АНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. on (ontos) існае + ...логія)],

раздзел філасофіі, вучэнне аб быцці. Даследуе сутнасць быцця, яго універсальныя, усеагульныя асновы, заканамернасці і структуры. Тэрмін уведзены ням. філосафам Р.​Гакленіусам (1613) у значэнні «космас», «прырода», «прадметны свет» (у адрозненне ад гнасеалогіі — вучэння аб пазнанні). Пазней сталі выкарыстоўваць і ў дачыненні да чалавека і яго свядомасці, вызначэнні анталагічнага зместу паняццяў, што набылі формы пазнання. На розных этапах развіцця філасофіі бытавала думка, што свет, які ўспрымаецца пачуццём, несапраўдны і трэба шукаць пастаянны свет існага быцця, які можна спасцігнуць толькі розумам. Быццё як саматоесную існасць Парменід уяўляў нязменным, адзіным і супрацьпастаўляў яго пачуццёваму, множнаму, рухомаму. Арыстоцель уключаў у анталогію станаўленне, рух, якія ён звязваў з пераходам магчымасці ў рэальнасць. Філосафы сярэднявечча вырашалі праблемы ўзроўняў быцця (актуальны, патэнцыяльны, субстанцыяльны і інш.). Матэрыялістычная анталогія новай філасофіі разглядае асвоеную чалавекам з дапамогай навукі і тэхнікі прыроду, матэрыяльна-прадметную рэальнасць па-за чалавекам. Паварот ад прыродна-натуралістычнай да суб’ектыўна-гнасеалагічнай трактоўкі быцця з улікам вопыту суб’екта зроблены ў філасофіі Р.​Дэкарта, І.​Канта, І.​Фіхтэ, Г.​Гегеля і інш. Паводле К.​Маркса, адзінства прыроднага і чалавечага быцця дасягаецца ў працэсе сац. дзеяння, якое ахоплівае і матэрыяльную, і духоўную вытв-сць. М.​Хайдэгер, спалучаючы сэнс быцця з быццём чалавека, асаблівае значэнне ў анталогіі надаваў часу, мове (як «дому быцця»), культуры. Сучасны стан анталогіі абумоўлены гіст. этапам развіцця грамадства з уласцівай яму на гэтым узроўні спецыфікай узаемасувязі быцця і свядомасці супярэчнасцямі паміж імі. Адна з гэтых супярэчнасцяў у тым, што прыроданавук. і сацыялагічным мадэлям не заўсёды можна знайсці адпаведнасці ў прыродзе і грамадстве. Другая супярэчнасць звязана з працэсамі інтэграцыі грамадскага быцця ў агульначалавечае з узвышэннем да яго ўзроўню нац., рэгіянальных інтарэсаў, ідэй і культуры. Гэта абвастрае праблематыку анталогіі, але павышае яе актуальнасць, асабліва ролю ўсеагульнасці, навук. спасціжэнне якой дазваляе чалавеку (яго свядомасці) правільна арыентавацца ў розных абставінах.

Літ.:

Лосев А.Ф. Философия. Мифология. Культура. М., 1991;

Хайдеггер М. Время в бытие: Статьи и выступления. Пер. с нем. М., 1993;

Широканов Д.И. Основные этапы становления единства и развития как логических принципов // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988;

Петрущик А.И. Перспективы единства мышления и бытия в современном мире // Научно-технический прогресс: взаимодействие факторов и тенденции развития. Мн., 1989;

Алексеева Е.А. Разум и онтология сознания // Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

А.​І.​Пятрушчык, Д.​І.​Шыраканаў.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),

чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.​Бэкана, Х.​Л.​Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.

Літ.:

Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;

Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;

Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.

В.​С.​Балбас.

Я.А.Каменскі.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА (ад грэч. logos слова, паняцце, розум),

сукупнасць навук, якія вывучаюць законы і правілы мыслення, спосабы развіцця і спасціжэння ведаў. Паводле Арыстоцеля, навука пра формы правільнага мыслення. І.​Кант называў такую навуку фармальнай Л. У сучасным уяўленні фармальная Л. — навука аб законах высноўных ведаў, якія атрыманы з раней устаноўленых і правераных ісцін без звароту ў кожным канкрэтным выпадку да вопыту, а толькі ў выніку прыцягнення законаў і правіл мыслення; яе прадмет — даследаванне разважанняў (вывадаў і доказаў) з пункту погляду іх лагічнай формы (структуры) незалежна ад канкрэтнага зместу суджэнняў, што ў яго ўваходзяць. Пры аналізе лагічных працэсаў усе «асобныя» Л. карыстаюцца мовай сімвалаў і формул, якая будуецца ў адпаведнасці з агульнымі для ўсіх сістэм прынцыпамі Л.

