ГЁТЫНГЕН (Göttingen),

горад у цэнтры Германіі, на р. Лайне, зямля Ніжняя Саксонія. 128,4 тыс. ж. (1994). Гар. правы атрымаў каля 1210. Развіццё Гётынгена ў 18 ст. звязана з заснаваннем ун-та (1737) і АН (1751). Прадпрыемствы металаапр., эл.-тэхн. прам-сці, дакладнай механікі (прылады, інструмент, навук. апаратура і інш.). Выд-вы, друкарні. Буйны навук. цэнтр. Навук. т-ва Макса Планка. Музеі. Гатычныя цэрквы і ратуша (14—16 ст.), фрагменты гар. умацаванняў.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЙЗЕНГОФЕР ((Deisenhofer) Іаган) (н. 30.9.1943, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі біяхімік і біяфізік. Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1971). З 1972 у Ін-це біяхіміі імя М.​Планка, з 1988 у Мед. ін-це Тэхаскага ун-та ў Даласе. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца рэакцыйным цэнтрам фотасінтэзу (1982, разам з Р.Губерам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ТЦЭН ((Crutzen) Паўль) (н. 3.12.1933, Амстэрдам),

вучоны ў галіне метэаралогіі і хіміі атмасферы. Чл. Каралеўскай АН Швецыі (1992), чл.-кар. Каралеўскай АН Нідэрландаў (1990) і Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Стакгольмскі ун-т (1963). З 1980 у Ін-це біяхіміі імя М.​Планка (г. Майнц, Германія). Навук. працы па даследаванні працэсаў утварэння і раскладання азону ў атмасферы, уплыву забруджання паветра на азонавы слой Зямлі. Нобелеўская прэмія 1995 (разам з М.Моліна, Ш.Роўландам).

Б.​В.​Корзун.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБІТА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,

момант імпульсу мікрачасціцы пры яе руху ў сілавым сферычна сіметрычным полі. Паводле квантавай механікі арбітальны момант квантаваны: яго модуль L і праекцыя Lz на адвольную вось маюць дыскрэтныя значэнні — L​2 = ħ​2l(l+1), Lz = mħ, дзе ħ = h/(2Π), h — Планка пастаянная, l = 0, 1, 2, ... — арбітальны квантавы лік, m = 1, l—1, ..., -l — магнітны квантавы лік. Класіфікацыя станаў мікрачасціц па значэнні l адыгрывае важную ролю ў тэорыі атама і атамнага ядра, у тэорыі сутыкненняў.

т. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУН ((Kuhn) Рыхард Іаган) (3.12.1900, Вена — 31.7.1967),

нямецкі хімік і біяхімік. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1922). З 1929 праф. Гайдэльбергскага ун-та і кіраўнік хім. аддз. Ін-та біяхіміі імя М.​Планка. Навук. працы па хіміі раслінных пігментаў (пераважна караціноідаў) і вітамінаў. Устанавіў структуру α- і β-ізамераў караціну (1933, незалежна ад П.​Карэра) і прапанаваў метад іх сінтэзу (1937). Вылучыў крышталі вітаміну B2 (рыбафлавін) з сыроваткі і бялку яец, вітамін B6 (пірыдаксін) з дражджэй і прапанаваў яго структурную ф-лу. Нобелеўская прэмія 1938.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЛЕЯ—ДЖЫ́НСА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

закон размеркавання энергіі ў спектры абсалютна чорнага цела ў залежнасці ад т-ры. Тэарэтычна выведзены Дж.У.Рэлеем (1900) на падставе класічных уяўленняў аб раўнамерным размеркаванні энергіі па ступенях свабоды і незалежна ад яго Дж.Х.Джынсам (1905—09) метадамі статыстычнай механікі. Паводле закону шчыльнасць энергіі выпрамянення uv = 8πv2 C3 , дзе v — частата выпрамянення, c — скорасць святла ў вакууме, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра. Гэты закон — гранічны выпадак Планка закону выпрамянення для малых частот (вял. даўжынь хваль).

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РХГОФА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

адзін з асноўных законаў цеплавога выпрамянення, які ўстанаўлівае залежнасць паміж вылучэннем і паглынаннем эл.-магн. выпрамянення целам пэўнай т-ры. Устаноўлены Г.Р.Кірхгофам у 1859. Паводле К.з.в. адносіны выпрамяняльнай здольнасці ε(λ,Τ) цела да яго паглынальнай здольнасці α(λ,Τ) не залежаць ад прыроды выпрамяняльнага цела і з’яўляюцца універсальнай функцыяй даўжыні хвалі λ (або частаты ν) і абс. т-ры Τ: ε(λ,Τ)/α(λ,Τ) = ε​0(λ,Τ). Функцыя ε​0 з’яўляецца выпрамяняльнай здольнасцю абсалютна чорнага цела, для якога α(λ,Τ) = 1 і ў яўным выглядзе вызначаецца Планка законам выпрамянення.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ТЦЫНГ ((Klitzing) Клаўс Олаф фон) (н. 28.6.1943, г. Сьрода, Польшча),

нямецкі фізік. Чл. Еўрапейскай Акадэміі (1989). Замежны чл. Рас. АН (1994), Нац. АН ЗША (1990). Скончыў тэхн. ун-т у г. Браўншвейг (1969). З 1969 ва ун-тах Вюрцбурга і Мюнхена, з 1985 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела імя М.​Планка (г. Штутгарт). Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў і нізкапамерных электронных сістэм. Адкрыў квантавы Хола эфект (1980), што зрабіла магчымым стварэнне новага эталона адзінкі эл. супраціўлення — ома. Нобелеўская прэмія 1985.

Тв.:

Рус. пер. — Квантованный эффект Холла // Успехи физ. наук. 1986. Т. 150, вып. 1.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНЕТО́Н,

адзінка вымярэння магнітнага моманту ў фізіцы атама, атамнага ядра і элементарных часціц. Магн. момант атамных сістэм у асн. абумоўлены арбітальным рухам электронаў і іх спінам і вымяраецца ў М.​Бора: μБ = eh_ / 2mec = 9,2741∙10−24 Дж/Тл, дзе h_ = h/2π , h — пастаянная Планка, e — элементарны эл. зарад, me — маса электрона, c — скорасць святла ў вакууме; спінавы магн. момант электрона таксама роўны М.​Бора. Магн. момант нуклонаў і атамных ядраў вымяраецца ў ядз. М.: μя = eh_ / 2mpc = 5,0508∙10−27 Дж/Тл, дзе mp — маса пратона.

т. 9, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

закон размеркавання энергіі ў спектры абсалютна чорнага цела. Тэарэтычна выведзены В.Вінам. Паводле Віна закона выпрамянення шчыльнасць энергіі выпрамянення Uν, адпаведная частаце ν, выражаецца формулай: Uν = ν3 𝑓( ν/T ) , дзе f — некат. функцыя адносін ν/T, T — абс. т-ра. З Віна закона выпрамянення вынікае т.зв. закон зрушэння Віна, паводле яго даўж. хвалі λmax, на якую прыпадае максімум энергіі ў спектры выпрамянення абс. чорнага цела, адваротна прапарцыянальная яго абс. т-ры: λmaxT=b, дзе b=2,897∙10−3 м. K — пастаянная Віна. Віна закона выпрамянення — гранічны выпадак Планка закону выпрамянення для вял. частот (малых даўжынь хваль).

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)