ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ШКО́ДНАСЦІ,

фактары працоўнага працэсу і вытворчай сферы, якія аказваюць прамое або ўскоснае неспрыяльнае ўздзеянне на стан здароўя і працаздольнасць чалавека. Могуць выклікаць прафесійныя хваробы. Да П.ш. належаць хім. (таксічныя рэчывы і інш.), фіз. (шум, вібрацыя, ультрагук, іанізаваныя, лазерныя і інш. выпрамяненні, электрамагнітныя палі і інш.), біял. (узбуджальнікі інфекц. захворванняў, гармоны, антыбіётыкі і інш.) фактары; вымушанае нязручнае становішча цела ў час працы, нерв.-псіхічнае, зрокавае, слыхавое напружанне і інш. Падзяляюць на 2 групы: небяспечныя фактары, якія выклікаюць вострае парушэнне здароўя і гібель арганізма і шкодныя фактары, якія аказваюць адмоўны ўплыў на працаздольнасць або выклікаюць прафес. хваробы. Пры ўдасканаленні ўмоў працы П.ш. могуць памяншацца або ліквідавацца. З мэтай прафілактыкі П.ш. праводзяцца перыяд. мед. агляды працуючых.

М.​В.​Шчавелева.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКАПЫ́ТНІК (Petasites),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на пясчаных берагах рэк, заліўных лугах трапляецца белакапытнік несапраўдны (Petasites spurius), па берагах азёраў, каля крыніц у вільготных лясах і на схілах — белакапытнік гібрыдны, або лекавы (Petasites hybridus), які занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя звычайна двухдомныя травяністыя расліны з галінастым паўзучым карэнішчам. Кветаноснае сцябло (паяўляецца ранняй вясною да ўтварэння лісця) прамое, касмата-апушанае. Прыкаранёвае лісце да 1,5 м у дыяметры, трохвугольна- або круглавата-сэрцападобнае, з лопасцямі, на чаранках, сцябловае — рэдукаванае, сядзячае, лускападобнае. Кветкі брудна-пурпуровыя, чырвоныя, фіялетавыя, жаўтаватыя або белыя, у разнаполых кошыках, сабраных у гронкі, коласападобныя суквецці, мяцёлкі або шчыткі. Плод — сямянка з чубком. Лек., меданосныя, вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, дэкар. і інсектыцыдныя расліны.

Белакапытнік гібрыдны.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ПЛІ (Cannabis),

род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.

К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.

Каноплі пасяўныя (верхняя частка расліны); 1 — мужчынскай; 2 — жаночай.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАНО́ГІЯ (Phyllopoda),

атрад шчэлепаногіх ракападобных. 3 падатр.: шчэлепаногія (Anostraca) галінаставусыя (Cladocera), шчытні (Notostraca) і ракавінныя (Conchostraca). Больш за 600 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўнутр. вадаёмах. Найб. прымітыўныя з сучасных ракападобных. Выкапнёвыя вядомы з марскіх (кембрый—дэвон) і кантынентальных (карбон—антрапаген) адкладаў. На Беларусі рэшткі Л. адзначаны ў пародах дэвону—трыясу. Найб. вядомыя — дафніі, шчытні, басміна даўгадзюбая (Bosmina longirostris) і інш.

Даўж. да 30 мм. Большасць з хіцінавай ракавінай, на галаве шчыток. Органы руху — да 7 (зрэдку да 70) пар лістападобных ног (адсюль назва) і другая пара галінастых вусікаў. Вочы фасетачныя. Раздзельнаполыя, размнажэнне часта шляхам партэнагенезу. Развіццё прамое або з метамарфозай. Кормяцца пераважна мікраарганізмамі, дэтрытам. Фільтратары, індыкатары забруджвання вады. Некат, Л. (дафніі, басміны і інш.) — корм для рыб.

В.​В.​Вежнавец, П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 9, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯЦІНО́ГІЯ РАКАПАДО́БНЫЯ (Decapoda),

атрад беспазваночных падкл. вышэйшых ракападобных. 2 падатр. — Natantia (крэветкі) i Reptantia (рачныя ракі, амары, лангусты, крабы, ракі-пустэльнікі). Больш за 8500 відаў. Больш пашыраны ў морах, менш — у прэсных вадаёмах і на сушы. На Беларусі жывуць рачныя ракі; рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 80 см, размах клюшняў да 3 м. Характэрная прыкмета Дз.р. — зліццё сківічных сегментаў галавы з груднымі і пераўтварэнне 3 пярэдніх пар канечнасцей грудзей у нагасківіцы, якія ўдзельнічаюць у перадачы корму да ротавай адтуліны; 5 пар задніх грудных ног хадзільныя (адсюль назва); на некат. часта развіваюцца клюшні. Галава і грудзі ўкрыты зверху галавагрудным шчытом (карапаксам). Вочы сцябліністыя, фасетачныя. Раздзельнаполыя. Самкі (акрамя крэветак) выношваюць яйцы на брушных ножках. Лічынкі рэзка адрозніваюцца ад дарослых; у многіх развіццё прамое. Кормяцца жывёльным і раслінным кормам. Некат. — аб’екты промыслу і развядзення.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),

атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.

Л.​Л.​Нагорская.

