сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання. Упершыню выкарыстана ў 1920 у Говардскай жаночай сярэдняй школе ў Лондане (адсюль і назва). Паводле Говард-Плана расклад заняткаў і выбар навуч. курсаў прыстасаваны да «індывідуальных запытаў» вучняў пры захаванні абавязковага мінімуму навуч. прадметаў. З-за празмернай індывідуалізацыі навучання, арганізацыйнай складанасці і высокай платы вял. пашырэння не атрымала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРБАРО́СА ПЛАН»
(«Barbarossa Fall»),
умоўная назва плана ваен. кампаніі фаш. Германіі супраць СССР у 2-ю сусв. вайну. Аформлены некалькімі дакументамі. Назва ад імя герм. караля і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фрыдрыха І Барбаросы — кіраўніка крыжовых паходаў на Усход у 12 ст. Распрацоўваўся камандаваннем герм.узбр. сіл з 21.7.1940, зацверджаны Гітлерам 18.12.1940 (дырэктыва № 21). Зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» (ням. «бліцкрыг») — завяршыць вайну да зімы 1941. Прадугледжваў раптоўнае нанясенне некалькіх моцных удараў буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войскаў і авіяцыі з мэтай расчляніць, акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі на З ад рэк Дняпро і Зах. Дзвіна, захапіць гал. стратэгічныя аб’екты — Ленінград, Маскву, Цэнтр.прамысл. раён і Данецкі вугальны басейн, далейшы рух у глыб СССР і канчатковы выхад на лінію Архангельск—Астрахань. На У ад гэтай лініі меркавалася «паралізаваць з дапамогай авіяцыі» ўральскую прамысловасць. Вайну супраць СССР Гітлер разглядаў як «канфлікт двух светапоглядаў» і патрабаваў весці яе «на знішчэнне». У сувязі з Балканскай кампаніяй 1941 уварванне ў СССР перанесена з мая 1941 на 22.6.1941. Ход Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 сарваў поўную рэалізацыю «Барбароса плана».
Публ.:
План «Барбаросса» // Военно-ист. Журнал. 1991. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кааператыўны план Леніна 5/189—190, 253; 8/390; 9/474; 10/8, 168
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕРА ПЛАН,
сістэма індывідуалізаванага навучання ў ВНУ. Стваральнік — амер. псіхолаг і педагог Ф.С.Келер. Спачатку К.п. распрацоўваўся (1963—64) як сістэма выкладання псіхалогіі ў Бразільскім ун-це; у 1968 прапанаваны як агульнадыдактычная сістэма навучання ў ВНУ. Асн. рысы К.П.: арыентацыя на поўнае засваенне зместу навуч. матэрыялу; індывід. работа студэнтаў ва ўласным тэмпе; выкарыстанне лекцый (каля 6 за семестр) толькі з мэтай матывацыі і агульнай арыентацыі навучэнцаў; бягучая ацэнка засваення матэрыялу па раздзелах курса проктарамі (асістэнты выкладчыка) і інш. Паводле К.п. навучэнцы могуць свабодна выбіраць від навуч. дзейнасці і рэжым працы. Найбольшае пашырэнне атрымаў у вышэйшых навуч. ўстановах ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС-ПЛАН,
дакумент з абгрунтаваннем запланаванай камерцыйнай дзейнасці фірмы на пэўны перыяд. Распрацоўваецца супрацоўнікамі фірмы з дапамогай кансультантаў і, як правіла, з удзелам яе кіраўніка для абгрунтавання заявак на атрыманне крэдыту ў камерцыйных банках, распрацоўкі праектаў стварэння прыватных фірмаў, складання праспектаў эмісіі каштоўных папер (акцый і аблігацый), прыватных прадпрыемстваў і тых, якія прыватызуюцца. Мэта бізнес-плана: вывучэнне рынку збыту запланаванай прадукцыі (паслуг) з улікам іх колькасці і якасці, аналіз выдаткаў вытв-сці і ступень прыбытковасці запланаванага камерцыйнага мерапрыемства, аналіз магчымага развіцця падзей у запланаванай справе, у т. л. цяжкасцяў і шляхоў іх пераадолення, вылучэнне прыярытэтных паказчыкаў, па якіх можна ацаніць пачатак задуманага мерапрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬТАН-ПЛАН (Dalton-Plan),
сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы ў школе, засн. на прынцыпе індывідуальнага навучання. Узнікла ў пач. 20 ст. Аўтар Д.-п. — Е.Паркхерст. Упершыню выкарыстаны ў г. Долтан (штат Масачусетс, ЗША, адсюль назва). Пры арганізацыі работы паводле Д.-п. вучням давалася свабода ў выбары заняткаў і выкарыстанні свайго рабочага часу. Д.-п. дазваляў суаднесці тэмп навучання з магчымасцямі вучняў, прывучаў іх да самастойнасці, развіваў ініцыятыву, вымушаў шукаць рацыянальныя метады работы, выпрацоўваў пачуццё адказнасці за выкананне заданняў. У 1920-я г. ў сав. школе рабіліся спробы мадыфікацыі Д.-п. (форма брыгадна-лабараторнага метаду). Элементы Д.-п. захаваліся ў практыцы некаторых школ ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,
канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап.эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер.эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).