КЕДЗЯ́РАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 24.12.1947, в. Янглічы Канашскага р-на, Чувашыя),

бел. спартсмен (стралк. спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1971). Засл. майстар спорту СССР (1973). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). З 1972 інструктар Спартклуба БВА. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у асабістым першынстве. Перамогі на чэмпіянатах свету: 1973 (г. Мельбурн, Аўстралія) — 2 залатыя медалі ў камандным, залаты і сярэбраны — у асабістым першынствах; 1974 (г. Тун, Швейцарыя) — 2 залатыя медалі ў камандным, сярэбраны ў асабістым першынствах, 2 залатыя медалі ў камандным першынстве 1975 (г. Мюнхен, Германія), 1979 (г. Лінц, Аўстрыя). Перамогі на чэмпіянатах Еўропы: 1973 (г. Доргмунд, Германія) — залаты медаль у камандным першынстве; 1977 (Бухарэст) — залаты медаль у камандным і сярэбраны ў асабістым першынствах; 1978 (г. Зуль, Германія) — залаты медаль у камандным і бронз. ў асабістым першынствах; 1979 (г. Грац, Аўстрыя) — сярэбраны медаль у асабістым першынстве; 1980 (Осла) — залатыя медалі ў камандным і асабістым першынствах. Чэмпіён СССР у асабістым (1972—74) і камандным (1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «Бягучы дзік».

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ВУ́ЗЕЛ,

месца перасячэння двух або некалькіх горных хрыбтоў. Звычайна высокі і цяжкадаступны, часта з’яўляецца цэнтрам зледзянення (напр., горны вузел у Цэнтр. Цянь-Шані з вяршынямі пік Перамогі і Хан-Тэнгры).

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСК — ГО́РАД-ГЕРО́Й»,

архітэктурна-скульптурны комплекс у Мінску. Адкрыты 8.5.1985 на Машэрава праспекце на невял. пагорку побач з паркам Перамогі. Аўтары: скульпт.-арх. В.​Занковіч, арх. В.​Крамарэнка, В.​Яўсееў, У.​Раманенка. Кампазіцыйны акцэнт — абеліск (выш. 45 м), на грані якога ў верхняй ч. выявы зоркі і лаўровай галінкі; у ніжняй ч. на выступе-блоку дошка з інфарм. тэкстам аб прысваенні Мінску ганаровага звання «Горад-герой». Справа ад абеліска, на невысокім пастаменце, фігура жанчыны (5,5 м) — абагульнены вобраз маці-Радзімы, сімвал Перамогі і славы. Комплекс размешчаны на абліцаванай светла-шэрымі плітамі агляднай пляцоўцы, ад якой зроблены 3 лесвічныя бетонныя сходы.

Г.​М.​Ярмоленка.

т. 10, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІ́ШЦІ I (1-я пал. 8 ст. да н.э.),

цар Урарту. У час яго праўлення Урарту ператварылася ў магутную дзяржаву Б. Усходу. Пакінуў некалькі дзесяткаў клінапісных надпісаў пра перамогі над Асірыяй і будаўніцтва гарадоў Аргішціхінілі і інш.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МНІК ВЫЗВАЛІ́ЦЕЛЯМ у Віцебску,

мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны ў Вял. Айч. вайну. Пастаўлены ў 1974 (арх. Ю Шпіт, скульпт. Б.​Маркаў, Я.​Печкін) на Перамогі плошчы. Плошча мемарыяла знаходзіцца ніжэй за ўзровень пл. Перамогі (да яе вядуць 14 прыступак) і мае форму выцягнутага прамавугольніка. Да гал. манумента пракладзена дарога паміж 2 доўгімі басейнамі, з бакоў якіх пастаўлена па 5 прамавугольных пілонаў, на кожным з іх лічбы, што абазначаюць адзін з гадоў Вял. Айч. вайны. Па цэнтр. восі мемарыяла на высокім абрыве над р. Зах. Дзвіна ўзвышаецца гал. манумент. Ён складаецца з 3 трапецападобных пілонаў-абеліскаў (выш. 56 м), рэзка звужаных уверсе і аб’яднаных на вышыні 5 м 3-гранным звонку і круглым знутры маналітным скульпт. рэльефам, на гранях якога размешчаны сюжэтныя кампазіцыі «Воіны», «Партызаны», «Падпольшчыкі». У сярэдзіне манумента ўтвораны сімвалічны пантэон за кошт пілонаў-абеліскаў, злучаных кальцом-фрызам з надпісам «Слава героям», завершаным паўсферай з адтулінай уверсе; унізе, на невысокім стылабаце выкладзена 5-канцовая зорка з чырвонага граніту, у сярэдзіне якой — Вечны агонь. Плошча мемарыяла пакрыта чырвоным бетонам, акаймавана газонамі і абмежавана падпорнымі сценкамі з паліраванага чырвонага граніту. Іл. гл. да арт. Перамогі плошча ў Віцебску.

М.​М.​Яніцкая.

т. 12, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНА́Я,

малая планета № 3482. Сярэдні дыяметр 14 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца прыблізна 416,1 млн. км, перыяд абарачэння 4,638 г. Адкрыта ў 1975 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар перамогі рускіх воінаў у бітве пад Лясной 1708.

А.​М.​Коратцаў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ МУСЛІ́М (каля 727—755),

кіраўнік паўстання 747—750 у Харасане супраць Амеядаў, якое прывяло да ўлады Абасідаў. У юнацтве быў рабом. Пасля рашаючай перамогі над амеядскім войскам у 750 на р. Вялікі Заб — намеснік Харасана. Забіты па загадзе абасідскага халіфа Мансура.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАТРА́ГНА,

у старажытнаіранскай міфалогіі бог вайны і перамогі. Звязаны з богам сонца Мітрам, можа пераўвасабляцца ў вецер, быка, каня, вярблюда, барана, казла ці ў прыгожага воіна. Вератрагна падараваў прароку Заратуштру мужчынскую сілу, дужасць рук і цела, вастрыню зроку. У «Малодшай Авесце» Вератрагна ўключаны ў лік божастваў язатаў.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н II (Камнін) (lōannēs; 13.9.1087, Канстанцінопаль — 1143),

імператар Візант. імперыі [1118—43]. З дынастыі Камнінаў. Сын Аляксея I Камніна і прадаўжальнік яго палітыкі. Атрымаў перамогі над печанегамі (1122), сербамі (каля 1124), венграмі (1129), сельджукамі (1135), разграміў Кілікійскую Арменію (каля 1136), заваяваў Антыёхію (1137). Яго ўрад правёў рэформу кіравання флотам.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАЛА́Х ІБН АЛЬ-САІ́Д МУХА́МЕД (Халіфа) (1846 — ліст. 1899),

правіцель незалежнай суданскай дзяржавы [1885—вер. 1898] пасля смерці Махдзі. Ліквідаваў сепаратызм правадыроў плямёнаў, умацаваў дзяржаву махдзістаў, стварыў моцную армію. Узначаліў супраціўленне суданцаў англ. каланізатарам у 1896—98. Пасля перамогі англічан пры Амдурмане (вер. 1898) кіраўнік партыз. барацьбы. Забіты ў баі.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)