У гіст. развіцці Л. прайшла некалькі этапаў. Фрагменты лагічных даследаванняў вядомы ў стараж.-інд. і стараж.-кіт. філасофіі. У стараж. Грэцыі Л. зарадзілася ў ранняй філасофіі і развівалася пад уплывам аратарскага мастацтва. Традыцыйная арыстоцелеўская Л. стала першай ступенню Л. высноўных ведаў, якая вывучае агульначалавечыя формы думак (паняцці і суджэнні), формы сувязі думак у разважанні (высновы), зафіксаваныя ў фармальна-лагічных законах (тоеснасці закон, супярэчнасці закон, выключанага трэцяга прынцып). Арыстоцель першы ўжыў метады фармальнага аналізу мыслення на аснове прынцыпу яго несупярэчлівасці, сфармуляваў правілы злічэння выказванняў, усебакова даследаваў адну з пашыраных форм розумазаключэнняў — сілагізм, стварыў закончаную тэорыю сілагістыкі, увёў знакавую сістэму лагічных пераменных. Прадстаўнікі мегарскай шкалы аналізавалі ўмоўныя і раздзяляльныя розумазаключэнні, увялі паняцце імплікацыі, вызначылі ідэю тэарэмы аб дэдукцыі і інш. Іх лагічныя ідэі развіты ў школе стоікаў. У раннім сярэдневякоўі Л. як самаст. навука развівалася ў краінах арабскай культуры, дзе філасофія заставалася адносна незалежнай ад рэлігіі. У Еўропе складвалася ў асн. схаластычная Л. як царк.-школьная дысцыпліна, якая прыстасавала элементы перыпатэтычнай Л. для абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. У 12—13 ст., калі творы Арыстоцеля былі кананізаваны царк. артадоксіяй, узнікла сярэдневяковая («несхаластычная») Л., асновы якой закладзены «Дыялектыкай» П.​Абеляра. У творах У.​Шэрвуда, Дунса Скота, Пятра Іспанскага, У.​Окама, Ж.​Бурыдана атрымалі развіццё палажэнні аб сферы дзеяння лагічных аперацый, адрозненні паміж формай і зместам, абгрунтаваны многія вядомыя цяпер законы Л. выказванняў, тэорыя дэдукцыі і інш. У эпоху Адраджэння Л. разглядалі як аснову «штучнага» мыслення і супрацьпастаўлялі ёй Л. «натуральнага мыслення», пад якой звычайна разумелі інтуіцыю і ўяўленне. У новы час патрэбы прыродазнаўства і тэхнікі выклікалі крытыку арыстоцелеўскай (у схаластычным тлумачэнні) Л., паслужылі стымулам у распрацоўцы індукцыйнай логікі, вучэння аб метадзе, праблем метадалогіі новай (эксперыментальнай) навукі аб прыродзе (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт). І.​Кант лічыў больш важнай за звычайную, традыц. Л., трансцэндэнтальную Л., якая даследуе ў формах мыслення тое, што забяспечвае ведам апрыёрны (давопытны) характар. Г.​Гегель на ідэаліст., а К.​Маркс і Ф.​Энгельс на матэрыяліст. аснове стварылі вучэнне аб агульных законах і формах мыслення — логіку дыялектычную.

На Беларусі Л. з 17 ст. развівалася ў рэчышчы агульнанавук. даследаванняў законаў і аперацый лагічнага мыслення, распрацоўкі методыкі яе выкладання як вучэбнай дысцыпліны. Б.Дабшэвіч, аўтар некалькіх кніг па Л., лічыў яе першай з навук, здольных умацаваць сувязі паміж матэматыкай, прыродазнаўствам і філасофіяй дзеля пошуку ісціны; фундаментальнымі прынцыпамі Л. ён лічыў прынцыпы дастатковай падставы і адмаўлення. Прадстаўнік схаластычнай філасофіі М.​Карскі разглядаў Л. як мову навукі. Паводле К.Нарбута, Л. — гэта навука, якая вучыць, як спасцігаць і спазнаваць ісціну, або мастацтва правільна мысліць. Я.Снядэцкі даследаваў лагічна-фармальныя заканамернасці мовы, сэнсу і ролі знакаў і сімвалаў у пазнанні і выкарыстанні мовы. А.Доўгірд пры распрацоўцы праблем сенсуалістычнай псіхалогіі, індукцыйных і разумовых здольнасцей чалавека і звязаных з імі суджэнняў, гіпотэз увёў паняцце «натуральнага сілагізму». Уклад у тэарэт. развіццё і методыку выкладання Л. зрабілі Б.Будны, С.Майман, Сімяон Полацкі, С.Шадурскі, В.Тылкоўскі і інш.

