АНТАРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС,
самы паўднёвы геагр. пояс Зямлі. Уключае Антарктыду з прылеглымі астравамі і воды акіянаў, якія яе абмываюць. Займае 5% плошчы зямнога шара (амаль палавіна прыпадае на антарктычных пустыняў зону). Мяжу антарктычнага пояса звычайна праводзяць па ізатэрме 5 °C, самага цёплага месяца (студз. ці лютага). Характарызуецца адмоўнымі ці нізкімі дадатнымі значэннямі радыяцыйнага балансу, панаваннем антарктычных паветраных масаў, антарктычным кліматам, доўгай палярнай ноччу, халоднымі паверхневымі водамі, перавагай на сушы ландшафтаў зоны арктычных пустыняў, значнай ледавітасцю акіяна. Гл. Антарктыка.
т. 1, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
геасінкліналь, выцягнутая рухомая зона зямной кары, якая ўзнікае на мяжы акіянскіх і кантынентальных літасферных пліт ці ў выніку рыфтагенезу і расшчаплення кантынентальных пліт. Даўж. дасягае дзесяткаў тысяч, шырыня — соцень (радзей тысяч) кіламетраў. Характарызуецца лінейным размеркаваннем фацый асадкаў і праяўлення магматызму, актыўнымі працэсамі складкаўтварэння, асобым тыпам мінералізацыі з утварэннем радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная складкавасць і магматызм прыводзяць да метамарфізму горных парод. Поўны цыкл развіцця геасінклінальнага пояса звычайна адбываецца на працягу аднаго этапа тэктагенезу. На першых стадыях развіцця пераважае апусканне ўсяго пояса і назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых і вулканічных парод. Потым узмацняецца інтрузіўная дзейнасць, што месцамі прыводзіць да складкаўтварэння. На заключных стадыях адбываюцца актыўныя тэктанічныя дэфармацыі, укараненне значных інтрузій кіслай магмы і гранітызацыя. Геасінклінальны пояс пераўтвараецца ў складкава-насоўныя горы, падзеленыя міжгорнымі і акаймаваныя перадгорнымі прагінамі. Геасінклінальныя паясы складаюцца з геасінклінальных абласцей, куды ўваходзяць асобныя геасінклінальныя сістэмы. Прыклад старажытнага геасінклінальнага пояса — Урала-Мангольскі, герцынскага этапу тэктагенезу; сучаснага — Ціхаакіянская ўскраіна Азіі з астраўнымі дугамі і ўнутр. морамі альпійскага этапу (гл. Ціхаакіянская геасінклінальная вобласць).
М.А.Нагорны.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЗЯНО́СНЫ ПО́ЯС Ц э н тральнай Афрыкі, паласа пластавых радовішчаў медных руд на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга; адна з буйнейшых медзяносных правінцый у свеце. Працягласць каля 450 км. Шыр. да 75 км. Адкрыты ў канцы 19 — пач. 20 ст. Асвойваецца з 1920-х г. Запасы медзі 145 млн. т (сярэдняя колькасць металу у рудзе 2,4—3,7%. У межах правінцыі больш за 150 радовішчаў.
т. 10, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
самы верхні прыродны вышынны пояс гор і палярных абласцей, размешчаны вышэй снегавой лініі. Найб. вышыні ніжняй мяжы пояса ў пустынных гарах Цэнтр. Азіі і ў Андах (больш за 6500 м); у Антарктыдзе і Грэнландыі нярэдка апускаецца да ўзроўню мора. Для Н.п. характэрны ледавікі і снежнікі, ледавіковыя формы рэльефу (кары, трогі, свежыя марэны і інш.), скалы і восыпы, нівальны клімат. Вял. намнажэнні снегу пры шматгадовым захаванні паступова пераходзяць у фірн і глетчарны лёд. Інтэнсіўнасць раставання і выпарэння залежаць ад сонечнай радыяцыі і экспазіцыі схілу. На стромкіх схілах снег і лёд перыядычна сыходзяць уніз у выглядзе снежных лавін і ледавікоў. На паўд. схілах, дзе хутка ідзе раставанне снегу, агаляюцца горныя пароды і інтэнсіўна развіваюцца працэсы фізічнага (у асн. марознага) выветрывання. Ідзе разбурэнне парод з утварэннем грубых абломкаў, якія намнажаюцца ў больш нізкіх месцах. Раслінны і жывёльны свет Н.п. бедны. Сярод раслін пераважаюць лішайнікі, што пакрываюць паверхню скал і валуноў, разбураюць іх і ўтвараюць прымітыўныя глебы. У ніжнія гарызонты пояса могуць пранікаць нізкарослыя экземпляры раслін з інш. паясоў. З вышэйшых жывёл трапляюцца залётныя птушкі.
В.С.Аношка.
т. 11, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́РА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ ПО́ЯС,
жалезарудны басейн у Канадзе. Цягнецца праз п-аў Лабрадор на 1300 км. Прымеркаваны да пратэразойскай вулканагенна-асадкавай тоўшчы Лабрадорскага прагіну. Радовішчы па паходжанні метамарфізаваныя (руды — магнетыт-гематытавыя кварцыты). Разведаныя запасы больш за 21 млрд. т руды, у якой жалеза 30—40%, багатай руды больш за 700 млн. т., у якой жалеза 51—66%. Эксплуатуецца з 1954. Цэнтры здабычы — гарады Шэфервіл, Уобуш, Маўнт-Райг, Ганьёнвіл.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
адзін з найбуйнейшых рухомых паясоў зямной кары, які раздзяляе Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, Кіт.-Карэйскую і Паўд.-Кітайскую платформы з аднаго боку і Афрыкана-Аравійскую і Індастанскую — з другога. М.г.п. цягнецца праз усю Еўразію ад Гібралтарскага праліва на З, уключаючы б.ч. Зах. і Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн. Афрыку, Паўд.-Зах. Азію і Інданезійскі архіпелаг, дзе М.г.п. сучляняецца з Ціхаакіянскім геасінклінальным поясам. Да М.г.п. адносяцца: герцынская (варысцыйская) складкавая вобласць Зах. і Цэнтр. Еўропы (гл. Герцынская складкавасць), Альпійская геасінклінальная вобласць і Інданезійская складкавая вобласць.
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)