Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГУ́ТНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць пераўтварэння або перадачы электраэнергіі. У эл. ланцугах пастаяннага току магутнасць роўная здабытку напружання і току: у ланцугах пераменнага току адрозніваюць імгненную, актыўную, рэактыўную і поўную магутнасць.
Імгненная М.э. (у дадзены момант часу) зменьваецца на працягу кожнага паўперыяду эл. ваганняў і роўная здабытку імгненных значэнняў напружання і току. Сярэдняе за паўперыяд значэнне імгненнай магутнасці наз.актыўнай магутнасцю, а велічыня, што характарызуе скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад — рэактыўнай магутнасцю. Поўная М.э. роўная здабытку дзейных значэнняў перыядычнага эл. току ў ланцугу і напружання на яго клямарах. Поўная S, актыўная P і рэактыўная Q магутнасці звязаны суадносінамі: S2 = P2+Q2. Для 3-фазных ланцугоў магутнасці S, P і Q вызначаюцца як сума магутнасцей асобных фаз. Адзінкі М.э.: актыўнай — ват, рэактыўнай вар (вольт-ампер рэактыўны), поўнай — вольт-ампер.
М.А.Караткевіч.
Магутнасць электрычнаяпераменнага току: P — актыўная; Q — рэактыўная; S — поўная; φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.
Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылемэл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁМІСТАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,
электрычная прылада для вымярэння электраёмістасці. Найб. пашыраны Ё.в. маставыя (гл.Мост вымяральны) і лагаметрычныя (гл.Фарадметр). Ёмістасць вызначаюць таксама балістычным метадам вымярэнняў і з дапамогай некалькіх вымяральных прылад непрамым спосабам (метадамі трох вальтметраў, вальтметра — амперметра і інш.).
Схема ёмістасці вымяральніка паводле прынцыпу непасрэдных вымярэнняў: U0 — крыніца пераменнага напружання частатой f0; C0 — узорная ёмістасць; Cx — ёмістасць, якая вымяраецца; R, KH — рэзістар і кнопка ўстаноўкі нуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВА́Я ПРЫЛА́ДА, нуль-індыкатар,
адчувальная вымяральная прылада, якая фіксуе адсутнасць эл. току або напружання ў вымяральным ланцугу. Выкарыстоўваецца пры нулявых метадах вымярэнняў (кампенсацыйных, маставых і інш.).
У ланцугах пастаяннага току як Н.п. выкарыстоўваюць магнітаэл. гальванометры, у ланцугах пераменнага току — вібрацыйныя гальванометры і электронныя нуль-індыкатары (спалучаюць электронны ўзмацняльнік з магнітаэл. вымяральнікам, электронна-прамянёвай прыладай і інш). Як Н.п. часам выкарыстоўваюць тэлефон, электра-, ферадынамічныя і інш. вымяральныя прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,
электрычная падстанцыя для пераўтварэння эл. току пераважна па частаце і колькасці фаз (напр., пераменнага току ў пастаянны). Аснашчаюцца гал. чынам вентыльнымі выпрамнікамі току. Забяспечваюць пастаянным токам электрыфікаваны транспарт, электрахім. ўстаноўкі і інш. На ЛЭП пастаяннага току служаць для пераўтварэння трохфазнага току прамысл. частаты ў пастаянны ў пачатку лініі (выпрамляльныя П.п.) і адваротнага пераўтварэння току ў канцы лініі (інвертарныя П.п., на якіх выкарыстоўваюцца рознага тыпу інвертары).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,
закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл.Пойнтынга вектар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕДА́НС (англ. impedance ад лац. impedio перашкаджаю),
1) у акустыцы — комплекснае супраціўленне, якое ўводзіцца пры разглядзе ваганняў акустычных сістэм. Роўнае адносінам комплексных амплітуд гукавога ціску да аб’ёмнай вагальнай скорасці. Вымяраецца ў т.зв. «акустычных омах» (Па∙с/м³). Паняццем І. карыстаюцца пры вывучэнні распаўсюджання гуку ў трубах пераменнага дыяметра, рупарах і інш., пры даследаванні акустычных уласцівасцей выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку.
2) У электратэхніцы — устарэлая назва поўнага супраціўлення эл. ланцуга. Гл.Электрычнае супраціўленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕ́ТА (франц. magéto ад грэч. magnetis магніт),
магнітаэлектрычны генератар пераменнага току. Стварае эл. разрады паміж электродамі свечак запальвання, ад якіх узгараецца рабочая сумесь у цыліндрах рухавіка ўнутр. згарання. Выкарыстоўваліся ў авіяц., трактарных, аўтамаб., матацыклетных і інш. рухавіках. З 1960-х г. заменены батарэйнымі і інш. сістэмамі запальвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕРМЕ́ТР,
прылада для вымярэння сілы току. Уключаецца ў эл. ланцуг паслядоўна, для павелічэння межаў вымярэнняў — з шунтом (пры пастаянным току) або праз трансфарматар (пры пераменным току). Характарызуецца значэннем намінальнага току, класам дакладнасці, колькасцю фазаў (для пераменнага току) і сістэмай прыстасаванняў. Паводле прынцыпу дзеяння бываюць магнітаэл., электрадынамічныя, электрамагн., цеплавыя і інш.
Схемы ўключэння амперметра (А) у электрычны ланцуг а — з шунтам; б — праз трансфарматар току; 1 — шунт; 2 і 4 — нагрузка; 3 — трансфарматар току.