З 2-й пал. 19 ст. пачаўся якасна новы этап развіцця Л., звязаны з актуальнымі задачамі абгрунтавання і даследавання лагічных асноў матэматыкі, выкарыстаннем матэм. метадаў пры вырашэнні лагічных праблем. Г.​Лейбніц лічыў магчымым стварыць своеасаблівы «алфавіт чалавечых думак» шляхам вылучэння зыходных паняццяў і суджэнняў. Ён заклаў асновы матэматычнай логікі (2-я ступень фармальнай Л.), тэорыі тоеснасці і гіпатэтыка-дэдукцыйнага метаду, сфармуляваў дастатковай падставы прынцып. Дж.​Міль распрацаваў тэорыю індукцыйных розумазаключэнняў, метады даследавання прычыннай сувязі (гл. Прычыннасць). На аснове лагічнай спадчыны Лейбніца сфарміравалася сучасная алгебра логікі і логіка класаў (Дж.​Буль, У.​Джэванс, Ф.​Морган, Ч.​Пірс, Э.​Шродэр, П.​С.​Парэцкі, Дж.​Пеана, Б.​Расел, А.​Уайтхед). Г.​Фрэге распрацаваў прынцыпы аксіяматычнай пабудовы злічэнняў, выказванняў і прэдыкатаў, паказаў адрозненне паміж лагічнымі законамі і правіламі лагічных вывадаў, мовы і метамовы, паклаў пачатак семантыкі лагічнай. У 1920—30-я г. створана мнагазначная Л. (Я.​Лукасевіч, Э.​Пост), праведзены новыя даследаванні суадносін паміж мадальнай і інтуіцыянісцкай Л. (К.​Льюіс, В.​Гліванг, А.​Гейтынг). Гал. даследаванні пераносяцца ў метадалогію лагічных доказаў, удасканалення правіл і спосабаў пабудовы злічэнняў і вывучэння іх асн. уласцівасцей — незалежнасць пастулатаў, несупярэчлівасць і паўната (В.​Акерман, К.​Гёдэль, Ж.​Эрбран, Д.​Гільберт). З’явіліся класічныя працы па лагічнай семантыцы і тэорыі мадэлей (А.​Тарскі, Л.​Лёвенгайм, Т.​Сколен, Гёдэль, А.​І.​Мальцаў), закладзены асновы вывучэння «машыннага мыслення» — тэорыі алгарытмаў (Гёдэль, С.​Кліні, А.​Чорч, А.​А.​Маркаў, А.​М.​Калмагораў і інш.). Метады лагічных аперацый і злічэнняў сталі шырока выкарыстоўвацца ў вылічальнай тэхніцы, кібернетыцы (алгебраічная тэорыя рэлейна-кантактных схем, тэорыя канечных аўтаматаў і інш.), у тэарэт. фізіцы (квантавая Л.), інфарматыцы (праграмаванне і даследаванні па штучным інтэлекце), у галіне гуманітарных ведаў (лінгвістыка, юрыспрудэнцыя і інш). Прыкладны аспект лагічнага аналізу з яго шматлікімі праблемамі спрыяў узнікненню такіх кірункаў даследаванняў, як логіка адносін, логіка навукі, Л. быцця, Л. змянення, Л. часткі і цэлага, лагічныя тэорыі ведаў, пераканання, уяўлення і інш. Гл. таксама Лагістыка, Лагіцызм, Логіка выказванняў, Логіка прэдыкатаў.

Літ.:

Маковельский А.О. История логики. М., 1967;

Кант И. Трактаты и письма: Пер. с нем. М., 1980;

Клаус Г. Введение в формальную логику: Пер. с нем. М., 1960;

Аристотель. Первая аналитика. Вторая аналитика // Соч. М., 1978. Т. 2;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить...: Пер. с фр. М., 1991;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995;

