ПАВЕ́РАНЫ У́ СПРА́ВАХ,
кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва малодшага ў пратакольных адносінах узроўню (місіі); малодшы клас кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва (адпаведна пасля пасла і пасланніка). Вызначаецца ў пагадненнях дзяржаў, што абменьваюцца дыпламат. прадстаўніцтвамі, шляхам выбару сярод класаў кіраўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў, якія прызнаны міжнар. звычаем і пацверджаны Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961. П.ў с. акрэдытуецца пры кіраўніку ведамства замежных спраў (у адрозненне ад пасла і пасланніка, якія акрэдытуюцца пры кіраўніку дзяржавы). Адрозніваецца ад часовага паверанага ў справах, які выконвае абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва на час яго адсутнасці.
т. 11, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т САМАПО́МАЧЫ,
гл. ў арт. Беларускае прадстаўніцтва.
т. 2, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭ́СЫ (ісп. cortes ад corte каралеўскі двор),
1) саслоўна-прадстаўнічыя сходы ў Іспаніі і Партугаліі ў сярэднія вякі. Назва «К.» ўпершыню сустракаецца ў Кастыліі ў 1137. Развіліся з прадстаўніцтва дваранства і духавенства пры каралю. Пазней права прадстаўніцтва атрымалі гарады (у Леоне з 1188, Каталоніі з 1218, Кастыліі з 1250, Партугаліі з 1254, Арагоне з 1274, Навары з 1300). Вял. ролю адыгрывалі ў 13—14 ст., садзейнічалі росту ўплыву гарадоў і абмежаванню самавольства феадалаў. З усталяваннем абсалютызму страцілі сваё значэнне.
2) У Партугаліі да 1911, у Іспаніі сучасная назва парламента.
т. 8, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСО́НА ГРА́ТА (лац. persona grata пажаданая асоба) у дыпламатычнай практыцы, асоба, на прызначэнне якой кіраўніком дыпламат. прадстаўніцтва дададзена згода ўрада той дзяржавы, куды яна накіроўваецца. П.г. лічыцца дыпламат. работнік, які атрымаў дазвол на ўезд у краіну свайго знаходжання (уязная віза). Гл. таксама Агрэман, Акрэдытаванне.
т. 12, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭМА́Н (франц. agrement),
папярэдняя згода ўрада адной краіны на прызначэнне пэўнай асобы ў якасці кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва другой краіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961 без агрэману такое прызначэнне не можа адбыцца. Пасля атрымання агрэману асоба становіцца персонай грата. Прычыны адмовы ў агрэману тлумачыць не абавязкова.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМА́Т (франц. diplomate),
службовая асоба ўстановы органаў знешніх зносін дзяржавы або дыпламатычнага прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой. У адпаведнасці са сваім статусам прымае непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні функцый у галіне афіц. кантактаў з замежнымі дзяржавамі, мае дыпламатычны ранг або клас дыпламатычны і, як правіла, карыстаецца дыпламат. імунітэтам.
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́Л,
кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва найб. высокага ў пратакольных адносінах узроўню; у большасці краін — вышэйшы дыпламат. ранг. Вызначаецца ў пагадненні дзяржавамі, што абменьваюцца дыпламат. прадстаўніцтвамі, шляхам выбару класа кіраўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў, прызнаных міжнар. звычаем і пацверджаных Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961. П. акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы.
т. 12, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НДЭСРАТ (ням. Bundesrat),
1) верхняя палата парламента ў Германскай імперыі ў 1871—1918.
2) Орган прадстаўніцтва зямель у ФРГ. Створаны ў 1949, складаецца з 68 чл., выконвае заканад. функцыю.
3) Адна з дзвюх палат парламента ў Аўстрыі. Складаецца з 63 чл., якіх прызначаюць ландтагі — парламенты зямель.
4) Назва ўрада ў Швейцарыі.
т. 3, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАШЭ́ (франц. attache літар. прымацаваны),
1) дыпламатычны ранг, які прысвойваецца супрацоўнікам міністэрстваў замежных спраў.
2) Штатная пасада ў пасольствах і місіях. У міжнар. дыпламат. практыцы існуюць спец. аташэ: гандлёвы, фін., ваенны, па пытаннях культуры, друку (прэс-аташэ) і інш. Усе аташэ ўключаюцца ў склад дыпламат. прадстаўніцтва і карыстаюцца дыпламат. прывілеямі.
т. 2, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́НЦТВА,
1) арганізацыя, якая за абумоўленую плату выконвае пэўныя даручэнні фіз. або юрыд. асоб (давернікаў). Аб’ём, парадак і ўмовы агенцкага абслугоўвання фіксуюцца ў дагаворы паміж агенцтвам і давернікам, ад імя, за кошт і ў інтарэсах якога агенцтва дзейнічае.
2) Прадстаўніцтва, аддзяленне якой-н. установы ці прадпрыемства, напр. тэлегр. агенцтва, трансп. агенцтва, Агенцтва друку, агенцтва літаратурнае.
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)