комплекс горнатэхн. работ па аднаўленні прыроднага ландшафту, змененага ў выніку адкрытай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў; адзін з этапаў рэкультывацыі зямель. Задача горнатэхнічнай рэкультывацыі — падрыхтоўка парушаных зямель да правядзення мерапрыемстваў па аднаўленні ўрадлівасці, с.-г. і лесагаспадарчых работ, а таксама работ па асваенні вадаёмаў. Асн. аб’екты горнатэхнічнай рэкультывацыі: адвалы раскрыўных парод і выпрацаваныя плошчы кар’ераў. Горнатэхнічная рэкультывацыя ўключае: зняцце і складаванне ўрадлівага пласта глебы; распрацоўку і складанне парод раскрыўкі; наладжванне дрэнажнай сеткі для папярэджання забалочвання; буд-ва дарог на адвалах; планіроўку паверхні адвалаў; зніжэнне і сплошчанне, тэрасаванне і стабілізацыю адкосаў; меліярац. мерапрыемствы (вапнаванне, гіпсаванне); стварэнне рэчышча і берагоў вадаёмаў; накрыванне паверхні ўрадлівым слоем глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЕМІТО́НІКА (ад ан... + гемі... + грэч. tonos тон),
гукавая сістэма, заснаваная на беспаўтонавых гукавых суадносінах. Разнавіднасці ангемітонікі — 3-, 4-, 5-ступенная (пентатоніка) у аб’ёмах кварты, квінты, а таксама актавы, малой сексты, септымы. Тыповая інтанацыя — трыхорд у кварце (напр., рэ-фасоль). На ангемітоннай, у прыватнасці пентатоннай, сістэме засн. музыка многіх народаў (кітайцаў, манголаў, татараў, башкіраў, буратаў, шатландцаў і інш.). У слав. народаў ангемітоніка часта спалучаецца з дыятанічнымі сістэмамі, але сустракаецца і ў чыстым выглядзе, асабліва ў песенным фальклоры стараж.пласта.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. гр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й «БЯРЭ́СЦЕ».
Заснаваны ў 1972, адкрыты 2.3.1982 на тэр. Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ў спецыяльна пабудаваным будынку. 14 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 2400 м², больш за 40 тыс. экспанатаў (1995). Знаёміць з паліт., эканам. і культ. развіццём Бярэсця ў 11—14 ст. Аснову экспазіцыі складаюць больш за 30 драўляных жылых і гасп. пабудоў, рэшткі маставых, частаколы і інш. збудаванні, выяўленыя ў выніку археал. раскопак Берасцейскага гарадзішча, якія дзякуючы кансервавальным якасцям магутнага культ.пласта добра захаваліся на выш. да 12 вянкоў. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні, а таксама рэдкія знаходкі — самшытавы грэбень з выразанымі кірылічнымі літарамі, касцяныя мастыхін, пісала, шахматная фігурка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТАВАЙ І ГА́ЗАВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВАДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУТ («БелНДПІнафта»),
Засн. ў 1991 у Гомелі на базе Гомельскага комплекснага аддзела (створаны ў 1967 пасля адкрыцця на Беларусі прамысл. радовішчаў нафты, 1964) ін-та «УкрДЗІПРАНДІнафта». Уваходзіць у склад ВА «Беларусьнафта» Бел.дзярж. канцэрна па нафце і хіміі «Белнафтахім». Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: тэхніка і тэхналогія здабычы нафты; распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў; фізіка-хімія нафтавага пласта, новых метадаў павышэння нафтааддачы; ахова ад карозіі нафтапрамысл. абсталявання; пошук новых кірункаў геолага-разведачных работ, падлік запасаў нафты і газу; нафтавая гідрагеалогія і літагідрагеахімія; распрацоўка новых тэхналогій і тэхн. рашэнняў пры праектаванні буд-ва свідравін; інжынерна-геал. пошукі і падрыхтоўка да работы нафтавых радовішчаў; арг-цыя працы і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,
сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.
Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНІРО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
від земляных работ па выраўноўванні мезарэльефу (паверхняў з ваганнем адносных вышынь да 5 м пры дзесятках метраў працягласці) і мікрарэльефу (форм вышынёй да 1 м і дыяметрам да 30 м), па наданні паверхні зямлі патрэбнага нахілу. Уключаюць паверхневую планіроўку с.-г. зямель, планіроўку адхонаў гідратэхн. збудаванняў (ГТЗ) і горнапланіровачныя работы.
Планіроўка паверхні меліяраваных зямель скіравана на ўтварэнне выраўнаваных па рэльефе і аднародных па ўрадлівасці палёў. Уключае зараўноўванне траншэй, вадацёкаў, выемак, зрэзку бугроў, раздзелку пласта, планіроўку мікрарэльефу, пазней ліквідацыю прасадак, ям і інш. Работы выконваюць экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, хмызнякова-балотнымі плугамі, даўгабазавымі прычапнымі планіроўшчыкамі. Планіроўка адхонаў ГТЗ — адна з асн. аперацый пры буд-ве каналаў, плацін і дамбаў. Робіцца адхонапланіроўшчыкамі, экскаватарамі з каўшом-планіроўшчыкам, грэйдэрамі і бульдозерамі. Горна-планіровачныя работы ажыццяўляюцца пры аднаўленні парушаных зямель, разраўноўванні адвалаў і выемак (перамяшчэнні парод да дасягнення патрэбнага нахілу). Уваходзяць у пачатковы цыкл работ па рэкультывацыі зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,
карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн.мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс.км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд.т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,
прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл.Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,
сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб. пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатак (у шахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).
Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.
На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.
Б.А.Багатаў, П.Я.Антонаў.
Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).