АГРАНУЛАЦЫТО́З,

алейкія, рэзкае памяншэнне колькасці або амаль поўнае знікненне з крыві гранулацытаў. Агранулацытоз можа быць сімптомам прамянёвай хваробы, лейкозу, малярыі, брушнога тыфу, віруснага гепатыту, грыпу і інш., а таксама самаст. хваробай (востры агранулацытоз), агранулацытоз міэлатаксічны ўзнікае пры парушэнні ўтварэння гранулацытаў у касцявым мозгу, агранулацытоз імунны назіраецца пры разбурэнні гранулацытаў крыві. Можа сведчыць пра парушэнне функцыі крывятворнай, імуннай і інш. сістэм арганізма.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. amplificatio пашырэнне),

стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.​Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ КАРТАГРАФІ́ЧНАЯ,

працэсы адбору і абагульнення зместу пры складанні геагр. карт. Мае на мэце захаваць і выдзеліць на карце асноўныя тыповыя рысы і характэрныя асаблівасці з’яў, якія адлюстроўваюцца. Кірункі і ступень генералізацыі картаграфічнай залежаць ад прызначэння карты, яе тэматыкі, магчымасцей маштабу, геагр. асаблівасцей мясцовасці, сродкаў картаграфічнага выканання і крыніц, па якіх складаюцца карты. Напр., поўнае ўяўленне аб горных сістэмах Каўказа можна атрымаць на дробнамаштабнай, моцна генералізаванай карце.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́СТРЫГ,

пастрыжэнне, хрысціянскі абрад прыняцця манаства. Суправаджаецца падстрыганнем святаром (у манастыры ігуменам) валасоў на галаве паслушніка ў знак пасвячэння яго Хрысту, ператварэння ў раба Божага. Сімвалізуе поўнае падначаленне чалавека царкве, манастырскаму статуту.

Пасля П. пасвячонаму даецца новае імя ў знак канчатковага адрачэння ад свецкага жыцця, ён апранаецца ў манаскае адзенне. У царк. жыцці П. мае мэтай падкрэсліць адрозненне асоб, якія добраахвотна далі зарок служэння Богу.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРС (ад лац. cursus ход, цячэнне),

1) напрамак руху, шлях карабля, самалёта і інш. 2) Кірунак палітыкі, дзейнасці. Напр., К. на разрадку міжнар. напружанасці.

3) Поўнае выкладанне якой-н. навукі або яе часткі. Напр., К. механікі, К. фізікі.

4) Навучальны год у спец. сярэдніх і вышэйшых навучальных установах.

5) Закончаны цыкл лячэбных працэдур. Напр., К. лячэння.

6) Цана, па якой купляюць і прадаюць на біржах каштоўныя паперы (акцыі, аблігацыі ці інш.).

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Іпаліт Фёдаравіч) (3.1.1744, мяст. Перавалочная Палтаўскай вобл., Украіна — 18.1.1803),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1761). Рэд. газ. «Санкт-Петербургские ведомости» (1775—82) і інш. Аўтар зб. вершаў «Ліра» (1773), паэмы «Асаблівае шчасце» (1765), зб. «Рускія прыказкі» (1785), лірычнай камедыі «Радасць Душачкі» (1786), драмы «Славяне» (1788) і інш. Лепшы твор — паэма «Душачка» (1773, поўнае выд. 1783) — вольны пераклад рамана Ж.​Лафантэна «Каханне Псіхеі і Купідона». Перакладаў Вальтэра, Ж.​Ж.​Русо, Д.​Дзідро і інш.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ДЖЫЧ (Вук Стэфанавіч) (26.10.1787, с. Тржыч, Сербія — 26.1.1864),

сербскі філолаг, фалькларыст, заснавальнік новай сербскай літ. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1851). Распрацаваў новы правапіс, заснаваны на фанет. прынцыпе, удасканаліў графіку. Аўтар «Сербскага слоўніка» (1818) — найб. поўнага збору нар. лексікі. Сабраў і апублікаваў каштоўныя гіст. і этнагр. матэрыялы, творы серб. вуснай нар. творчасці («Сербскія народныя казкі», 1821), выдаў зборнік нар. песень (1814—15, поўнае выд., т. 1—9, 1891—1902), склаў граматыку сербскай мовы (1814).

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РВІШ, дарвіш (перс. літар. бядняк, жабрак),

член мусульм. містычнага брацтва, суфій (гл. Суфізм). Сяліліся ў суфіцкіх манастырах як вандроўныя аскеты (факіры), жылі з міласціны. Брацтвы Д., заснаваныя на вучэнні суфізму, узніклі ў 11—13 ст., асабліва пашыраны ў Іране і Сярэдняй Азіі. Гал. прынцыпы Д. — беднасць, аскетызм і поўнае прысвячэнне Богу, гал. мэта — містычнае ўз’яднанне з Богам, якога імкнуліся дасягнуць шляхам рытуальнай малітвы, у некаторых брацтвах спалучанай з экстатычным танцам або акампанементам муз. інструментаў.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЖУА́ ((Denjoy) Арно) (5.1.1884, г. Ош, Францыя —27.1.1974),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1942; з 1962 прэзідэнт). Замежны чл. АН СССР (1971). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1902). Працаваў у розных ун-тах Еўропы. З 1955 ганаровы праф. Парыжскага ф-та навук. Навук. працы па тэорыі функцый, дыферэнцыяльных ураўненнях, тэорыі меры. Даў поўнае рашэнне класічнай задачы пра прымітыўную функцыю, для якога ўвёў новае паняцце інтэграла (інтэграл Д.). Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1971).

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАСАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,

падпарадкавальная сувязь, пры якой форма залежнага слова (кампанента) прыпадабняецца да формы галоўнага ў родзе, ліку і склоне. Грамат. паказчык Д. — канчатак; характэрная асаблівасць — змяненне формы асн. кампанента патрабуе адпаведных змяненняў у форме дапасаванага (напр., рыжы ліс, рыжага ліса і г.д). Адрозніваюць поўнае Д. (залежны кампанент цалкам дубліруе форму галоўнага і не мае самаст. грамат. значэння) і няпоўнае Д. (ахоплівае толькі асобныя формы галоўнага, напр., на станцыі «Маскоўская», з прафесарам Пятровай).

Т.​Р.​Рамза.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)