. жыцця. Вышэйшы орган іх кіравання — агульны сход, які прымае статут, выбірае старшыню (або праўленне), зацвярджае стварэнне і размяркоўвае даход.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ГУЛА (Гай Юлій Цэзар) (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),
старажытнарымскі імператар [37—41]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.
т. 7, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вацлаў Мартынавіч) (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),
рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.
т. 2, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Польшчы, грамадская арг-цыя, якая праводзіць культ.-асв. работу сярод бел. насельніцтва Польшчы. Засн. ў 1956. Гал. праўленне ў Беластоку; з 1957 там вядзе радыёперадачы на бел. мове. Асн. віды дзейнасці — літ., асв., культ., выдавецкая, навук., лектарская. Садзейнічала стварэнню кафедры бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це. Пры БГКТ працуюць літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», 35 калектываў маст. самадзейнасці, клубы, бібліятэкі. Выдае «Беларускі каляндар» (штогод), газ. «Ніва», рэпертуарныя зборнікі. Арганізоўвае культ.-маст. фестывалі, святы, з 1989 — адпачынак моладзі на Беларусі.
В.А.Трыгубовіч.
т. 2, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВА ПРАЛЕТА́РСКАГА СТУДЭ́НЦТВА ў Кіеве.
Існавала ў 1926—30. Старшыня М.Аляшкевіч, сакратар П.Бруква. Ставіла за мэту вывучаць гісторыю, эканам. геаграфію, прам-сць, культуру і мастацтва Беларусі; аказваць матэрыяльную дапамогу сябрам зямляцтва. Складалася з аўтаномных аддзелаў, арганізаваных пры ВНУ Кіева. Існавалі культурніцкая і эканам. секцыі, працавалі гурткі бел. мовы і прыродазнаўства, бел. б-ка. На базе Цэнтр. клуба студэнцтва Кіева ўтвораны бел. клуб. Праводзіліся бел. студэнцкія вечарыны. Праўленне зямляцтва супрацоўнічала з Кіеўскай акр. радай пралетарскага студэнцтва Украіны, з бел. студэнцкімі зямляцтвамі Варонежа, Ленінграда, Масквы.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭ́С-ВУЛКА́Н»,
акцыянернае таварыства, створанае на базе Пінскай запалкавай фабрыкі «Прагрэс-Вулкан», існавала ў 1909—14. Праўленне знаходзілася ў Пінску. Акцыянерны капітал, унесены ўладальнікам ф-кі аўстрыйскім падданым пінскім купцом 1-й гільдыі І.А.Гальперыным і членамі яго сям’і, складаў 300 тыс. руб. У акц. т-ва ўвайшлі таксама лесапільныя з-ды, якія належалі Гальперыну. У 1909 на прадпрыемствах акц. т-ва працавала 680 чал. Ліквідавана напярэдадні 1-й сусв. вайны з-за нізкіх эканам. паказчыкаў. Прадпрыемствы перайшлі ва ўласнасць І.А.Гальперына.
В.М.Сяховіч.
т. 12, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНЦЫПА́Т (ад лац. principatus кіруючая роля, імператарская ўлада),
форма ўлады ў Стараж. Рыме, асобы від манархіі, усталяваны Аўгустам у 27 да н.э. Сістэма П. фармальна захоўвала асновы рэсп. форм кіравання, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках імператара, які быў галоўнакамандуючым усімі рым. арміямі, кіраваў б.ч. правінцый, быў вышэйшым апеляцыйным суддзёй імперыі і практычна галоўным заканадаўцам. Перыяд П., т.зв. Ранняй Імперыі, ахоплівае праўленне дынастый Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192].
Літ.:
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985.
А.Г.Зельскі.
т. 13, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АРЦЕ́ЛЬ,
калектыўная сялянская гаспадарка; добраахвотнае аб’яднанне грамадзян для сумеснай вытв-сці с.-г. прадукцыі. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца на членстве яе ўдзельнікаў, якія абавязаны ўнесці свой паявы ўзнос, прымаць асабісты прац. ўдзел у дзейнасці арцелі і несці субсідыярную адказнасць па яе абавязацельствах. Прававое становішча С.а., правы і абавязкі іх членаў вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб вытв. кааператывах. Устаноўчым дакументам С.а. з’яўляецца статут, зацверджаны агульным сходам яе членаў. Вышэйшым органам кіравання С.а. з’яўляецца агульны сход, выканаўчымі органамі — праўленне і яго старшыня. Гл. таксама Калгас.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІНВАЛІ́ДАЎ (БелТІ),
добраахвотная грамадская арг-цыя (каля 200 тыс. членаў). Засн. ў 1988. Асн. мэты: сац.-прац. рэабілітацыя, абарона правоў і інтарэсаў інвалідаў. Цэнтр. праўленне ў Мінску. У складзе т-ва 1500 пярвічных арг-цый; дзейнічаюць 200 камбінатаў надомнай працы, вытворчых, сумесных і інш. прадпрыемстваў; навуч.-вытв. прадпрыемства «Лёс» у Гомелі, Цэнтр рэабілітацыі дзяцей з дзіцячым цэрэбральным паралічом «Тонус» у Брэсце, Цэнтр творчасці інвалідаў у Мінску. БелТІ — член міжнар. арг-цый інвалідаў, падтрымлівае кантакты з 30 краінамі свету. Выдае газеты «Наша доля» і «Вера», літ.-маст. час. «Акно».
М.І.Каўбаска.
т. 2, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)