ІБН РУ́СТА, Iбн Даста Абу Алі Ахмед ібн Амар, арабамоўны вучоны-энцыклапедыст 2-й пал. 9 — пач. 10 ст. Паводле паходжання перс. Аўтар «Кнігі каштоўных караляў». Да нас дайшоў толькі 7-ы т., у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра народы Блізкага і Сярэдняга Усходу і Усх. Еўропы.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЯ́ВІЯ, Куябія, Куяба,
адзін з трох цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Згадваецца араб., перс. і сярэднеазіяцкімі географамі 9—10 ст. разам з Артаніяй і Славіяй. Большасць даследчыкаў лічаць К. паліт. аб’яднанне ўсх. славян на тэр. Сярэдняга Прыдняпроўя з цэнтрам у г. Кіеў, а таксама Стараж. Кіеў.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗА́-ШАХ ПЕХЛЕВІ́ (16 31878, Алашт, Іран — 26.7.1944),
шах Ірана [1925—41], заснавальнік дынастыі Пехлеві. Служыў афіцэрам у перс. Казацкай брыгадзе. 21.2.1921 на чале групы перс. казакоў здзейсніў дзярж. пераварот. У 1921—23 ваен. міністр, у 1923—25 прэм’ер-міністр Ірана. Дамогся адхілення ад улады апошняга правіцеля з Каджарскай дынастыі — Ахмад-шаха (кастр. 1925) і 12.12.1925 абвясціў сябе шахам Ірана. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. судовую, ваен., адукацыі, адмяніў прывілеі іншаземцам, прыняў меры па эмансіпацыі жанчын. У эканам. галіне падтрымліваў развіццё нац. прам-сці, пры ім пабудавана Трансіранская чыгунка. Адначасова ўсталяваў рэжым уласнай дыктатуры, жорстка душыў апазіцыю. У пач. 1940-х г. праводзіў курс на супрацоўніцтва з Германіяй, што прывяло да ўступлення ў Іран у жн. 1941 сав. і брыт. войск. Быў вымушаны адмовіцца ад прастола на карысць свайго сына Мухамеда Рэза Пехлеві. Высланы англічанамі ў Паўд. Афрыку.
т. 13, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́Н (перс.),
1) група ўючных жывёл, якія перавозяць грузы ў пустыні, стэпе; доўгая чарада аднародных істот ці прадметаў, якія рухаюцца ў адным напрамку.
2) Група трансп. суднаў, якія ідуць (ці стаяць) адно за адным або выконваюць агульную задачу; група несамаходных суднаў (напр., баржаў) або плытоў, якія ідуць адно за адным на буксіры.
т. 8, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́ЛА (перс.),
пасудзіна для піцця ў выглядае невял. расшыранага ўверх кубка паўсферычнай ці ўсечана-канічнай формы на нізкім паддоне, без ручак. Пашырана ў Сярэдняй Азіі і на сумежных тэрыторыях. Вядома з 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. Раннія П. вырабляліся з гліны. Сучасныя П. вырабляюць пераважна фабрычным спосабам з фаянсу ці фарфору.
т. 12, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава ў Цэнтр. Азіі са сталіцай у г. Бухара ў 9—10 ст. Узнікла ў выніку распаду Арабскага халіфата (9 ст.), калі ўладу ў Маверанахры і Харасане захапілі намеснікі з роду Саманідаў. Канчаткова склалася пры Ісмаіле Самані [874—907], які ў 892 абвясціў сябе незалежным эмірам. У перыяд росквіту ўключала Маверанахр, Харасан, Паўн. і Усх. Іран; у васальнай залежнасці ад С.дз. былі Гарган, Сістан, Чаганіян, Табарыстан (Мазендэран) і інш. Саманіды імкнуліся стварыць цэнтралізаваную дзяржаву з суцэльнай сістэмай адм. улады і моцным войскам. У гэты час назіраўся ўздым Бухары, Самарканда, Нішапура, Мерва, Ургенча, Герата як буйных цэнтраў рамяства і гандлю. Саманіды падтрымлівалі навукі і мастацтва, пры іх двары працавалі паэты, пісьменнікі, вучоныя, што спрыяла станаўленню новай мусульм.-перс. л-ры і фарміраванню сучаснай перс. мовы (фарсі). З сярэдзіны 10 ст. пачаўся заняпад С.дз., якая спыніла сваё існаванне пасля захопу ў 999 Бухары цюркамі. С.дз. адыграла важную ролю ў этнагенезе таджыкаў.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАДЗІ́ (Мала Велі) (1709, г. Шамхор, Азербайджан — 1809),
азербайджанскі паэт. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай паэзіі. Служыў у груз. правіцеля Іраклія II. Паслядоўнік Фізулі. Ведаў араб. і перс. мовы. Валодаў усімі формамі класічнай паэзіі, зацвердзіў у нац. л-ры найб. блізкую да фальклору ашугскую форму вершаскладання — гошма. У сваіх творах выказваў незадаволенасць феад. парадкамі, асуджаў міжусобныя войны.
т. 4, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМІНДА́РЫ (ад перс. — землеўладальнік),
зямельна-падатковая сістэма ў Паўн., Усх. і Цэнтр. Індыі ў часы англ. калан. панавання. Уведзеная англ. каланіяльнымі ўладамі на мяжы 18 і 19 ст. Зацвярджала ў правах спадчынных землеўладальнікаў феадалаў — заміндараў і ўстанаўлівала зямельны падатак з іх (пастаянны і часовы) на карысць вярхоўнага ўласніка зямлі — калан. улад. Сістэма З. адменена ў 1950-я г.
т. 6, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН ХАРДА́ДБЕХ, Ібн Хурдазбіх Абу-ль-Касім Убайдалах ібн Абдалах
[каля 820 (па інш. звестках, 826) — каля 912/913 (па інш. звестках, 885)],
арабскі географ. Паводле паходжання перс. Яго «Кніга шляхоў і дзяржаў» — важная крыніца па гісторыі Халіфата і сумежных краін, мае ўпамінанні славян і русаў; першы твор апісальнага характару на араб. мове, які дайшоў да нашых дзён.
т. 7, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎМА́ТА, Ілжэбардыя (? — 29.9.522 да н.э.),
мідыйскі маг (жрэц). У 522 да н.э. выступіў супраць перс. Цара Камбіса, сына Кіра II. Выдаў сябе за тайна забітага Бардыю (Смердыса) — брата Камбіса і замацаваўся на троне. Завалодаў б.ч. Ахеменідаў дзяржавы. Імкнуўся перацягнуць на свой бок заваяваныя персамі краіны, вызваліў іх на 3 гады ад падаткаў. Забіты змоўшчыкамі на чале з Дарыем (гл. Дарый I).
т. 5, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)