ВА́ХТА (ад ням. Wacht каравул, варта),

1) асноўны від дзяжурства на караблях і суднах, які забяспечвае іх плаванне, захоўвае бяспеку, а ў ВМФ і боегатоўнасць. Падзяляецца на агульнакарабельную, спецыяльную (у баявых часцях і службах), хадавую і якарную.

2) Прамежак часу, на працягу якога адна змена вахты на караблі нясе дзяжурства.

3) Склад чарговай (вахтавай) змены нарада.

4) Група людзей, якая выязджае працаваць на пэўны перыяд часу ў зададзены раён.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КОН-ЦІ́КІ»

(назва ад імя бога інкаў),

плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс. км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕЛА́НАЎ ПРАЛІ́Ў.

Паміж мацерыком Паўд. Амерыка і архіпелагам Вогненная Зямля. Злучае Ціхі і Атлантычны акіяны. Даўж. 575 км, найменшая шыр. 2,2 км, глыб. да 1170 м, найменшая глыб. на фарватэры 19,8 м. Паўн.зах. частка вузкая, глыбокая са стромкімі, скалістымі берагамі, з якіх спускаюцца ў ваду ледавікі, паўн.-ўсх. — шырокая, мелкаводная з нізкімі берагамі лагуннага тыпу. Плаванне небяспечнае з-за моцных зах. вятроў, падводных скал і меляў. Гал. порт — Пунта-Арэнас (Чылі). Праліў адкрыты Ф.Магеланам у 1520.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТ ЭЎКСІ́НСКІ (Pontos Euxenos літаральна гасціннае мора),

старажытнагрэчаская назва Чорнага м. Да 6 ст. да н.э. яго называлі Понтам Аксінскім (негасціннае мора). Пераназвана пасля пашырэння рэгулярных эканам. і культ. сувязей грэкаў з мясц. насельніцтвам прыпантыйскіх абласцей. Плаванне па моры лічылася цяжкім і небяспечным, да 4 ст. да н.э. плавалі недалёка ад берагоў. Шмат ант. пісьменнікаў і географаў складалі перыплы (падрабязнае апісанне ўзбярэжжа П.Э.). Феакрыт, Сенека, Лукіян называлі П.Э. Скіфскім морам. У 9 ст. н.э. яго называлі яшчэ Рускім морам.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

буйныя комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Азіі. Праводзяцца з 1951 раз у 4 гады (праз 2 гады пасля Алімпійскіх гульняў). Іх арганізацыю і правядзенне ажыццяўляе федэрацыя Азіяцкіх гульняў (засн. ў 1949), у якую ўваходзяць нац. алімп. к-ты азіяцкіх краін. У праграме Азіяцкіх гульняў абавязковыя віды спорту (лёгкая атлетыка, плаванне) і не менш як 8 інш. відаў, якія ўключаюцца Аргкамітэтам Азіяцкіх гульняў пры ўмове, што яны існуюць не меней, як у 6 краінах, 4 з якіх — удзельнікі чарговых гульняў.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРО́БІКА,

праграма фіз. аздараўлення на аснове фіз. практыкаванняў пераважна цыклічнага характару (хадзьба, бег, плаванне і інш.). Распрацавана ў 1960-я г. амер. урачом К.​Куперам. Выкананне гэтых практыкаванняў на працягу пэўнага часу спрыяе разгортванню і павелічэнню дыхальных (аэробных) магчымасцяў арганізма. Уздзеянне аэробікі на арганізм рэгулюецца працягласцю і інтэнсіўнасцю практыкаванняў. Існуюць спец. тэсты, табліцы нагрузак з улікам полу чалавека і яго ўзросту, падрыхтаванасці і гэтак далей Часам аэробіку атаясамліваюць з рытмічнай гімнастыкай.

Літ.:

Купер К. Аэробика для хорошего самочувствия: Пер. с англ. 2 изд. М., 1989.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНКУ́ВЕР ((Vancouver) Джордж) (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),

англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.​Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКІ́ЦКІ (Барыс Андрэевіч) (3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),

рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І.Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-й сав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміж Паўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙГУ́НСКІ ДАГАВО́Р 1858.

Падпісаны паміж Расіяй і Кітаем 28.5.1858 у г. Айгунь (цяпер г. Хэйхэ, Кітай) у выніку мірных перагавораў. Устанаўліваў мяжу па р. Амур. Да Расіі пераходзіў левы бераг Амура ад р. Аргунь да вусця; правы бераг Амура да р. Усуры заставаўся за Кітаем. Тэр. паміж р. Усуры і Японскім м. абвяшчалася агульным уладаннем Расіі і Кітая. У выніку Расіі вернута тэрыторыя, якая паводле Нерчынскага дагавора 1689 адыходзіла да Цынскай імперыі. Плаванне па рэках Амур, Сунгары і Усуры дазвалялася толькі рас. і кіт. суднам. Канчаткова мяжа паміж Расіяй і Кітаем зацверджана Пекінскім дагаворам 1860.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)