Мізіда прэснаводная.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЕ́ННЕ ў біялогіі,

працэс размнажэння клетак, у выніку якога з зыходнай мацярынскай утвараюцца новыя, даччыныя клеткі. Ляжыць у аснове росту тканак і працэсаў палавога размнажэння ў шматклетачных арганізмаў, у аднаклетачных арганізмаў забяспечвае рост іх колькасці. Працэс Дз. звычайна суправаджаецца глыбокімі зменамі ў клетачным ядры. Дзякуючы Дз. забяспечваецца няспыннасць існавання паслядоўных пакаленняў клетак і цэлых арганізмаў. У пракарыётаў (напр., бактэрый), клеткі якіх не маюць марфалагічна адасобленага ядра, Дз. ажыццяўляецца шляхам утварэння папярочнай перагародкі, пачкаваннем або множным Дз. з папярэднім падваеннем (рэплікацыя) генетычнага матэрыялу. У эўкарыётаў, клеткі якіх маюць ядро, адрозніваюць 2 тыпы Дз.: мітоз, уласцівы ўсім саматычным клеткам жывёльных і раслінных арганізмаў, і меёз, характэрны для палавых клетак чалавека і жывёл, а таксама раслін, што размнажаюцца палавым шляхам. У выніку меёзу ўзнікаюць палавыя клеткі з гаплоідным (адзінарным) наборам храмасом. У некаторых выпадках адбываецца прамое Дз. (амітоз) без утварэння храмасом і перабудовы ядра (рэакцыя тканкі на змененыя ўмовы асяроддзя).

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЧАТЫЯ ЧЭ́РВІ (Annelida),

анеліды, кальчацы, тып беспазваночных жывёл. Паходзяць з сярэдняга кембрыю. 4 класы: малашчацінкавыя чэрві (каля 5 тыс. відаў), многашчацінкавыя чэрві (больш за 6 тыс. відаў), п’яўкі (каля 300 відаў) і эхіўрыды. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, прэсных вадаёмах, глебе. На Беларусі найб. пашыраны малашчацінкавыя чэрві і п’яўкі.

Найб. высокаарганізаваныя чэрві з другаснай поласцю цела — цэломам. Даўж. ад доляў міліметра да 3 м. Цела сегментаванае, укрыта тонкай кутыкулай. Колькасць сегментаў — да некалькіх соцень. На баках кожнага сегмента органы руху — параподыі. Дыханне праз кутыкулу, у некат. ёсць шчэлепы. Маюць стрававальную, выдзяляльную, нерв. сістэмы, большасць — прымітыўную крывяносную сістэму (сэрца няма), органы смаку, нюху. Органы слыху пабудаваны па тыпу лакатараў. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Развіццё прамое або з ператварэннем (лічынка трахафора). Гл. таксама Дажджавыя чэрві.

Кольчатыя чэрві: 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны, 3 — стылярыя азёрная, 4 — медыцынская п’яўка (а — выгляд зверху, б — выгляд знізу).

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ,

структура кіравання, якая мае на мэце прамое ўздзеянне на працэс кіравання з боку лінейнага кіраўніка (дырэктара, начальніка, майстра, брыгадзіра). Кіраўнік засяроджвае ў адных руках усе функцыі кіравання. Пры такой структуры кожнае падраздзяленне (або асобны выканаўца падпарадкоўваецца аднаму вышэйстаячаму органу кіравання ці кіраўніку, які самастойна выконвае ўсе кіраўніцкія функцыі. Станоўчым у Л.к. з’яўляецца тое, што яно выключае двайное падпарадкаванне, мае дакладныя і простыя ўзаемаадносіны, вызначаецца аператыўнасцю распрацоўкі і рэалізацыі кіраўніцкіх рашэнняў, павышае адказнасць кіраўніка за вынікі работы; адмоўнае — значны аб’ём інфармацыі, што перадаецца на розных узроўнях, высокія патрабаванні да кваліфікацыі кіраўнікоў і іх кампетэнцыі ва ўсіх пытаннях работы падначаленых звёнаў, абмежаванне ці зніжэнне ініцыятывы работнікаў ніжэйшых узроўняў кіравання. Л.к. больш прыдатнае пры невял. аб’ёмах работ, дзе задача па кіраванні менш складаная. Усё большыя аб’ёмы і складанасці вытв-сці прадвызначылі далейшае раздзяленне функцый кіравання і выклікалі неабходнасць выкарыстання функцыянальнага кіравання.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАВА́ННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення нітрагрупы — NO2 у малекулу арган. злучэння. Ажыццяўляюць з дапамогай нітравальных агентаў: азотная к-та HNO3, сумесь HNO3 з сернай к-той (нітравальная сумесь), аксіды азоту (N2O4, N2O5) і інш. Рэакцыя Н. вядома ў арган. хіміі з 1834, калі ням. хімік Э.​Мічэрліх сінтэзаваў нітрабензол уздзеяннем канцэнтраванай HNO3 на бензол. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе для атрымання нітразлучэнняў.

Адбываецца. ў выніку замяшчэння атамаў вадароду (прамое Н.) ці функцыян. груп (замяшчальнае Н.) або далучэння NO2-групы па кратнай сувязі. Для алканаў і алкенаў характэрны радыкальны механізм Н. (крыніцай радыкалаў NO2 з’яўляюцца HNO3 і аксіды азоту), для арэнаў (араматычных вуглевадародаў), гетэрацыклічных злучэнняў, амінаў, спіртоў — іонны з удзелам катыёнаў нітронію NO​+2 (электрафільнае Н.). Пры электрафільным Н. ў якасці нітравальных агентаў выкарыстоўваюць канцэнтраваную HNO3, нітравальную сумесь, нітраты, солі нітронію NO​+2X​− (дзе X​− = BF​−4, ClO​−4 і інш.).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)