Leibniz G.W. Fragmente zur Logik. Berlin, 1960.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦКЕ́ВІЧ (Антон Іванавіч) (29.1.1884, г. Шаўляй, Літва — 1946?),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. 3 шляхецкага роду герба «Навіна». Брат І.І.Луцкевіча. Скончыў Мінскую гімназію (1902). Вучыўся на фіз.-матэм. ф-це Пецярбургскага, юрыд. ф-це Дэрпцкага (цяпер Тартускі) ун-таў. У 1903 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады (БРГ, гл. Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ) і аўтараў яе праграмы. У 1904 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны ў Мінску, выпушчаны з умовай не пакідаць горад. На II з’ездзе БСГ (1905, Мінск) выбраны членам яе ЦК. Удзельнік рэв. 1905—07. У лют. 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у наладжванні выпуску газет «Наша доля» і «Наша ніва», уваходзіў у склад іх рэдакцый. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Наша ніва», з 1913 з Бел. выдавецкім т-вам. З 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б.​Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік. Пасля акупацыі ў 1915 Вільні і ч. Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў і аўтараў газ. «Гоман». У 1915 з братам, Цёткаю (А.​Пашкевіч) і інш. марксістамі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Пасля Лют. рэв. 1917 выказаўся за ўключэнне ў склад будучай літ.-бел. дзяржавы ўсіх бел. зямель, за наданне дзярж. статуса ўсім мясц. мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 выбраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР). 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У вер. 1918 прызначаны Радай БНР Старшынёй Нар. сакратарыята і нар. сакратаром замежных спраў (з кастр. 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У вер. — пач. кастр. 1918 узначальваў бел. надзвычайную дэлегацыю на Украіну, якая сустракалася з гетманам П.​П.​Скарападскім. 3.12.1918 Рада і ўрад БНР на чале з Л. пераехалі ў Вільню, 27 снеж. — у Гродна. 14.12.1918, 2 і 3.1.1919 Л. накіраваў ноты пратэсту польск. ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сак. 1919 перад пагрозай польск. акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны Л. і інш. члены ўрада БНР выехалі ў Берлін. Дамагаючыся, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, Л. склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы І.​Падарэўскага выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пач. верасня 1919 быў інтэрніраваны. 1.12.1919 вярнуўся ў Мінск. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Л. прызначаны Старшынёй Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28.2.1920 падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. У ліп.—жн. 1920 Л. зняволены ў бальшавіцкай турме. 3 пач. 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У ліп. 1921 заснаваў Бел. школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) у 1921 адкрыты Беларускі музей імя І.​Луцкевіча. Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады працаваў у яе рэдакцыйным к-це. У кастр. 1927 арыштаваны польск. ўладамі, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з герм. і сав. разведкамі, у пач. 1928 апраўданы судом. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэв. метады змагання з рэжымам Ю.​Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Крытыкаваў нац. і агр. палітыку СССР, якую сав. кіраўніцтва пачало ў 1929, у арт. «Цень Азефа» (1930) адмоўна характарызаваў І.​В.​Сталіна і яго акружэнне. У 1930 польск. ўлады забаранілі дзейнасць Бел. выдавецкага т-ва, якім кіраваў Л., у 1931 яго звольнілі з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Асоба Л. стала аб’ектам паліт. спекуляцый і нападаў. У 1933—39 бел. радыкальныя газеты перасталі друкаваць яго творы. Л. выступаў пераважна ў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), час. «Калоссе», «Гадавіку» Бел. навуковага т-ва. Ён адышоў ад паліт. дзейнасці, працаваў у БНТ і Бел. музеі, выступаў з лекцыямі. Пасля вызвалення Зах. Беларусі Чырв. Арміяй 30.9.1939 арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення. Паводле афіц. версіі, памёр у Сяміпалацінскай вобл. (Казахстан) у 1946. Рэабілітаваны ў 1989.

Друкаваўся з 1906 (газ. «Наша доля»). Стаў вядучым бел. публіцыстам (асн. літ. псеўданімы Іван Мялешка, Антон Навіна і інш.). У працах пач. 20 ст. крытыкаваў агр. і нац. палітыку царызму, выступаў за сац. і нац. вызваленне бел. народа. Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1917 выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 з Я.​Станкевічам — «Беларускі правапіс». Аўтар брашур «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ, перавыдадзена ў 1991). Даследаваў Статут ВКЛ 1529, гісторыю нарадавольскага руху, вывучаў мову скарынаўскіх выданняў. Аўтар зб-каў літ.-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі бел. культуры, мастацтва і л-ры; у т. л. «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры» (1926). Прысвяціў артыкулы жыццю і творчасці М.​Багдановіча, А.​Бурбіса, М.​Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, К.​Сваяка і інш. На бел. мову пераклаў працу М.​В.​Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» А.​Кісялёва, падручнік В.​Остэрлёфа і Я.​Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (абодва 1921), адзін з перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).

Тв.:

Белорусы. СПб., 1909;

Янка Купала як прарок Адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932;

Дзённік // Полымя. 1991. № 4—5.

Літ.:

Бяляцкі А.У. іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;

Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;

Біч М. Ідэолаг і практык нацыянальнага Адраджэння // Крыніца. 1999. № 4/5;

Казбярук У. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, або Свае і чужыя пра Антона Луцкевіча // Там жа;

Сідарэвіч А. З жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18,25 студз., 1 лют.;

Яго ж. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990. № 7;

Яго ж. Луцкевічы і Луцэвіч // Крыніца. 1999. № 4/5;

Яго ж. Самавызначэнне беларускай сацыял-дэмакратыі;

Антон Луцкевіч. Мн., 1999;

Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў. Мн., 1994. Вып. 4.

А.​М.​Сідарэвіч.

А.І.Луцкевіч.

т. 9, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)